top of page

I


Глеба разбудзіў равун буксіра. «Чаму разроўся, як на пажар? У такую рань».

Працягнуў руку да гадзінніка, ледзьве разгледзеў на электронным лічбы. Выходзіць, не так ужо рана — восьмая гадзіна, а здавалася, толькі развіднела, праз лёгкія шторы святло ледзьве цадзілася.

«Ну чаго ты разроўся? Няма на цябе інспекцыі», — лаяў ён каштана. Ірына спала, салодка, па дзіцячы сапучы носікам. З рассыпанымі на падушцы валасамі ў паўзмроку пакоя яна здавалася асабліва прыголсай. Ён прыпадняўся на локці i любаваўся жонкай, адчуваў сябе найшчаслівейшым чалавекам. Нахіліўся над ёй, жадаючы засланіць ад гэтага брыдкага гуку, які можа разбудзіць i яе, хоць, кал i шчыра, хацелася, каб яна прачнулася i абвіла яго шыю гарачымі рукамі. Аднак усё роўна пасылаў ледзьве не праклёны капітану буксіра. Галоўнае, не чуваць, каб баржы з крыварожскай рудой ці сілезскім вугалем аддаляліся, яўна стаяць на месцы крыху ніжэй па рацэ, дзесьці каля касы.

Сваю першую шлюбную ноч яны правялі ў рамантычным месцы, там, дзе i пазнаёміліся некалі,— на калгаснай пасецы над Прыпяццю. Але прыдумалі гэта не самі яны — Ліза. Бачылі, што Глебавай маці не вельмі падабалася, што маладыя намераны пасярод ночы ехаць за трыццаць вёрст. Але калі ніхто з ix не піў i абое водзяць машыну, то які страх! За сталом яны думалі, як бы хутчэй вырвацца з вяселля, хутчэй застацца адным. Памог Барыс. Нядобра ён абышоўся. з Сяргеем, з якім у яго, Глеба, былі добрыя адносіны. Братаў учынак сапсаваў яму настрой гэтак жа, як маці i бацьку, асабліва пасля таго, калі госці, як бы спалоханыя, пачалі неўзабаве разыходзіцца, нека торыя i за сталы больш не селі. Не адбылося спектакля з дзялёжкай каравая, што, можа, якраз i добра.

Пяць гадоў назад, калі яны знаёміліся, на пасецы стаяла звычайная хаціна, якая на зіму станавілася імшанікам. А пасля хітры Пустаход збудаваў добрую гасцёўню з залай, спальнямі, лазняй. Сам тут не адпачываў — толькі дзеля гасцей. A госці — раённае начальства, ды i абласное — любілі гэтую пасеку ў надпрыпяцкім лесе, побач з меданоснымі лугамі. Не пуставала яна ні ў вясновыя, ні ў летнія, ні ў асеннія i зімовыя выхадныя. Кожная пара года мае сваё хараство i свой занятак — лоўля рыбы, паляванне, проста сузіранне прыроды: i ў любое надвор’е, у цёплае i халоднае, у дождж i ў завею, кожнага чалавека парадуе бяседны стол, сустрэча з аднадумцамі.

Праўда, пасля антыалкагольнай пастановы Сінякоў, які i сам да таго заглядваў у гэты дом, разнёс на пленуме Пустаходаву гасцёўню — перабудаваўся на хаду. Ды Іван Іванавіч слухаў i пасміхаўся, трохі нават радаваўся: менш клопатаў, расходаў, прынамсі, гэты суровы крытык больш не пачастуецца. Але ў стайню дом, як гэта зрабілі іншыя, Пустаход не ператварыў, пакінуў такім жа, з той жа мэбляй, толькі дарогу на пасеку перакапаў, зрабіў тайны лясны аб’езд, i госці там з’яўляліся цяпер не самі па сабе, а па яго запрашэнні, самыя патрэбныя — калгасу патрэбныя! — верныя i надзейныя. Начальству далажыў, што абсталюе дом пад калгасны прафілакторый, перавёўшы пасеку ў іншае месца. Пустаход быў з тых кіраўнікоў, які згаджаўся з усімі рашэннямі вышэйшых інстанцый, на словах падтрымліваў ix, a рабіў усё па-свойму, таму, пэўна, i калгаснікі был i задаволеныя сваім старшынёй.

Глеб доўга любаваўся жонкай, жадаючы, каб яна прачнулася, i баючыся разбудзіць. Асцярожна адсунуўся, пагразіў скрыпучаму ложку: «Цішэй ты!» — i падняўся. Надзеў піжаму i выйшаў на двор. Вельмі здзівіўся. У гадзіну, калі яны дабраліся сюды, стаяла сухая, не па-вясноваму цёплая зорная ноч. А цяпер усё ахутаў ненатуральна белы туман, такі густы, што, здавалася, працягні руку — i не ўбачыш уласных пальцаў. Сапраўды, старога дуба, што стаяў за нейкія тры метры ад ганка, зусім не было відаць — як растварыўся волат, не кажучы ўжо пра дальнія дрэвы, пра хату пасечніка, пра вуллі — усё з’еў туман. Такога Глеб не бачыў за ўсё сваё жыццё, хоць неаднойчы сустракаў світанні на балотах. Боязна стала спусціцца з ганка, бо наплыло ўяўленне: сіганеш у гэтае малако i — згінеш у ім, ператворышся ў тую пылінку, што лятае ў бездані космасу. Так падумаў, з гумарам, безумоўна. Але жарт жартам, a ў душы расло нейкае неасэнсаванае, незнаёмае адчуванне трывогі. Пачало дзерці ў горле. Ела вочы. Не, не звычайны гэта туман. Штосьці незвычайнае творыцца ў прыродзе. Што, аднак?

Зноў зароў буксір. Цяпер зразумела: дае папераджальны сігнал іншым суднам. А можа, людзі трапілі ў бяду? Можа, пажар на баржы з хімічнымі рэчывамі, ад таго i туман такі едкі?

Пайсці на равун? Ступіў з ганка, прайшоў колькі крокаў, азірнуўся — не ўбачыў дома. Пакінуць спячую Ірыну i адчыненыя дзверы? Не! Туман як туман! I равун звычайны, чуў яго неаднойчы. Ды i сціх ён. У такім тумане нікога не знойдзеш, нічога не ўбачыш.

Вярнуўся ў дом.

У зале на стале стаялі ярка-пунсовыя гваздзюкі, аранжавыя апельсіны, чырвонае віно, залацісты напітак. Такі тонкі нацюрморт магла «напісаць» толькі Тамара, наўрад ці Ліза, даярка паставіла б штосьці больш грунтоўнае, сялянскае. Стаіць, напэўна, i грунтоўнае — у халадзільніку. Адчыніў яго, пераканаўся, што палічкі халадзільніка запоўнены талеркамі з гатовымі закускамі. Вось гэта яўна Лізін клопат — сняданак, якога хапіла б на дзесятак добрых едакоў.

I Глеб адчуў, што яму хочацца есці. Узяў талерку з сялянскай каўбасой, адкаркаваў віно. Сёння можна i выпіць. Але не знайшоў хлеба ні на стале пад сурвэткай, ні ў серванце. Пайшоў на кухню. Ды хлеба i там не было. Гэта развесяліла. Во павойкаюць Марыя Пятроўна i Ліза. У сё прадугледзелі, усё зрабілі для маладых, шлюбнае ложа наладзілі. А пра хлеб забыліся. «Хлеб наш насущный, даждь нам днесь».

Увогуле вяселле ім запомніцца. Будзе што ўспамінаць праз усё жыццё. Нават учынкі брата — адзін, другі, трэці паўсталі ў іншым святле. Учора ён перажываў разам з маці, што Барыс сапсаваў абедню. Супакоіла па дарозе сюды, на пасеку, Ірына: «Не стагні, Глеб. Нічога ён не натварыў. Наадварот, зрабіў Барыс. Без двайной філасофіі. Я палюбіла яго. Уяўляю, як цяжка ў арміі такому чалавеку, які не можа крывіць душой, што думае — тое гаворыць».

Глеб наліў віна ў бакал, уголас абвясціў тост:

— За тваё шчасце, Глеб. За тваё шчасце, Ірына.

— Ты што робіш тут?

Ён ажно ўздрыгануў — як захапілі за нечым непрыстойным.

У дзвярах стаяла Ірына ў незашпіленым халаце.

— Снедаю.

— Божа! Які эгаіст мой муж. Жонка памірае з голаду, а ён употай аплятае каўбасы. Не, праўда, чартоўскі хочацца есці, ажно смокча пад лыжачкай.

Яна падышла да стала, спахапіўшыся, захінула халат з прыемнай для Глеба цнатлівасцю. Села каля стала.

— Сёння i я дазволю сабе выпіць віна. Адзіны раз, апошні. Налівай, мой уладар. Перад тым як прачнуцца, я сніла банальны сон. Гудзеў гудок, як у фільмах пра рабочы клас. Разумею, што ён будзіць мяне, што мне трэба на нейкую вельмі ж адказную работу, а прачнуцца ніяк не магу. A ўключыўся халадзільнік — i я прачнулася i пачула, як булькае віно. Ты ловіш розніцу — як булькае вада i як булькае віно?..

— Моцна ж ты спала. На Прыпяці раве буксір. Можа, паўгадзіны ўжо. На дварэ дзіўны туман. Такога туману я ніколі не бачыў. Ажно горла дзярэ. З ганка дуба не відаць.

— Над ракой часта бываюць туманы. Палескія туманы асаблівыя. Ты дрэнна ведаеш Палессе.

— Ты дрэнна ведаеш свайго мужа. Я вырас на Палессі.

Ірына засмяялася.

— Вырас, але не дарос. Ты «захварэў» Украінай, Кіевам.

— А што ты думаеш? Мяне цягне ў Кіеў. Заўтра ж паедзем туды ў наша вясельнае падарожжа.

— А мяне цягне ў Мінск.

— Добра, паедзем у Мінск, адтуль паляцім у Кіеў. На «Ракеце» вернемся дадому.

— Ты знаеш, са школьных гадоў у мяне такое адчуванне, што менавіта наша вёска — у цэнтры зямлі… Як табе гэта падабаецца? Твая жонка з цэнтра зямлі. А дзе твой хлеб, гаспадар?

— Хлеба няма.

— Як хлеба няма? У Пустахода няма хлеба? Ды ты што! Думаеш, што кажаш?

Пайшла сама на кухню шукаць. Не знайшла. Вярнулася іранічная, але трохі як бы збянтэжаная ці як бы пакрыўджаная на тых, хто рыхтаваў гасцёўню, ix шлюбную ноч.

— Хаця б сухар дзе застаўся ад чыноўных п’янюг. Вычысціла Ліза ўсё старое. А хлеб, відаць, паручыла Віктару. Маўчы, не кажы, а то яна плеш яму выстрыжа. На людзях. У Лізы гэта гульня. На людзях, пры нас, сёстрах, яна пілуе мужа ўздоўж i ўпоперак. А на самай справе найдабрэйшая жонка. О, няхай хто іншы скажа што благое пра яе Віцьку. Ого! Любіць мяне, бо я да яго заўсёды з павагай. Сварыцца з Тамарай. Томка дражніцца з ім. Ліза на яе коршунам налятае. «Саплячка! Развяла панібрацтва. Ён па ўзросту — бацька твой. Вунь Ванька цябе даганяе, дурніцу!» А знаеш, Барыс шугануў гэтага… Плечку за плот за Тамару. Сястра мая — цаца, яна з усімі дразніцца. Як трэба было паступіць сур’ёзнай дзяўчыне? Убачыла, што да цябе заляцаецца сур’ёзны чалавек, — аддай увагу яму, не круці хвастом, як лісіца. Праўда? Ты хацеў бы, каб яны пажаніліся? Барыс i Тамара.

— А гэта можна? Па царкоўных законах?

Ірына адкінулася на спінку i звонка засмяялася.

— Жаніцца з сёстрамі? Насмяшыў. Глебчык! Ты ў лаўры не служыў?

Ірына выпіла віна i стала нязвыкла гаманкой, вясёлай. А можа, не ад віна. Хутчэй — ад шчасця. Што яна — законная жонка i яны ў першы дзень сумеснага жыцця вось так незвычайна снедаюць. У бацькавай гасцёўні. Без хлеба.

Елi многа, смачна, пакаштавалі ўсяго, што хаваў у сабе халадзільнік. I апельсіны пайшлі. Глеб гэтак па-майстэрску абдзіраў, што атрымліваліся розныя фігуры. Адна з такіх фігур насмяшыла медычку.

— Можна падумаць, што ты ў Іспаніі нарадзіўся. Гішпанскі гранд, — i зноў смяялася, забывалася на халат, расхінаўся ён, агаляліся грудзі, Глеб любаваўся яе пякнотамі. Ірына цнатліва прыкрывалася.

А потым, апраўдваючыся туманам, яны зноў ляглі i праз пэўны час заснулі, п’яныя ад радасці.

Другі раз ix разбудзіў тэлефонны званок. Званіла Ліза.

— Вы што гэта, вырашылі рэкорд паставіць? Госці з’язджаюцца.

Туман рассеяўся, але сонца ўсё яшчэ не прабівалася да зямлі. Сонца яны ўбачылі, калі выехалі з лесу ў поле. У небе над густой азімінай звінелі жаўранкі.

У Лізіным гародзе, дзе паміж маладымі яблынямі i вішнямі стаялі сталы, гуляла ўжо нямала гасцей. Першымі прыехалі з горада Вольга Андрэеўна, Уладзімір Паўлавіч, яго намеснікі — сваты, Глебавы таварышы са станцыі, якія начавалі ў гасцініцы. Барыса ўбачылі пазней, ён памагаў гаспадыням насіць з кухні стравы. Хацеў быць бліжэй да Тамары. Маці ажно прыраўнавала трохі, сказала мужу:

— Глядзі, які хатні наш сын. A некалі талерку ленаваўся памыць.

— Армія навучыла, — з ухваленнем заўважыў Пыльчанка-старэйшы, аднак успомніў пра свой учарашні гнеў, які зрабіў для яго ноч амаль бяссоннай: — Розуму не навучыла. Спаднічнік! Гатовы шлейф за ёй насіць — за Тамарай, — чамусьці раздражнёнасць яго перакінулася i на дзяўчыну. — Гонару бракуе баявому афіцэру.

— Не заводзься, калі ласка.

— Я ўжо адвёўся. Кароткі мой завод. Вушы яму паганцу, трэба надзёрці.

— Не дацягнешся.

— У тым i бяда, што не дацягнуцца. Страціў уладу над дзяцьмі. Не набыў — над людзьмі.

— Мала табе ўлады?

— Улады, можа, i не мала, ды карысці ад яе мала. Людзям. Улада тая добрая, якая на карысць людзям. Праўда, сват? — звярнуўся да Пустахода, які наблізіўся да ix. — Жонка крытыкуе мяне за жаданне надзерці каму-нікаму вушы.

— Не трэба, Вольга Андрэеўна, крытыкаваць нас. Цяпер вакол нас крытыкі растуць, што грыбы пасля дажджу. Дэмакратыя!

— Толькі мухамораў многа, — сказала Кацярына Панасаўна.

— Во гэта вы праўду сказалі! — засмяяўся старшыня калгаса. — Глынеш такой крытыкі — што муха мор з’ясі.

Жанчыны замужнія сустрэлі маладых салёнымі жартамі. Глеб схаваўся ад жартаў у мужчынскую кампанію, у якой увага прысутных была скіравана не на шлюбную ноч — на палітыку. A ўрача нельга было засароміць, жанчыны адразу адчулі гэта і, прыняўшы маладую да сябе, абрынулі на яе скаргі на хваробы свае i дзяцей сваіх.

Ішла размова людзей, якія адпачываюць, — аб усім і, па сутнасці, ні аб чым. Запытай праз некаторы час, пра што гаварылі — хіба ўспомняць эпізод нейкі, смешны ці трагічны, або анекдот.

Навіну паведаміў старэйшы зяць Пустахода Віктар Ёрш, між іншым:

— Хлопцы ўкраінскія прыплылі, расказвалі: на станцыі пажар быў. Усе кіеўскія пажарныя там. I міліцыя з усёй вобласці.

Словы ўдарылі Глебу ў сэрца. Чамусьці спалохалі. Hi на міг не сумняваўся, што размова ідзе аб ix станцыі, але чамусьці спытаў:

— На якой станцыі?

— На якой! На тваёй! Якая не дыміць.

Сябры яго, інжынеры, стаялі ў іншай групе гасцей — сярод дзяўчат, Тамарыных сябровак. Кажуць, знаёмствы, на вяселлях даюць найбольшы працэнт шлюбаў, на вяселлях самыя зацятыя халасцякі трацяць сваю цвёрдасць, расслабляюцца.

Ніхто са сталых людзей — ні бацька, ні цесць — не выказалі трывогі, хоць з’яўленне ажно кіеўскіх пажарных дало падставу для разважанняў аб злой сіле агню, што выходзіць з-пад улады, але толькі адзін з гасцей успомніў пажар у шахце, астатнія — сваю мясцовую вогненную стыхію, даўні лясны пажар, на тушэнне якога паднялі ўвесь раён, вайсковыя часці выклікалі.

Глеб прымусіў сябе супакоіцца. Было i раней нямала розных загаранняў, пра якія ён толькі пасля таго, як ix тушылі, даведваўся. Ніколі яго, інжынера-энергетыка, ды i ўсіх іншых спецыялістаў не клікалі на пажар. Кожны займаецца сваёй справай — чаму навучылі. А цяпер у яго адпачынак на цэлы тыдзень — да трэцяга мая. Чалавек жэніцца.

Не, трывога не знікла i тады, калі мужчыны з пажараў перайшлі на іншую тэму, вясёлую — як дзе змагаюцца з п’янствам. Яўна смакавалі блізкае частаванне. Сталы набылі выгляд, ад якога гнала сліну; стаяў поўдзень, a ніхто яшчэ не снедаў.

Выйшла ці не з апошнім падносам Ліза, вокам камандуючага акінула «поле бітвы», абышла яго, па-свойму перастаўляючы «батарэі» — пляшкі, талеркі. Блізіцца запрашэнне сядаць за стол.

Глеб хацеў пажартаваць Лізе: «Хлеб не забудзь». Але i такі бяскрыўдны жарт здаўся недарэчным, быццам не вясельнае застолле рыхтавалася, а памінкі.

Адышоў убок, паклікаў сяброў:

— Дзяніс, Генадзь, Платон, Васіль! — не Дзена-Гена, як сябры жартаўліва рыфмавалі гэтыя два далёкія па гучанні-імёны; гэтым поўным вымаўленнем адразу адарваў хлопцаў ад дзяўчат, наблізіліся трое, Васіль ужо прагульваўся з нейкай чараўніцай каля вясёлага ручая.

— Не чулі? У нас пажар.

— На станцыі?

— Так, украінцы перадалі.

— Трэба ехаць! — рашуча сказаў Дзяніс Гумноў, інжынер-фізік.

— Трэба ехаць, — згадзіўся Глеб.

— I табе? — здзівіўся Генадзь.

— Усім.

— Думаеш, без нас не патушаць?

— Без нас патушылі, не сумняваюся. Але каб станцыя не спынілася ці хутчэй аднавіла падачу энергіі, нам з табой трэба быць там. Шмат хто падаўся да цешчаў у перадсвяточныя дні. Не збярэш. А мы праз гадзіну будзем там. У Пустахода ёсць маторка.

— Не, паедзем на сваіх, — сказаў уладальнік «Жыгулёў» Гумноў.— Што нам круг, калі маем чатыры колы?

Глеб вярнуўся да мужчын, адклікаў убок бацьку i цесця.

— Нам трэба ехаць. Калі звестка пра пажар дайшла ў другую рэспубліку, значыцца, сур’ёзнае штось…

— Да ты што, Глеб! — спалохаўся Пустаход. — Пакінуць вяселле? Адумайся! Што ты кажаш?

— Трэба ехаць, — ціха, але настойліва паўтарыў Глеб.

Уладзімір Паўлавіч маўчаў. Думаў: што зрабіў бы ён на месцы Глеба? Цяперашні Пыльчанка, безумоўна, паехаў бы без ваганняў. А той даўні, малады, — уласнае вяселле пакінуў бы? Вяселле без жаніха — выпадак рэдкі, унікальны. Можна зразумець спалох нявесцінага бацькі. Што яшчэ скажа Ірына? Але ён радаваўся за сына, ганарыўся ім. Ухваляў яго цвёрдасць. Ты глядзі, як раскрываецца блеклы ў параўнанні з братам малодшы яго сын! Нечакана. Ад Барыса ён усяго чакаў — i хуліганства i гераізму. Ад Глеба — развагі, якой бракавала самому, сумленнасці, шчырасці, цнатлівасці — тых якасцей, якімі прырода надзяліла іхнюю маці.

Рашучасць зяця ўсхвалявала Пустахода. Столькі клопатаў, старанняў i — вяселле без жаніха. Павёў ix у дом — на сямейную раду.

Марыя Пятроўна спалохана завохала, быццам жаніх хоча ўцячы назаўсёды. Ліза пачала папракаць, нават слязу пусціла.

— Што ж ты робіш з намі, зяцёк дарагі? На ўвесь раён хочаш абняславіць? Ты што — дырэктар гэтай станцыі? Колькі там такіх, як ты?

— Многа. Тысячы.

— Ну, во! Тысячы. Дык чаго ляцець? Хіба вы пажарнікі? Чым вы паможаце?

Неаспрэчная логіка: пажар ім тушыць не прыйдзецца. Аднак калі ўсе будуць так разважаць, могуць спыніцца сотні прадпрыемстваў. Туга будзе Кіеву, Чарнігаву, Мазыру. Ён добра ведаў долю сваёй станцыі ў балансе вялікага кальца. Разарвацца яму не дадуць, аднак усюды ўзнікне крызісная напружанасць. Хто іншы пачаў бы горача даводзіць жанчынам значэнне АЭС. Глеб не ўмеў гэтага ды i лічыў, што недарэчна тут красамоўства: знайшоў аўдыторыю! У людзей іншыя клопаты. Можна сказаць — эгаістычныя. Але ён разумеў i цесця, i цешчу, i жончыну сястру. I не вініў ix. На ўсе ix доказы, папрокі, на валідол, які цешча ўпотай паклала пад язык, на Лізіны лёгкія слёзы, на цесцевы пераходы ад сярдзітага хмыкання да лагоднага ўгаворвання адказваў адно:

— Трэба ехаць!

Бянтэжыла Глеба бацькава маўчанне. Заўсёды такі рашучы, звыклы да камандавання, да ўказанняў, ён раптам анямеў. Разгубіўся ў такой незвычайнай сітуацыі? Але яго маўчанне хіба здзіўляла i бянтэжыла. А вось матчына i жончына маўчанне — палохала. Яны сядзелі побач — свякроў i нявестка, у нейкай дзіўнай, проста жалобнай паставе, i твары ix пабляднелі, выцягнуліся. Глеб ледзьве не сказаў ім: «Што вы такія? Усё роўна як у Афганістан мяне праводзіце». Але стрымаўся — сцяміў, што Афганістан можа яшчэ больш спалохаць ix.

Ускочыла ў дом Тамара, яна не прысутнічала на сямейным савеце.

Вольга Андрэеўна спытала:

— Тома, дзе Барыс?

— A хіба я пасу яго, вашага Барыса, — адказала раздражнёна, але тут жа спахапілася, што паводзіць сябе неінтэлігентна, звышдалікатна растлумачыла, выдаўшы прычыну сваёй дзёрзкасці: — Дзяўчат да ракі павёў.

— Знайдзі яго, калі ласка.

— Знайду, Вольга Андрэеўна, — дзяўчына ахвотна кінулася выконваць просьбу.

Чамусьці Вользе Андрэеўне захацелася, каб пры размове, рашэнне якой, адчувала, будзе ўсё роўна адно i тое ж — Глебава, прысутнічаў старэйшы сын. Можа, сэрцам адчувала, што той падкажа нешта асаблівае.

Усе чакалі яго. Hi слова — аб Глебавым ад’ездзе, гутарылі пра старонняе, нават не пра вяселле. Але i не пра пажар.

Хутка прыйшоў Барыс i сапраўды легка, адным махам, рассек гордзіеў вузел. Сказаў брату з неаспрэчнай рашучасцю:

— Не сеўшы за стол, нікуды ты не паедзеш! Вось так, малы! Пасядзім гадзіну-дзве, павесялеюць людзі, тады можаш разам з жонкай ціха вылезці з-за стала. Быў я на вяселлях, з якіх маладыя знікалі. Нядаўна на грузінскім быў. Знікайце i вы i каціцеся хоць на ўсе чатыры стараны свету! А мы будзем піць за ваша здароўе. I за тваю станцыю, раз яна даражэй табе за нас.

I ўсе павесялелі: усё мудрае — простае. Ліза пацягнулася да дзевера:

— Дай я цябе пацалую, Барысок. Недарэмна ты бываеш бліжэй да бога, чым мы, грэшныя, — i да Глеба: — Не крывіся, зяцёк. Віктар на маторцы дамчыць вас да Прыпяці за міг.

Усе павесялелі, акрамя Ірыны i маці. З маці Глеб не адважыўся гаварыць, матчынай логікі баяўся, маці ён ніколі не ўмеў запярэчыць i ў школьныя гады зайздросціў Барысу, які вёў цэлыя дыскусіі i нярэдка пераконваў маці, прымушаў капітуляваць перад яго доказамі. А жонцы сказаў гулліва:

— Чаму ты скісла, Іранё?

— Я баюся, Глеб, — сур’ёзна адказала яна.

— Чаго? — шчыра здзівіўся ён.

— Ты забываеш, што я ўрач. Я праслухала немалы курс аховы ад радыяцыі. I лячэння.

Глеб засмяяўся.

— Ды ну, глупства, мая каралева! Гэтага не можа быць таму, што гэтага не можа быць ніколі! За два гады я вывучыў рэактар. Надзейны, што бабулін чыгунок.

— Вас так пераканалі?

— Каб людзі баяліся, спыніўся б прагрэс. Ніхто не займаўся б фізікай, не рабіў бы на рэактарах. Палюбуйся лепш, які дзянёк. Цуд! Глядзі, як зазелянелі вербы. Вішні цвітуць. Ты казала, што любіш ix, вербы.

— Я усё тут люблю. Але я думаю пра ранішні туман… ён дзёр табе горла.

— Туман як туман, — адмахнуўся ад непрыемнай размовы, аднак адчуў: пачуццё трывогі, што з’явілася пры паведамленні аб пажары i якое адступіла пасля вясёлай братавай тырады, з якой вынікала, што ўсё вырашаепца проста, зноў падступала, як удушша. Падумаў пра Ірыну з ласкавасцю i з асуджэннем: «Яна — што мама мая: усяго баіцца».

— Прашу за сталы, дарагія госці! — гукаў Іван Іванавіч.

А малы Іванка, шасцікласнік, Лізін сын, пратрубіў на горне збор.

Гэта развесяліла ўсіх гасцей. Яны рушылі да сталоў, але не сядалі. Чакалі маладых. Першая гэта сцяміла Ірына. Узяла Глеба пад руку.

— Вышэй галаву, мой кароль! I — урачысты крок!

Баяніст зайграў марш. Госці запляскалі ў далоні. Свята працягвалася.

bottom of page