top of page

I


Лявонцій Мікалаевіч — вялікі працаўнік. Ca студэнцкіх гадоў у яго быў суровы парадак — прачынацца не пазней шасці. Толькі тройчы за год ён дазваляў сабе паснаць пазней — першага студзеня, другога мая i восьмага лістапада. Адсыпаўся ледзьве не да абеду, набіраў сну на месяцы напружанай працы. У яго пурытанскім жыцці — не піў, не курыў, не гуляў ні ў карты, ні ў більярд, на лыжах, праўда, хадзіў — тры дні сну былі ўзнагародай не толькі самому сабе, але i ўзнагародай хатніх — жонкі, дачкі, унукаў: усе шанавалі i пільна ахоўвалі яго сон. Акрамя зяця. Той, няўдзячны свінтух, п’янюга, мог па-конску фыркаць у ванне, па-разбойніцку свістаць пад акном дачы. Любога іншага за такую непавагу Дырэктар расцёр бы ў парашок, а зяця не крані: жонка i дачка дзьмухаюць на яго, як на скулу, — не пакрыўдзіўся б Генадзічак; ад крыўды яго пакутавала хваравітая Тоня. Чуў, як за адчыненым акном зяць бухае валейбольным мячыкам. Чуў нават як упрошвала дачка i павяла некуды ў лес ці на пляцоўку побач з дачай суседа. Няхай пабухаюць ля таго аматара паесці, выпіць i паспаць.

I Лявонцій Мікалаевіч зноў пагрузіўся ў салодкі сон. I сніў прыемнае — дзіцячую гульню.

Разбудзіла жонка, далікатна тузала за плячо.

— Лёня… Лёня, прачніся. Тэлефон. Ягор Кузьміч.

Напружыў сонную памяць, успамінаючы, хто з яго падначаленых Ягор Кузьміч, каб у думках паслаць яго… Але ўбачыў трубку, якую працягвала жонка, — пераключыла тэлефон на спальню; па колеры трубкi сцяміў, які Ягор звоніць. Адкінуў коўдру, падхапіўся з ложка, выцягнуўся ў пакамечанай піжаме ўсё роўна як у парадным мундзіры.

— Слухаю, Ягор Кузьміч.

— Ca святам.

— Дзякую. I вас.

— Што ў вас робіцца ў сувязі з аварыяй?

— У нас? Паставілі жывёлу на стойлавае ўтрыманне. Учора на трыбуне на гэтай меры настойваў старшыня аграпрома.

— На якой адлегласці вы?

— Кіламетраў сорак-пяцьдзесят.

— Ды не. Мне далажылі: бліжэй.

— Вы маеце на ўвазе вёскі?

— У сё, дзе жывуць людзі.

— Вёскі бліжэй. Райцэнтры…

— Ёсць думка вучоных: эвакуіраваць з вашых сёл малых дзяцей i цяжарных жанчын. Не цягніце. Увечары засядае Палітбюро. Буду дакладваць.

— Слухаюся, Ягор Кузьміч.

Палажыўшы трубку, Лявонцій Мікалаевіч ажно застагнаў, спалохаўшы жонку.

— Што здарылася, Лёня?

— Нічога.

A перажываў ён з-за драбязы. Для каго іншага, можа, i драбяза, а для яго — аварыя. Не мог дараваць сабе. Навошта павялічыў адлегласць? З якой мэтай? I атрымаў моцную пстрычку па носе. Слёзы коцяцца. Каб жа не ведаў, то было б даравальна. Але ж добра ведаў, на якой адлегласці ад станцыі бліжэйшыя беларускія вёскі, назвы гэтых вёсак запомніў з тапаграфічнай карты — дакладваў начальнік грамадзянскай абароны. Але як дакладваў? Без трывогі. Во хто вінаваты — начальнік. I вучоныя. З ix трэба зняць стружку!

«Што ў вас робіцца?» А што ў нас робіцца?

Пазваніў загадчыку аддзела навукі. Падняў з ложка, як паднялі яго. Спытаў без вітання, без прэамбулы:

— Што ў нас робіцца па дакладной Мартынюка?

Іван Міхайлавіч засоп у нос. Што робіцца? Дакладная, пазначаная сінім i чырвоным фламастэрамі, была спушчана яму, але, акрамя яго размашыста напісанага прозвішча, ніякай рэзалюцыі на ёй не было. Што ж можна было зрабіць?

— Выехала група з Гомельскага універсітэта.

— Медыкі выехалі?

— Гэта не па маёй часці.

Дырэктар вылаяўся.

— Дзеячы! Раздзялілі рэспубліку на дзялянкі. I самі не знаеце, дзе чыя частка. Я павінен паказаць вам. Чаму Мартынюк не дачакаўся прыёму?

Іван Міхайлавіч сціснуў трубку да болю ў пальцах i засоп мацней. Паспрабуй сказаць, што чакаў да шасці вечара. Немагчыма прадбачыць рэакцыі. Але пэўна адно: з памочнікам адносіны сапсуеш, бо віна будзе перанесена на яго, калі сказаць шэфу праўду, што званіў памочніку многа разоў у прысутнасці акадэміка. Сябе Дырэктар не абвінаваціць, не было такога яшчэ. Вінаватымі будуць яны, выканаўцы.

Уздыхнуў, сумна згадзіўшыся:

— Не дачакаўся.

— Ганарысты народ! Вучоныя! Анархісты. Пабылі б у нашай скуры. Знайдзіце Мартынюка. Зараз жа. I збярыце загадчыкаў i міністраў. Начальніка грамадзянскай абароны. Астатнім я пазваню сам. Праз гадзіну нарада… У зале пасяджэнняў…

Іван Міхайлавіч змоўчаў, у яго пасінелі не толькі пальцы рукі, што сціскала трубку, але i вушы.

— Вы ў арміі служылі?

— Служыў, Палітработнікам.

— Яно i відаць. Лічыце сябе мабілізаваным. Сітуацыя незвычайная. Задачу зразумелі?

— Так точна.

— Вось так. Дзейнічайце.

Івану Міхайлавічу хацелася завыць. Чаму «Дырэктар» наваліўся на яго? 3-за Мартынюка? Быццам Васіль Данілавіч вінаваты ў аварыі. Сабраць за гадзіну загадчыкаў аддзелаў, міністраў… Усіх? Ды гэта ж семдзесят чалавек! Дзе ix знайсці ў святочны дзень? У прыёмнай, на тэлефонах, — адзін дзяжурны. Хто? Можа быць такі, што не вельмі i паслухаецца загадчыка аддзела. Ёсць жа вялікая арганізацыйная служба. Чаму не кіраўнікам гэтай службы даў шэф такое даручэнне, а яму? Помсціць вучоным? Ён не любіць ix. Але разважаць няма калі. Круці, Ваня, дыскі. Круціся, Ваня, сам!

Сабраліся са спазненнем на сорак мінут у палавінным саставе. Лявонцій Мікалаевіч увайшоў у залу з бакавых дзвярэй, паглядзеў на свой ручны гадзіннік, пасля на насценны, як бы зверыў ix, i перавёў суровы позірк з-пад рудаватых, быццам падпаленых броў на Івана Міхайлавіча. Той, нябога, ажно ўціснуў галаву ў плечы. Але падняўся кіраўнік справамі i выручыў: смела растлумачыў, што астатніх людзей знайсці не ўдалося.

— Зашыліся ў падполле?

— Пад коўдры, — пажартаваў нехта пад лёгкі смяшок.

Лявонцій Мікалаевіч жарту не падтрымаў. Твар яго набыў звыклы выраз сур’ёзнай дзелавітасці. Цанілі яго за адно — доўгіх прамоў не любіў, асабліва ўстўпаў розных, браў быка за рогі адразу.

— Пытанне адно: што ў нас робіцца ў сувязі з аварыяй?

Прысутныя напружыліся i ажно пацягнуліся ў яго бок, наставілі вушы: кожнаму хацелася даведацца — а што ж робіцца? Нарэшце, можна даведацца не ад шафёраў i цешч, а з вуснаў кіраўніка, які мог размаўляць з генеральным. Але не пачулі яны гэтага. Лявонцій Мікалаевіч падняў міністра аховы здароўя.

— Што робіць медыцына?

Міністр быў смелым чалавекам, калегі, праўда, спрошчана тлумачылі яго смеласць: мае вучоныя ступені i валодае прафесіяй, якая нядрэнна можа карміць, — добры хірург; такі можа i жарты дазволіць у адрас начальства.

— Мы не маем інфармацыі аб радыяцыйнай абстаноўцы, акрамя той, якую перадаў мне ўкраінскі калега i якую я атрымаў, калі пазаўчора наведаў Чарнобыль. Я дакладваў вам. На станцыю мяне не пусцілі…

— На станцыю i мяне не пусцілі,— сказаў Mapтынюк.

— I вы былі ў Чарнобылі?

— Яшчэ дваццаць сёмага.

Лявонцій Мікалаевіч закрэсліў гераізм аднаго i другога ўедлівай заўвагай:

— Пабыць у Чарнобылі — усё роўна што пабыць у Брагіне.

Хтось з падхалімаў хіхікнуў.

Іншыя расчаравана панурыліся: выходзіць, i ён знае не больш таго, што вядома ім. У Лявонція на шыі, уніз ад вушэй, папаўзлі багровыя плямы.

— Грамадзянская абарона.

Генерал стукнуў абцасамі.

— Я не паспеў заехаць на работу. Дазвольце паехаць узяць даныя за ўчарашні дзень.

Прысутныя засмяяліся. Генерал спапяліў ix позіркам: о, каб гэтыя капітаны трапілі пад яго каманду! Ён быў у гэтай зале радзей, чым самыя «нековровые» — міністры фінансаў i сацыяльнага забеспячэння, i не ведаў прыкмет буры. Астатнія ведал i. Пабялелы лоб i цяжкая хада з сярэдзіны стала ў канец яго i назад да супрацьлеглага тарца, як бы развага перад доўгай прамовай, добра вядомыя сімптомы блізкага выбуху, калі «Дырэктар» «зрываўся з тармазоў», не падбіраў словы i наладжваў такі разнос вінаватаму, што таму месяц свярбела, калі ўвогуле тырада не канчалася аргвывадамі.

Але генерала ратаваў Мартынюк, які сціпла сядзеў у канцы залы за сталом для рэдактараў i карэспандэнтаў, яму патрэбны быў стол — на ім ляжаў расчынены дыпламат, поўны папер.

— Дазвольце мне.

Лявонцій Мікалаевіч ажно ўздрыгнуў — што хтось адважыўся перапыніць яго. Але, ацаніўшы сітуацыю, бадай узрадаваўся.

— Калі ласка, — аднак, цяжка сеўшы — не да л i выпусціць пары, папярэдзіў: — Але прашу ўлічыць: слухаць лекцыю ў нас няма часу.

— Пяць мінут.

— Прашу.

Акадэмік гаварыў мінут дваццаць, бо пасыпаліся пытанні. Перадаў усе даныя, якія яму ўдалося атрымаць ад маскоўскіх, кіеўскіх калег, навуковыя разлікі, уласныя замеры, якія зрабіў у выніку пазаўчарашняй паездкі ў паўднёвыя раёны Гомельшчыны, Tоe, што ён паспеў з’ездзіць i ў Чарнобыль i туды, зрабіла ўражанне i на кіраўніка i на ўсіх удзельнікаў нарады.

— Вашы рэкамендацыі?

— Першачарговыя — кароткія: эвакуіраваць насельніцтва па меншай меры з пяцідзесяцікіламетровай зоны.

Лявонцій Мікалаевіч адзначыў, што вучоны зменшыў радыус, у дакладной было сто, але не нагадаў пра гэта — не дыскусійная тэма. Не для таго сабраў кіраўнікоў ведамстваў, каб абмяркоўваць даклад акадэміка, для таго, каб выконваць указание Ягора Кузьміча.

Паглядзеў на гадзіннік, зноў гэтак жа — на свой, ручны i на электронны насценны. Вымусіў шмат каго таксама засекчы час на сваіх швейцарскіх i японскіх.

— Усім… — падкрэсліў: — Усім! — кіраўнікі насцярожыліся. — Праз гадзіну выехаць у раёны, — назваў пяць раёнаў.— Сёння да вечара з вёсак, якія будуць названы, вывезці малых дзяцей i цяжарных жанчын! Задача зразумелая?

Зразу мел ая. Але многім хацелася лезці пад стол: няма ix тут, не чулі яны.

— У дваццаць два нуль-нуль сустракаемся ў Гомельскім абкоме.

Хтосьці ціхенька ўхнуў: дабрацца за чатырыста вёрст, правесці такую работу i імчаць паўтары сотні кіламетраў з дакладам.

— Пытанні ёсць?

— A з транспартам як? — нясмела піскнуў міністр культуры.

— У вас што — няма транспарту?

— Вадзіцелі ўсе да цешч раз’ехаліся. Свята, — адказаў вядомы гумарыст — міністр лясной гаспадаркі.

— Памагчы вам сабраць вадзіцеляў? — саркастычна спытаў Лявонцій Мікалаевіч, але тут жа злітаваўся, загадаў свайму намесніку: — Арганізуйце авіярэйс на Мазыр. — Міністру аўтамабільнага: — Вышліце сорак аўтобусаў.

— Дзе ўзяць? — ахнуў міністр.

— Я падумаю за вас — дзе ўзяць.

Не, лепш думаць самому.

Спускаючыся па лесвіцы, кіраўнікі змрочна жартавалі:

— Вясёленькі Першамай.

— Першамай мінуў. Вялікдзень наступав.

— Яйкі сабраўся фарбаваць?

— Яны самі пасінелі.

Міністр культуры разгублена i спалохана звяртаўся да калег — як хлапчук:

— А мне навошта ехаць, таварышы? Не разумею. Мне — навошта?

— Глядзі! Не разумев чалавек. Дрэнна ты слухаў. А оперны тэатр хто павязе?

— Які тэатр? Навошта?

— Псалмы спяваць. За ўпакой раба божага Юрыя.

— Глядзіце, як бы не праспявалі за ўпакой рабоў божых.

— А дзе чортаў фізік? Навыдумлялі геніі! А як ахоўвацца ад радыяцыі? Слова не сказаў. Касцюмы хоць якія ў каго ёсць?

— Твае ж фабрыкі шыюць ix. I ты — кіраўнік грамадзянскай абароны ў сваёй парафіі. У каго пытаеш?

— У сябе пытаю! У сябе! Давайце спытаем у саміх сябе. Мякка ён з намі гаварыў…

— Чакай, ён табе падсцеле саломкі.

— Не мітынгуй. Вазьмі ў машыну. Я свайго Пецю не знайду.

— Думаеш, я знайду?

— Значыцца, самалётам?

— А там каму кланяцца?

— Аляксею, чалавеку божаму.

— Не, навошта мне ехаць? Таварышы!

— У каго ты пытаеш? У яго ідзі спытай.

Убаку:

— Мандражэ ўзяло скакунка нашага.

— Гэта яму не да актрыс лазіць.

— A праўда — што адзяваць?

— Саван. Менш клопату будзе.

— Гумар шыбеніка ў цябе, Сяргей Цімафеевіч.

— А табе што — Хазанава трэба?

— Хазанаў падыходзіў да ўчарашняга настрою. Хіба не праветрыўся яшчэ?

— Нічога, там праветрымся — на радыеактыўным скразняку.

— Жарты жартамі, а японцы ўцяклі яшчэ пазаўчора. Прафсаюзная дэлегацыя. Прыляцелі i — назад. «Карандашы» ix гвалт узнялі. Завылі, што пажарныя сірэны.

— Праўда? Ды выкінь ты свой д’ябальскі гумар! Знайшоў час для жартаў! Раскажы па-чалавечы.

— За што купіў — за тое прадаю. Ад прафсаюзнікаў пачуў. Пазвані ім — яны раскажуць. Толькі — спяць, заразы.

— Пазвані! Жонка на дачы. Ключы ад кватэры забыўся. Што адзяваць?

— Хадзем — дам рыбалоўную робу. Спяцоўка — што трэба.

— А гэта ідэя — парусіну нацягнуць.

— Прыляціць брыгада рыбаловаў.

— Лавіць рыбку ў мутнай вадзе.

У фае, дзе вартавалі міліцыянеры, міністры змоўклі, разбіралі з вешалкі капелюшы сур’ёзна i паважна.

Міністр культуры ўважліва паглядзеў у люстра, адзначыў, што змен у знешнім выглядзе не адбылося, мог бы парадавацца, але змрочна ўздыхнуў: пашкадаваў сябе, такога прыгожага.
 

bottom of page