top of page

III


Вользе Андрэеўне спачатку не спадабалася, што муж запрасіў ёй на дапамогу сястру нявесты. Лічыла гэта не толькі парушэннем этыкету, але i як бы нейкім уніжэннем перад сватамі. Старшыня райвыканкома не можа знайсці памочнікаў жонды, каб падрыхтаваць вяселле! A сапраўды гэта няпроста, не маючы блізка сваякоў. Прыехала, праўда, Валодзева сястра Ганна, але жанчына пенсійнага ўзросту, хваравітая сялянка, згатаваць простую страву можа, a сервіраваць стол — куды ёй. За дарагую талерку баіцца ўзяцца. «Ой, Волечка, яшчэ разаб’ю. Больш тонкую пасудзіну, чым чыгунок, ты мне не давай».

Уладзімір Паўлавіч мог i хацеў дамовіцца з кухарам i з афіцыянткамі, але яна лічыла, што рабіць гэта нельга: вазьмі за самую высокую аплату, a людзі скажуць бог ведае што; гарадок, што сяло, усе пра ўсіх ведаюць, а тым больш пра старшыню. I сваіх, з бібліятэкі, не адважылася прасіць — рабочы дзень, ды яшчэ перадсвяточны, кал i i на рабоце i дома поўна клопатаў. Перад святам ў магазіны нешта «выкінуць», i жанчыны будуць млець ў чэргах. У Вольгі Андрэеўны перад чэргамі быў прымхлівы страх, яна абыходзіла ix за вярсту. Хацела стаяць там, як усе, але баялася, каб не сказалі: бач, дэмакратка якая! Знойдуцца такія, што i ў твар могуць кінуць: «Ці не з-за твайго мужа мы душымся тут?»

З чорнага хода ў магазін ні разу не зайшла, катэгарычна адмаўлялася. Муж часам жартаваў, часцей злаваў: «Я, значыцца, магу з торбамі, хаваючы вочы, выходзіць?!» Канчалася найгоршым: прадукты прывозіў шафёр, прычым купляў ix у cyceднім райцэнтры, дзе старшынёй райспажыўсаюза быў даўні добры знаёмы Косця Екельчык, яшчэ ў камсамоле разам працавалі. Абставіны перамагалі, яны мацней за пакуты сумлення. А перад вяселлем сама вымушана была паехаць да «вялікага дзяльца» Косці, каб закупіць прысмакі, якія той выбіваў на абласной базе спецыяльна для ix вяселля, так, прынамсі, тлумачыў, падкрэсліваючы, што для старых сяброў ён гатовы на ўсё. Адзінае супакаенне, што Екельчык не падначалены Пыльчанку.

Запрашэнне дачкі Пустаходаў бянтэжыла i па іншай прычыне: i сам Іван i Марыя Пятроўна паведамленне аб тым, што рэстаран адмяняецца, сустрэлі яўна з задавальненнем.

«Мы сапраўднае вяселле закружым», — сказала свацця. Безумоўна, што ім! У старшыні калгаса зусім іншыя магчымасці, чым у старшыні райвыканкома. Але думка гэтая ўкалола самалюбства. Без абывацельскага гонару яна, сціплая бібліятэкарка, аднак жа ёсць матчын гонар, ды i проста чалавечы. Не, пазайздросціць не грэх не матэрыяльным магчымасцям старшыні калгаса, а яго сям’і. З такой сям’ёй можна наладзіць бог ведае што! Чатыры дачкі, нявестка, цётка, сёстры, пляменніцы — паўвёскі радні. А яна, па сутнасці, адна. Але i адна павінна зрабіць тое, што там робяць, можа, дзесяць жанчын, калі не больш. З-за гонару i жаночай упартасці i адмовілася ад кухара i ад афіцыянткі. Адна дык адна. Няхай асудзяць, няхай пахваляць — яе адну. Урэшце, усё гэта глупства, умоўйасці. Галоўнае, што Глеб жэніцца i нявеста яго падабаецца ёй. А яшчэ… сама не прызнавалася сабе, што жыве не столькі вясельнымі клопатамі, колькі чаканнем Барыса.

I — дзіўна! — з’яўленне памочніцы памагло яшчэ ў большай ступені пераключыцца з кухні на чаканне сына.

Прыехала Тамара — малодшая Пустаходава, студэнтка універсітэта. Яе Вольга Андрэеўна ведала менш, чым іншых. Ды i з другімі яна пазнаёмілася нядаўна, не лічачы Ірыны i самога Пустахода. Валодзя, канешне, ведаў усіх, бо часта ездзіў у калгас, абедаў у старшыні. А яе толькі разы два звазіў на пасеку, але дачок на тых абедах не было, толькі Мар’я ГІятроўна. З дочкамі, сынам, нявесткай, унучкамі яна пазнаёмілася, калі Глеб абвясціў аб сваёй жаніцьбе, i яны паехалі ўсе трое — жаніх, бацька, маці ў сваты, так гэта не без іроніі называлі сын i муж, хоць ёй было не да жартаў, не да іроніі, яна ехала вельмі сур’ёзная i нязвыкла хвалявалася.

Сям’я Пустаходаў не магла не падабацца. Галавой у доме, камандуючай, як жартаваў бацька, была не добрая, ласкавая гаспадыня, а ix старэйшая дачка, Ліза, даярка, маці траіх дзяцей, гаваруння, што, аднак, не шкодзіла ёй быць хітрым палітыкам. Мужа свайго, механіка, яна трымала пад пятой, сама так казала, i ён не пярэчыў, хоць з-пад улады, як высветлілася, выходзіў нярэдка. Дом ix, палац у параўнанні ca старой бацькавай хатай, збудаваны на бацькавай сядзібе, у канцы гарода, на беразе кароткай рачулкі з маляўнічымі вербамі. Хлеў, свіран, лазня, новыя, дыхтоўныя, хоць i пачарнелыя ўжо, был i агульныя; хлеў не пуставаў: каровы трымаў i сам старшыня i сям’я дачкі, былі i свінні, качкі, куры.

Пыльчанка яшчэ тады, калі механік будаваўся, упікнуў Пустахода: «Такі дом, які ўпрыгожыў бы вуліцу, схавалі ў кусты». «А гэта мая гераіня, з ёй не зладзіць, не пераканаць, чыста бабская ўпартасць», — з асуджэннем гаспадара i гонарам бацькі апраўдваўся старшыня.

Між іншым, прыгнечаны жонкай механік на абедзе напіўся i чапляўся да Уладзіміра Паўлавіча: дайце яму свабоду!

«А хто не дае яе?»

«Вы! Раённыя бюракраты».

Старшыня паспрабаваў пажартаваць:

«Табе Савецкая ўлада не падабаецца?»

«Не падабаецца!» — на поўным сур’ёзе выгукнуў п’яны.

Пустаход пачырванеў. Ліза падхапілася: «Ану, даражэнькі, ходзьма ca мной. Я займуся з табой палітграматай!»

Ix дванаццацігадовы сын Ваня задрыгаў нагамі i зарагатаў: уявіў «палітграмату».

Віктар Ёрш трохі паяршыўся, але не столькі па ўедлівым патрабаванні жончыным, колькі ад знаёмага цесцевага сапення — прыкметы гневу — мусіў пакінуць багаты стол, дзе было да чаго прыкласціся i ў час антыалкагольнай кампаніі.

Другая сястра Паша, выхавацельніца дзіцячага сада, няўдачніца, развядзёнка, ціхмяная i плановая; Вольга Андрэеўна ўбачыла пасля абеду, як Паша плакала ў кухні. Зайздросціла сёстрам?

Трэці — сын Антон, аграном, увесь у бацьку — меў не толькі знешняе падабенства, але i голас, i жэсты, i характар. «Тыповы паляшук» — сказаў пра яго Уладзімір Паўлавіч.

Пасля — Ірына. Прыгажэйшая за сясцёр. Адна хіба рыса яе характару насцярожвала Вольгу Андрэеўну — залішне ўладная, самаўпэўненая. Такія добра працуюць, але i на рабоце i ў сям’і імкнуцца верхаводзіць. A маці не хацелася, каб яе сынам камандавала жонка, яна добра ведала мяккасць Глебаву. Гэта не Барыс, тым не пакамандуеш. Хоць жонкам падабаюцца i такія.

Тамары на тых агледзінах не было. Прыводзіла пасля Ірына — пазнаёміць будучых свёкраў яшчэ з адной сястрой сваёй.

Спачатку трохі не спадабалася, што Тамара праз дзесяць хвілін пасля таго, як надзела квяцісты рабочы фартушок, які, дарэчы, прывезла с сабой, адчула сябе гаспадыняй на кухні, у доме. Але потым спрыт яе, уменне пачалі захапляць не толькі Вольгу Андрэеўну, але i сялянку Ганну. Любая работа гарэла ў яе руках. Асабліва здзіўляла, што на кухні рабіла не па-сялянску, а так, быццам прайшла кулінарную школу.

— Дзе ета ты, Томачка, вырасла? — ахала Ганна.

— А над Прыпяццю. Гледзячы на ваду.

— У вас усе такія?

— Ого! Я самая няўдалая! Ліза наша… паглядзелі б вы на яе! Агонь-баба — кажа яс Віктар.

Вельмі спадабалася Вользе Андрэеўне, як далікатна, хітра хваліць Тамара сясцёр, перш за ўсё Ірыну. Больш пра слабасці ix расказвае. Але якія яны прывабныя, слабасці гэтыя, у яе перадачы! Ведаць ix свекрыві не пашкодзіць, бо памогуць хутчэй i глыбей пазнаць характар нявесткі. Яўна на гэта разлічвае Тамара. Адкуль у дзевятнаццацігадовай дзяўчыны такі практыцызм. Псіхолаг!

Ганну проста заваражыла Тамарына весялосць. Рабіла яна ўсё пад песенькі. I не пад крыклівыя, сучасныя, што глушаць з тэлевізара, а пад душэўныя, свойскія, палескія, украінскія.

        Тобі було легка, мати,
       Між своімй вибирати.
       Ти вышла за мого ненька —
       Я ж люблю чужого Йванка.

Ад такіх песень Ганна i плакала i смяялася.

Бакалы расстаўляе — i выбівае на ix сваімі ненафарбаванымі (што адзначыла Ганна) ногцікамі музыку. Яна, старая баба, баіцца сваімі «граблямі» ўзяцца за гэты бакал, што пераліваецца вясёлкамі. A дзяўчына, праціраючы, круціць ix на адным пальцы. Во цыркачка! Шмат што ўмела, а чаго не ведала— дапытвалася, цікаўная, усё хацела ведаць.

— Вольга Андрэеўна, як я вас павінна называць?

— Як — як?

— Ну, па-народнаму, па-вясковаму. Кім вы мне даводзіцеся? Свякроў сястры. Я вам? Сястра нявесткі.

Вользе Андрэеўне трохі няёмка стала, што, прачытаўшы гарy кніг, яна не ведае гэтага, a напэўна ж у народзе ёсць назвы ўсім сваяцкім сувязям. I Ганна перабрала ў памяці нямала найменняў сямейнай піраміды i сама ж, пасля разважанняў, заключала: не тое.

Зачаравала памочніца i гаспадыню i сястру. Калі Тамара спявала ў зале старую сумнаватую вясельную песню, акампануючы рытмічным звонам посуду, Ганна па-сялянску проста сказала:

— Во такую б жонку шалапуту твайму. Яна б аб’ездзіла гарачага скакуна — добрага малайца.

Вольга адразу нават пакрыўдзілася на залоўку: з кім параўноўвае сына яе!

— Яго Афганістан аб’ездзіў. Падумай, у якім ён пекле пабываў.

— Няўжо ўціхамірыўся? Чаму ж ён не жэніцца, чарцяка? Колькі дзевак пакрыўдзіў!

— А можа, яны яго крыўдзілі?

— Скажаш ты, Волечка. Каб дзеўкі крыўдзілі такога ліхача!..

— Ты не знаеш цяперашніх дзяўчат.

— А чым жа яны паганыя? Вунь Тамара…

— Яна ў добрай сям’і расла.

— A праўда, добрая сям’я?

— Мне спадабалася. I Валодзю. Ён заўсёды хваліў Пустахода. Парадаваўся, калі даведаўся, што Глеб i Ірына страчаюцца.

— Дваццаць гадоў, кажаш, старшынёй? I не краў?

— Ганна! Як ты пра людзей думаеш! Для цябе што ні кіраўнік, то злодзей. Хіба так можна!

— Не я так думаю. Людзі. Вунь у нас… колькі ix перабыло, старшынь, А можа, адзін толькі чэсны чалавек быў. Дык i таго пасадзілі, бо для людзей стараўся, начальству не дагадзіў.

Так, звычайная жаночая размова, аб усім патроху. Але ў першую чаргу пра дзяцей. Маткі заўсёды гавораць пра дзяцей. А тут нагода такая: вяселле. Але Вольга Андрэеўна больш думала не пра Глеба, хоць i турбавала трохі яе, што праз якія пяцьшэсць гадзін у загс ехаць, a жаніх невядома дзе. Нядобра, калі ў нявесты. Атрымліваецца: нецярпліва чакае. Але ведала: Глеб не спозніцца, у гэтага хлопца арганізаванасць i дысцыпліна ў крыві, як i ў яе. Думала яна пра Барыса, але ўжо не столькі пра тое, дзе ён, якім транспартам дабіраецца, а пра іншае. Засела ў галаве Ганніна жаданне, каб Барысу такая жонка, як Тамара. Трэба ж, каб выпадковыя словы гэтак узбунтавалі i без таго неспакойную душу яе. Пачала ўглядацца ў дзяўчыну. Не такая прыгожая, як Ірына, але ж па ўсім відаць — гаспадыня. Аднак з характарам, як бацька яе. Якраз такая i трэба Барысу — верная, разважлівая, клапатлівая, адважная; у лётчыка жонка павінна быць гэтакая ж смелая, як ён сам. Пераканала сябе, што Тамара валодае ўсімі гэтымі i многімі іншымі добрымі якасцямі. Дзіця зямлі, дзіця народа! I марыла ўжо пра другое вяселле. Злавіла сябе на гэтым, засмяялася: як малая! Для вяселля трэба, каб маладыя пакахалі адно аднаго. А потым — ці добра гэта, каб браты ажаніліся з сёстрамі? Успамінала выпадкі з жыцця, з літаратуры. Пад ступал а да Ганны, каб непрыкметна спытаць у яе, як у народзе ставяцца да такіх шлюбаў, бьщцам справа вырашаная ўжо. Але спахапілася: здагадаецца Ганна, пра што яна думае. Не асудзіць, але ўсё ж сорамна выносіць на людзі, няхай i залоўцы, такія фантазіі свае. А Тамара ажно збянтэжылася ад такой увагі да сваёй персоны з боку Ірынінай свекрыві.

— Вольга Андрэеўна, што вы так глядзіце на мяне?

— Любуюся табой, дачка.

Успыхнула дзяўчына — ад пахвалы ці, можа, ад звароту такога, хоць зварот як зварот, натуральны.

— А я спалохалася. Можа, што не так раблю.

— Усё вельмі так робіш. Гэта цябе мама навучыла?

— Хутчэй — Ліза. О, вы не ведаеце нашу Лізу! Яна па руках мяне біла, калі я што не ўмела. Баюся да дому прыязджаць — тут жа пагоніць каровы даіць. У пяць гадзін раніцы. Я да дзвюх танцавала. Спаць — паміраю. А яна за нагу цягне. Мама з ёй сварыцца: дай малой паспаць. Для мамы я ўсё яшчэ малая. А ведаеце, чым я пал охаю яе, Лізу? Вы не грэблівая? Жабамі. Я для практыкі пачала жабак пры ёй трыбушьщь. Дык яна ты дзень бачыць мяне не магла, прабачце, выварочвала яе. Во я паспала! Нашы смяяліся. Дзіўна гэта. Яна ж усё ўмее, Ліза. Качцы галаву скруціць i выпатрашыць. Свінню асмаліць i разабраць. Карове памагчы ацяліцца пры самай цяжкай сітуацыі, калі цялятка мёртвае… А вантробы жабіныя не можа бачыць.

— А я курыцу не магу зарэзаць. I кулінарнічаць развучылася. Засталіся ўдваіх з мужам. Ён рэдка калі абедае дома. I я ўсухамятку ці ў сталоўцы. А сёння ў мяне з рук валіцца. Іншыя клопаты ў галаве… Канешне, вяселле. Радасць. Але прызнаюся табе… Ірыне не кажы… усю раніцу не пра вяселле думаю… не пра Глеба. Пра Барыса. Як ён дабіраецца.

— Гэта каторы ў Афганістане?

— З Афганістана ён, дзякуй богу, вярнуўся. На Каўказе цяпер.

— Вольга Андрэеўна! Страшна гэта, калі сын ваюе?

— Што ты, дзяўчынка мая, не тое слова — страшна. За год я ніводнай ночы не паспала пачалавечы… пасівела. Часам Валодзю… Уладзіміра Паўлавіча ненавідзела, што ён можа спаць… храпіць на ўвесь дом.

— Навошта нам была гэтая вайна?

— Вось гэтага я табе не скажу, хоць у сё перачытала, усё праслухала… кожную вестачку замежнага радыё лавіла. Галасы ix. Ніколі раней не слухала… Пыльчанка ажно злаваў. «Што гэта цябе на палітыку пацягнула?» Пацягне, — i нечакана для самой сябе: — А Барыс падабаецца табе?

Тамара зачырванела. I Вольга Андрэеўна ўзрадавалася гэтаму: значыць, не абыякавая, значыць, няма ў яе каханага, i яна, як кожная дзяўчына, думав пра будучага абранніка, a думкі такія, помніла сваю маладосць, салодкія i страшныя. А тут яшчэ i рамантычна, незвычайна: лётчык, герой, брат сестрынога мужа, i знаёмства адбудзецца ў дзень Ірынінага вяселля.

Вольга Андрэеўна — чалавек шчыры i просты. А тут хітравала, рабіла псіхалагічны націск: разоў колькі вярталася да размовы пра Барыса. A ўрэшце, яна проста не магла не гаварыць пра яго. Не было б Тамары — гаварыла б з Ганнай, сама з сабою.

Уладзімір Паўлавіч як у ваду глядзеў: Барыс спусціўся з неба.

Звыклы тут шум самалётаў: блізка ваенны аэрадром, ды i сельгасавіяцыя базіруецца побач. Таму Вольга Андрэеўна не звярнула ўвагі на верталёт, які прагрымеў над домам. А Тамару зацікавіла: чаму ён кружыць? Там у ix, над Прыпяццю, так нізка авіяцыя не лятае, кажуць, таму, што атамная блізка.

Верталёт ваенны, з зоркамі, сеў за гародам, на асушаным тарфяным балоце. З яго саскочыў чалавек у лётнай форме, з чамаданам, памахаў пілотам рукой, i машына ўзвіхрыла пясок — былое балота даўно ператварылася ў пясчаны плац.

Тамара здагадалася: ён! Чула ад сястры пра брата яе нарачонага, чула ледзьве не легенды пра Барыса.

Сказаць маці i сустрэць самой? Хацелася незвычайнага, сюрпрызаў — i для Вольгі Андрэеўны i… для сябе.

Пайшла насустрач.

Брамка з гарода ў поле зачынена на ржавы замок, з восені не адчыняўся. Барыс з лёгкасцю ката перамахнуў цераз плот. Але ўскапаная на зіму зямля была яшчэ грузкая, i ён чарпануў яе чаравікамі, Выскачыў на адной назе на сцежку. Зняў чаравік, выціраў яго насоўкай.

Тамара наблізілася, баючыся пырснуць смехам. Весяліла яе не тое, што ён ускочыў у гразь, а як хітра i гарэзліва ён назірае за ёй, незнаёмкай, на бацькавым гародзе: быццам бы глядзіць Mімa, на дом, а на яе — як глядзяць на незнаёмага чалавека на гарадской вуліцы, але яна адчувае, што ўся ўвага яго скіравана на яе. Ажно няёмка зрабілася, што яна, дурніца, як школьніца, вытыркнулася наперад у кароткім халаціку, фартушку, выставіўшы каленькі. Якое мела права сустракаць яго раней за маці? Цяпер ёй было сорамна. А ён… акцёр, аднак…

— Усё-такі пасадзіў Пыльчанка ў балота. А хваліўся, што ўсе балоты асушыў. Мог бы i дывановую дарожку палажыць.

Гаворыць ёй так, быццам яны сто гадоў знаёмыя i бачыліся гадзіну назад.

— Каб жа ведалі… Маці бегае на аўтобусную станцыю.

— Ха! Буду я ездзіць на разбітым аўтобусе.

— Ого!

— Што — ого? Але чакай… Дай экіпіравацца. Стаю на адной назе, як бусел.

Абуў чаравік, выцер рукі, перагарнуўшы насоўку, кінуў яе на мяжу.

I раптам зрабіў спалоханыя вочы.

— Я спазніўся? О, божа! Так ляцеў!..

— Куды?

— На вяселле.

— I прыляцелі.

— А ў доме — маладая гаспадыня. Кланяюся табе. Па законах продкаў я павінен пацалаваць братаву жонку, — і, расставіўшы рукі для абдымкаў, рушыў да Тамары.

Яна адступіла i пагразіла пальцам.

— Па законах продкаў жонку брата нельга цалаваць.

— Ды ну? Недасканалыя законы. Мусульманскія.

— А па-другое, я — не жонка. Я — сястра Ірыніна.

Барыс спыніўся.

— Ба-ба! А я, лапух, не здагадаўся. Пачакай, запушчу камп’ютэр, вылічу — якая. Шчаслівы атамшчык пісаў вашы імёны, — шчоўкнуў языком, як кнопкай уключальніка, — Выдаю… Тамара!

Дзяўчыне стала весела, што Барыс адгадаў яе імя, хоць гэта i няцяжка, калі Глеб апісваў сясцёр, ix узрост.

— У такім разе я павінен абавязкова пацалаваць цябе.

— Вы кожнае знаёмства пачынаеце з пацалунка?

— А як жа! Ваюем за тое, каб усё чалавецтва цалавалася. А яно не хоча…

Здаецца, жарт, звычайная маладзёжная балбатня, іронія з філасофіі міратворчасці, характэрная для яе ўзросту, для яе студэнцкага асяроддзя. I яна гатовая была адказаць у тым жа стылі. Ды тут убачыла, як раптам змяніўся гэты вясёлы чалавек, знікла яго гарэзлівасць, жаданне блазнаваць, няхай ненадоўга, на міг, але выразна выявілася, як на змену лёгкім i вясёлым думкам прывалілі, што валуны, цяжкія, чорныя. I Тамара, чулая душа, зразу мела яго, бо ведала, дзе ён ваяваў, каб чалавецтва цалавалася. I яна нечакана для сябе абняла яго.

— Не трэба, Бора, не трэба.

— Не трэба, — пакорліва згадзіўся ён, ласкава пагладзіўшы яе плечы. Цеплыня яе ўлілася ў сэрца, i ён адчуў спакой i радасць, тую незвычайную радасць, якую не ведаў ужо даўно, якую сніў хіба — кал i сніў маці, дом там, у Афганістане.

— Хадзем да маці, яна чакае.

— Так, хутчэй да мамы.

— Мы забылі чамадан. Я вазьму…

— Я вазьму. Ён малы, але цяжкі.

— Мы, Пустаходы, — не слабое племя. Кожная з нас вартая траіх мужчын — так бацька кажа.

— Але не забывайся, што я — афіцэр. Хіба я магу дазволіць?

Барыс вярнуўся да плота, легка падняў чамадан.

— Зробім маці сюрпрыз? Каб вы… сапраўды з неба спусціліся.

— Давай на «ты». Мы ж, лічы, родныя ужо.

— Не. Маці нельга палохаць. Ты пачакай у двары, а я падрыхтую Вольгу Андрэеўну.

Тамара прыбегла ў дом, на кухню. Вольга Андрэеўна глянула на яе, здзівілася.

— Як ты свецішся, Тома! Даўно не бачыла, каб чалавек так свяціўся. Само сонца. Ад чаго?

— Хочаце сюрпрыз? Заплюшчыце вочы.

— Не палохай мяне, дзіця, — не адразу сцяміла жанчына, шукаючы адгадку такой дзявочай радасці.— Старыя баяцца сюрпрызаў.

— Не. Вы заплюшчыце вочы.

Чаму i не пагуляць бібліятэкарцы дзіцячай бібліятэкі ў дзіцячую гульню? I яна са смехам закрыла твар далонямі.

Тамара адчыніла дзверы i за руку ўвяла на кухню Барыса. I Вольга Андрэеўна праз растапыраныя пальцы ўбачыла, як сын і дзяўчына па-змоўшчьщку пераміргнуліся.

Маці кінулася да сына. Абняла яго, цалавала, выцірала слёзы i смяялася. Але варухнулася ў яе раўнівае пачуццё ад таго, што дзеці так хутка пазнаёміліся i так хутка змовіліся рабіць ёй сюрпрызы. Асудзіла Тамару: залішне па-сучаснаму. Сыну не кінула такога папроку, хоць даўно ведала яго спрыт на знаёмства з дзяўчатамі. О, маці! Паўгадзіны назад ёй хацелася, каб Барысу падабалася Тамара, пераканала сябе, што толькі такая жонка можа даць шчасце яе сыну, засцерагаць яго ад неразумных дзеянняў, учынкаў. А цяпер раўнавала. Не спадабалася нават тое, што яны так хутка i лёгка перайшлі на «ты». Унюхала яго мужчынскія слабасці за пяць мінут!

Насцярожана, да ганебнага падглядвання, чаго не рабіла нават тады, калі семнаццацігадовы Борка ціскаў сваіх аднакласніц, сачыла за адносінамі сына i сястры нявесткі. Яны разам, ахвотна i ўмела, пачалі памагаць ёй гатаваць i накрываць сталы. Трохі супакоілася, калі пераканалася, што ніякіх глуп стваў не толькі ў дзеяннях, але i ў размове не да зваляюць сабе ні яе перарослы сын, ні маладзенькая студэнтка. Але ўсё роўна засталіся рваныя шматкі пачуцця: быццам бы яна пайшла на непрыстойнасць, калі марыла пра ix збліжэнне, Гэта трохі азмроч вала яе настрой, які пасля таго, як дачакалася Барыса, мог быць што гэты вясновы дзень — без адзінай хмурынкі на небе яе душы.

bottom of page