top of page

II


Да дому ісці не думаў. Рушыў на другі бок плошчы — у райком. Вясёленькая ў яго размова адбудзецца зараз! Але загадаў сабе: не адступаць! З’ядуць? У наш час з-за кватэры не з’ядуць, пабаяцца. Пасля, канешне, будуць есці. Непрыемна гэта, не ў яго характары, ён умеў з партийным кіраўніцтвам жыць дружна, хоць часам для гэтага даводзілася ахвяраваць прынцыпамі. Але тут няма куды адступаць. Галя гэтая чакае шостае дзіця.

«Урэшце, можа, я ратую цябе, Іосіф Лявонцьевіч, ад газетчыкаў».

Угледзеў на другім краі плошчы жонку, выходзіла з завулка, што вёў на аўтобусную станцыю. Здагадаўся, куды бегала — да гомельскага аўтобуса. Можа, зрабіць выгляд, што не ўбачыў сваю палавіну? Але не стрымаўся — пайшоў насустрач.

— Ты чаму гуляеш?

— Пытаеш, як рабаўладальнік, — такім папрокам Вольга Андрэеўна яўна хацела стаіць пэўную збянтэжанасць, хоць ніколі не хавала мацярынскіх пачуццяў…

— Не бегай да кожнага аўтобуса. ён з неба зляціць.

Маці глянула ў яснае неба з трывогай, так глядзела заўсёды пасля таго, як Барыс падаўся ў лётную школу. Але тут з палёгкай уздыхнула: сёння ён не ў небе — у наземным транспарце. Спяшаецца. Адкуль толькі яго чакаць? З Гомеля? З Кіева? З Мазыра? У Барыса заўсёды неспадзяваныя маршруты.

— Не помніш, калі «Ракета» з Кіева?

— Пустаходам звані, паўз ix дом ходзіць. Дарэчы, я папрасіў Івана, каб прыслаў адну сваю прыгажуню памагчы табе.

— Тамара ўжо тут.

Здзівіўся такой хуткасці i ўзрадаваўся, што жонка прыняла дапамогу натуральна, не запярэчыла.

— Аператыўны ў нас сваток, нідзе не марудзіць.

— Дзіўны ты, Валодзя. Прыём зноў узваліў на Кацярыну? Лаюць цябе людзі, што ты ўцякаеш ад прыёмаў.

— Я іду выбіваць кватэру тваёй пратэжэ.

— Другога дня ты не знайшоў? Сапсуеш сабе настрой.

— На вяселлі наладжу. A жаніх у цешчы? Гонару не мае. Маці памог бы. Свістун! Не можа наглядзецца на сваю цацу.

— Не завадзіся, Валодзя.

Другога сакратара ў райкоме не было. Уладзімір Паўлавіч, які прыйшоў з ваяўнічай рашучасцю, бадай узрадаваўся, што не трэба вось так, з наскоку, псаваць настрой маладому работніку, які, дарэчы, падабаўся шчырасцю i адкрытасцю. Урэшце, не гарыць, неабавязкова ў такі дзень нарывацца на непрыемную размову.

Зайшоў да першага.

Пятро Міхайлавіч, звычайна стрыманы i не вельмі ўважлівы да людзей, сустрэў надзіва ветліва, ціснуў руку, як імянінніку. Гэтак жа следам за ім вітаўся i сакратар райкома камсамола Сяргей Плечка. У адказ на ix звышветлівасць Пыльчанка стараўся настроіць сябе на іранічны лад. Каторы раз паспрабаваў па выгляду першага адгадаць, чаму старшыні калгасаў ды i раённыя работнікі далі яму мянушку Лорд. Хто першы? Па якой рысе знешняй ці па характару? Не мог знайсці такой рысы. Нармальны чалавек, культурны, адукаваны, скончыў універсітэт i ВПШ. Трымаецца проста. I выгляд нармальны. Сярэдняга росту, спартыўна падцягнуты, толькі рана пасівелы — у сорак гадоў. Кпілі некаторыя, што фарбуецца сакратар. Уладзімір Паўлавіч спачатку нават паверыў зубаскалам, што Пятро па гадзіне сядзіць у цырульні: вельмі ж акуратна прычасаная густая сярэбраная чупрына. Але за два гады сумеснай работы не бачыў яго ў цырульні ні ў сваім гарадку, дзе ўсе на вачах, ні ў Гомелі, ні ў Мінску, куды нярэдка ездзілі разам. Хто ж яго прычэсвае так? Жонка, ці што?

Аднак чаму ўсё ж Лорд?

Вось каму легка прычапіць сто мянушак, дык гэта Плечку. Хлопец не вызначаецца розумам, але выдзяляецца адзеннем: заўсёды, зімой i ўлетку, у цёмных касцюмах, старанна адпрасаваных, вычышчаных (пасля палявых дарог!). Плечка заўсёды чысценькі, прылізаны, але, павітаўшыся з ім, Уладзімір Паўлавіч, адчуваў жаданне памыць рукі.

Адзін Плечкаў талент падабаўся — адменны танцор, арганізатар ансамбля танцаў, народных i сучасных — крыўляцкіх; ансамбль славіўся ў вобласці, i начальства, не толькі камсамольскае, цаніла сакратара райкома. Плечка ганарыўся гэтым: не аднымі лекцыямі прыцягвае моладзь.

— А мы тут з Сяргеем гаварылі пра вас. Кажу яму: во выпадак арганізаваць сапраўднае камсамольскае вяселле, — сказаў Пятро Міхайлавіч.

— Казаў я Ірыне. Махнула сваімі нафарбаванымі вейкамі: «Вы што — жартуеце?» — перакрывіў Плечка дзяўчыну. — I сябру свайму Глебу сказаў. Дык той яшчэ горш здзівіўся: «Жартуеш, Сяргей?» Якія жарты? Я арганізаваў бы ім такое вяселле — што прагрымелі б на ўсю рэспубліку. Тэлебачанне запрасілі б. Інжынер, які вучыўся ў Кіеве, працуе на Украіне, i наш урач, з Мінскага інстытута. Саюз непарушны! Заўтра ў Прыпяць паплылі б, на чаўнах…

— Гэтага, дарагі таварыш, i баімося — грому. Асабліва Вольга Андрэеўна…

Першы засмяяўся.

— Дзе танцаваць будуць? — спытаў Плечка.

— Хацеў наслаць памост у двары, ды Андрэеўна баіцца, каб не распісалі…

— Правільна баіцца, — сказаў Пятро Міхайлавіч i ўздыхнуў: — Пісак развялося…

Літаральна тыдзень назад рэспубліканская газета пляснула па раённым кіраўніцтве за свінакомплекс, што будавалі за два кіламетры ад Прыпяці.

— Можна на асфальце танцаваць перад домам. Хочаце, арганізую?

Плечка яўна напрошваўся ў госці. Глеб, выходзіць, не запрасіў яго. Хутчэй не Глеб — Ірына, разам з Вольгай яны доўга сачынялі спіс гасцей. Уладзімір Паўлавіч глянуў на спіс адным вокам, карэкціраваць не стаў, жартам папрасіў пакінуць рэзерв для яго асабістых запрашэнняў.

Што-што, а танцы Плечка наладзіць, а гэта важна: менш часу будуць сядзець за сталамі, прыкладвацца да чарак. Цяпер бойся, каб хто не напіўся, а то станеш без віны вінаватым, запішуць — i слова не дадуць для апраўдання, размовы на бюро абкома кароткія, а яго ўліковая картка i без таго запэцканая — за нарыхтоўку кармоў, за школы. Не хапала яшчэ за парушэнне антыалкагольнага закона.

— Значыць, дамовіліся, Сяргей, — за табой танцы.

Плечка заззяў:

— Уладзімір Паўлавіч! А можа, усё ж камсамол ьскае?

— Калі ты не ўламаў Ірыну i Глеба, то, думаеш, я змагу? Ёсць нада мной маршал — жонка. А яна ix саюзніца. Ды i не толькі яна. Галоўны завадатар Пустаход. А ты ведаеш, які гэта народнік. Ён — за ўсё старое. I вяселля хоча па-старому.

Першы засмяяўся. Старшынь адсталых калгасаў ён не крытыкаваў так, як перадавога Пустахода: куркуль, аднаасобнік! З раёна стараецца вырваць больш, а як раёну памагчы — сіратой прыкідваецца, беднячком. Але i любіў гэтага чалавека — не прасцячок, можа зліслівіць начальству, гурочкаў, мядку прывезці, але ніколі ні перад кім не выцягваецца. Такога можна вініць ва ўсіх грахах, але не паважаць нельга.

— Праўда, што Пустаход прастольнае свята арганізоўваў? Фэст у фестываль ператвараў?

Было такое: хацеў Іван гадоў колькі назад храмавое свята свайго сяла — даўнюю ўсеагульную п’янку, на якую з’яджалася паўраёна, узяць у свае рукі. Але гэтая стыхія аказалася мацней за яго кіруючую сілу. Героя каштаваў яму ўдзел у фэсце з найлепшымі намерамі, ды яшчэ ў прыдачу i вымовы.

Маладзёжны важак пайшоў да сябе — на першы паверх.

Кіраўнікі раёна засталіся сам-насам.

Адносіны паміж імі былі, можна лічыць, найлепшымі, за два гады ніводнай сур’ёзнай сутычкі. Пятро ніяк не пераходзіў на «ты» i вымушаў «выкаць» i яго, Уладзіміра Паўлавіча, а гэта было нязвыкла, з ранейшымі першымі ён быў на «ты» ледзьве не з першага дня сумеснай працы. На людзях адносіны ix выглядалі натуральным! a ў размове адзін на адзін Пыльчанка адчуваў тую субардынацыйную афіцыйнасць, якая перашкаджала поўнай даверлівасці, сяброўскай.

— У вас прыём сёння?

— Прыём. Але я прыняў аднаго чалавека i ўцёк. Зноў уцёк…

— Не трэба было пачынаць. Сёння вам не да прыёмаў.

— Але гэтаму чалавеку я зрабіў дабро. Лічы, даў кватэру. Быхоўскай…

Мнагадзетную сям’ю вед ал i ўсе кіраўнікі. I ўвогуле Пятро Міхайлавіч трымаў пад партыйным кантролем размеркаванне ўсяго жылля, не толькі гарадскога, але i ведамаснага.

— I дзе вы ўзялі яе, кватэру?

— Аддамо тую, што прызначалі другому, — кінуў на дзверы ў прыёмную. — Будзе сацыяльна справядліва. Памажыце пераканаць Іосіфа Лявонцьевіча — ён чалавек разумны. Няхай пажьгее годзік у старой хаце. Папаліць брыкетам. Людзі маладыя, не перапрацуюцца. Ваду падвялі, газ прывозяць.

Першы лёгка свіснуў.

— Мудрае рашэнне.

— Вы гэта — з іроніяй?

— Ды не. Сур’ёзна. Разумею ваш крок. У нагу з часам. Усё — для народа. А нас, бюракратаў, у куток, як вінаватых вучняў.

Падняўся, падышоў да адчыненага акна. Пастаяў там. Выбіў такт пальцамі па падаконніку. Сказаў на вуліцу:

— Іосіф… ён, канешне, мудры. Але давайце дамовімся… Я за вашу ідэю. Але пераконвайце яго самі… без мяне. Няхай не думае, што гэта мая ідэя. Мне з ім працаваць. A ўсе мы людзі… чалавекі… i ўсё чалавечае, высокае i нізкае, сядзіць у нас… моцна сядзіць… Прыватнік сядзіць…

«Не Іосіф мудры, ты — мудры, — падумаў Уладзімір Паўлавіч. — Але філасофія твая стравусіная. Хаваеш галаву, але не забывайся, што задніда ўсё роўна тырчыць».

Ніколі раней ён не думаў так пра Сінякова, так злосна, раздражнёна. Спрачаўся неаднойчы. У думках часам крыў мацюком, але ўсё гэта было натуральным — рабочымі адносінамі. Чаму ж раптам такое абурэнне? Не думаў жа, што першы ўзрадуецца i прыйдзе ў захапленне ад яго рашэння, яго смеласці. Па сутнасці, чакаў такой рэакцыі, хіба толькі па форме інакшай. Не, справа не ў форме. Узлавала не тое, што першы хоча ўхіліцца ад вырашэння нялёгкай справы. Абурыла пераконанне, што нейтральным, як абяцае, не застанецца, перад заступцам сваім будзе добранькі i ўсё ўзваліць на яго сівую галаву. Безумоўна, з баталіі гэтай ён выйдзе пераможцам — час працуе на яго! Дзеці Быхоўскіх уселяцца ў кватэру. Але лягчэй жыць яму ад гэтага не стане. А ён жа ўмеў працаваць без вострых канфліктаў. Умеў уступіць — нахабніку, дурню. Але тут уступіць нельга! I гэта выводзіла з душэўнай раўнавагі.

Сакратар, хітруган, не стаў мусоліць кватэрнае пытанне — маўляў, дробязь, эпізод, i перавёў размову на ўчарашнюю зводку сяўбы. Яна радавала. За тыдзень так падсохла, што можна ўжо выходзіць на суглінкі, на тарфянікі, пясчаныя палі паўсюдна засеяныя, бульбу пасадзілі.

— Яшчэ тыдзень такога надвор’я — пасеем кукурузу. Будзе ў нас збожжа, Уладзімір Паўлавіч. I будзе ў нас Амерыка — па малаку i мясу.

Першы жыў гэтай ідэяй. «Хрушчоўская» — жартавалі ў раёне. Асабіста з’ездзіў у Днепрапятооўск, дамовіўся з інстытутам кукурузаводства, які распрацаваў новую тэхналогію сяўбы, сеялкі з праграмнай наладкай. Купіў там элітнае насенне. Ідэяй жылі ўсе. Пыльчанка, старэйшы за іншых, трохі ў пачатку праяўляў скепсіс, але яго пераканаў Іван Пустаход. Практычны старшыня калгаса ледзьве не маліўся на першага. Пашанцавала раёну, лічыў. А гучала гэта дакорам яму, Пыльчанку. Па праторанай Сіняковым дарозе Пустаход двойчы ездзіў у інстытут, прывозіў дактароў i кандыдатаў навук. Украінды памагалі па-брацку.

Але на гэты раз Уладзіміра Паўлавіча не зацікавіла i кукуруза. Сакратар угледзеў гэта.

— Бачу, вам не да спраў сёння.

— Ды не, — як бы сумеўся старшыня. — Справы ёсць справы. Паеду па раёне.

— Памажыце лепш жонцы.

— Не. Баюся. Баюся — пасварымся. Сапсуем адно аднаму настрой. Я ніколі не лез у жаночыя справы. I вам не раю.

Пятро Міхайлавіч засмяяўся.

— Каб гэта молена было зрабіць. Хто вас узвінціў? Быхоўская?

— Ды не. Яна прыйшла з дзеткамі. Я дабрэю, калі гляджу на дзяцей.

Уладзімір Паўлавіч не выходзіў таму, што належала выканаць яшчэ адну місію — запрасіць Пятра Міхайлавіча на вяселле. Самае простае. Але пасля гісторыі з кватэрай адчуў тую аддаленасць, якая не дазваляла вось так па-свойску, па-сяброўску запрасіць таварыша па рабоце на сямейную ўрачыстасць. У нейкі міг нават бліснула думка: «А на д’ябла ён мне!»

Але ведаў, што Вольга асудзіць яго ўчынак — ці мала што здараецца ў рабоце! Ды i Пуста ход не зразумее. Да таго ж успомніў, што тут жа пры ім, пры Пятру, запрасіў свістуна Плечку, да якога ўвогуле адчуваў антыпатыю. Падумаеш, госць!

У такой сітуацыі без запрашэння нельга пакінуць кабінет. А як гэта лепш зрабіць? Гулліва? Сур’ёзпа? Калі ўскладняюцца адносіны з чалавекам, пачынаеш думаць, як з ім гаварьщь, мімаволі ўзнікаюць дыпламатычныя нюансы, чаго Пыльчанка не любіў.

— Пятро Міхайлавіч. Мы з Андрэеўнай будзем рады бачьщь вас з Палінай Антонаўнай за нашым сталом. I маладыя даручылі мне…

Сказаў, як ношку зваліў. Можна i развітвацца. Але сакратар не спяшаўся дзякаваць. Прайшоўся па кабінеце, закурыў. Цяпер, калі пачалі многа паказваць Сталіна, Пыльчанка раптам адкрыў, што i маладыя работнікі тыпу Пятра пераймаюць яго ігру.

Угледзеў гэта ў абкоме, у Саўміне. Прасачыў за сабой: ці не іграе сам гэтак жа? Сказаў неяк Вользе, яна засмяялася: «Не, не бойся. У цябе хутчэй хрушчоўскі стыль. Ты — народнік». Парадавала, жонка! Выходзіць, свайго стылю ў паводзінах, у працы ён так i не выхаваў за столькі гадоў.

Пятро Міхайлавіч падышоў да акна, зноў выбіў знаёмы такт.

— Вы думаеце, мне трэба быць?

Дзіўнае пытанне. «Што я думаю — на жаль, не магу сказаць».

— Вельмі прасіў Пустаход. Іван не зразумее… Ды i людзі… Што скажуць пра нашы адносіны?

«А вось гэта я дарэмна».

Сакратар павярнуўся, глянуў весела, задаволена.

— Для вас гэта важна — што скажуць?

«Пайшоў ты!»

— Дзіўная завядзёнка: пра адносіны людзей меркаваць па тым, ці ходзяць яны ў госці адзін да аднаго.

Уладзімір Паўлавіч узлаваўся:

— Чаму дзіўная? Добрая народная традыцыя!

Нам толькі i засталося, што разбурыць i яе. Адвучыць людзей хадзіць у госці. Сябраваць… Кожны будзе піць у адзіночку. I паміраць у адзіночку. Можна i на нахаванне не прыходзіць…

— Ну, ну, завяліся. Не ведаў, што вы бываеце такім. Вам сёння трэба быць добрым, шчаслівым.

— Я выканаю вашу мудрую параду, — i павярнуўся да дзвярэй, не развітаючыся, хоць гэта было звыклым: за дзень могуць яшчэ ўбачыцца неаднойчы.

— За запрашэнне — дзякую. Я падумаю…

Уладзімір Паўлавіч выйшаў з цяжкім пачуццём — нешта блізкае да абразы. Бадай здзівіўся, што адмова ад яго запрашэння — на вяселле сына! — можа так балюча раніць. Дзіўна, аднак, тое, што злосці на Сінякова не было. Злаваў на сябе i на Вольгу.

Куды ж падзець сябе ў гэты незвычайны дзень, не па-вясноваму спякотны? Спыніўся пасярод плошчы на паўдарозе ад райкома да райвыканкома, паглядзеў у бязвоблачнае неба i супакоіў сябе тым, што падумаў пра Барыса. I пра Глеба. Во яна, сапраўдная радасць — мець такіх сыноў! Жаніць ix.
 

bottom of page