top of page

IV


Уладзімір Паўлавіч не паверыў, што Глеб паехаў рыбачыць. «На пасеку твой жаніх з доктаркай забраўся», — кінуў ён жонцы. Вольга Андрэеўна абразілася. Па-першае, за сябе: другі раз муж напамінае пра яе даўняе. Па-другое, за сына: не такі Глеб, Ірына таксама. Ды i логікі няма. Калі б яны жылі да вяселля, то навошта ім забірацца ў патаемнае месца за суткі да шлюбнай ночы? A калі захоўвалі сябе да ўзаконення свяшчэннага саюза, дык тым больш не зробяць такога глупства перад самай урачыстасцю.

Адплаціла мужу:

«Вы што, даярак возіце на пасеку, што знаеш усе выгоды?»

A між тым Глеб сапраўды рыбачыў усю ноч — у адстойніках станцыі, у цёплай вадзе, у зоне, куды дапускаліся толькі свае работнікі. Рыбачылі цэлай брыгадай. Намеснік па гаспадарцы з нагоды вяселля дазволіў ім нават парыбачыць у запаведным адстойніку, дзе разводзілі рыбу для сваёй рабочай сталоўкі. Усе разумелі, што ў Прыпяці пры вясновай вадзе за рыбай не ўгонішся.

Адтуль, з Прыпяці, i прыехаў Глеб з рыбай i сябрамі. На двух «Жыгулях».

Старому Пыльчанку ажно не спадабалася, што ў калгас пойдзе такі картэж. Меркаваў абысціся сваімі дзвюма машынамі. А з калгаса ў раён далучацца машыны нявесціных сваякоў, ix паўвёскі i немала на колах; шыкануць, як i сам Іван, любяць; мужыкі, a замашкі шляхецкія. А вакол людзі — у полі, у сёлах, тут, у райцэнтры. I адразу паляціць: вунь як жэняць дзяцей начальнікі! А час такі, што i пісака з сатырычным пяром можа апынуцца не толькі ў ліку зайздросных разявакаў, але i сярод гасцей. Вып’е тваёй гарэлкі i цябе ж распіша. Але думка такая не занепакоіла, a развесяліла — вясёлы час! Ды i настрой добры, адразу змяніўся, узняўся, як толькі ў кабінет, дзе ён схаваўся ад наведвальнікаў, пазваніў Барыс. Змяніў голас, паспрабаваў разыграць:

— Таварыш Пыльчанка? З Саўміна звоняць. Што гэта ў вас малако пацякло ўніз? Фантанам… Фантанам павінна біць! А то па вас ударым.

Пазнаў па першых словах. Хіба можна не пазнаць сына!

— Бора! Чортаў ты сын! Адкуль ты?

Ведаў, што з дому, спытаў так — для радаснага ўзрушэння. Дзіўна, ажно сэрца заскакала ўпрысядкі. Здзівіўся. Ніколі так не радаваўся прыезду сыноў, прымаў падзею ca спакоем, які крыўдзіў Вольгу. Здаецца, нават тады не ўзрадаваўся, калі Барыс прыехаў на пабыўку пасля звароту з Афганістана. Гэтак жа пазваніў яму на работу, i ён, бадай, спалохаўся той раз: якім ён стаў, яго любімы сарвігалава, на якога неаднойчы некалі прыйшлося паднімаць папругу?

— Машына не трэба?

— Верталёт падавай.

Пачуў у трубцы дзявочы смех.

— Не тлумі га лаву. Дома?

— Мне да цябе бегчы цалавацца? Ці сам з’явішся абняць свайго блуднага сына?

— Мне такі прыйдзецца сёння закрыць сваю кантору.

— Закрывай, закрывай. Малако само пацячэ. А маме трэба наша дапамога. Праўда, тут ёсць адна добрая фея, якая ўсё ўмее. Але намі трэба кіраваць. Без кіраўніцтва мы што без шкалы прыбораў. Крывім лінію. Не тую вышыню трымаем. А куды ты жаніха дзяваў?

— Можа, нявесту сцеражэ.

— А што — нявесту трэба сцерагчы? Во туркі! Красці нявест пачалі. Дажыліся браткі-беларусы!

Чуў усплёскі Тамарынага смеху.

— Не смяшы дзяўчыну.

— Я смяшу? Яна — мяне.

— Глядзі, Дон-Жуан. Не забьюайся.

— Што ты, бацька! Хіба я не джэнтльмен? Афіцэр вялікай Арміі! У нас больш гонару, чым у Андрэя Балконскага.

— Ведаю я твой гонар.

— Дрэнна, бацька, думает пра паветраныя сілы.

— Паветраныя таксама бываюць ветраныя.

— Ха! Пазнаю цябе. Без мараляў ты не можаш? Як цябе трываюць падначаленыя? Перабудоўвайся! Наступав дэмакратыя. Нават да нас даходзіць. Знаеш, які начальнік палітаддзела ў нас стаў? Бацька родны. Цалуе нас, сынкоў. А мы пра яго анекдоты сачыняем.

Уладзімір Паўлавіч не мог адарвацца ад трубкі — так прыемна было слухаць сынаў голас, яго вясёлую балбатню. Не змяніўся Борка. Усё той жа. Калі лётную школу скончыў, пахваліўся, з гонарам, не адзнакамі, а тым, што трымаў першынства па сядзенні на гаўптвахце. Маці жахнулася. А яго рассмяшылі такія сынавы заслугі. Пасля Афганістана Барыс не спадабаўся: жарты яго сталі злоснымі, крыўднымі для людзей. А цяпер яны зноў ранейшыя — лёгкія, без падтэкстаў, гульня слоў, калі на любую заўвагу ён можа адказаць бяскрыўднай тырадай, прыкладам з жьщця, з літаратуры, анекдотам. Дрэнна, калі весялосць Барысава ад таго, што ён паспеў ужо прыкласціся да пляшкі ўпотай ад жанчын. Мінулы раз яшчэ i гэта ўстрывожыла — што абыякавы раней да спіртнога Барыс пачаў выпіваць i адкрыта, i — што яшчэ горай — употай. У гэтыя «разліўныя» дні трэба не спускаць з хлопца вачэй. Вось чаму трэба хутчэй дадому.

Бясшумнай мышкай шмыгнула па кабінеце сакратарка, спачатку цень яе ўбачыў. Сказаў Барысу:

— Скажы маці, што адна нага мая ў кабінеце, а другая ўжо дома. Сігаю сямімільна.

Палажыўшы трубку, радасна паведаміў памочніцы:

— Барыс прыехаў,— i пажартаваў: — Прыйдзецца табе, Ліда, дазволіць мне зрабіць прагул. Гуляць дык гуляць!

— Вас не трэба было сюды пускаць сёння.

— Во гэта праўда.

Каля дома дагнаў яго Глебаў картэж, які не спадабаўся: замнога будзе шыку!

Вось адкуль пачынаецца паказуха — з вяселля. У радавога інжынера-энергетыка. Да таго ж адчуў рэўнасць да Глеба: ён пад’ехаў да дома першы i першы цалаваўся з братам. На вуліцы. I як бы сапсаваў бацьку сустрэчу з Барысам. Знаёміліся Глебавы сябры. А бацька стаяў збоку, як далёкі сваяк. У прысутнасці чужых людзей абняў сына скупа, па-мужчынску i слоў тых не скала у, якія намерваўся сказаць, спяшаючыся дадому.

Хлопцы мітусіліся. Выцягнулі з багажніка цэлы мяшок рыбы. Вольгу Андрэеўну рыба проста спалохала, яна шчыра прызналася:

— Не люблю я чысціць рыбу.

— Бацька ў нас майстра! Бацька! — весела крычаў Барыс.

Драбяза, а нядобра кранула Уладзіміра Паўлавіча, бадай, пакрыўдзіла. Сапраўды, на рыбалцы, на пікніках над Прыпяццю, якія да мінулага года нярэдка рабілі, ён быў душой кампаніі: i рыбак адменны, i кухар — лепшага майстра па юшцы не было, ды i гуляка вясёлы, кампанейскі. А тут яго раптам на ролю памагатага — рыбу чысціць. Дажыўся.

Але, урэшце, гэта сапраўды дробязь — рыба. Горш іншае. Уладзімір Паўлавіч быў не толькі тамадой у кампаніі, але арганізатарам i кіраўніком любога пачынання, любой справы. Інакш не мог. Прывучыла работа, абавязкі гаспадара. Ён не прэтэндаваў на першую ролю ў арганізацыі вяселля, у якім, безумоўна, пераблытаюцца i народныя традыцыі, добрыя i прымітыўныя, старасвецкія, i тое новае, у якім больш дурнога, нудоты, чым сапраўднай весялосці — для душы i маладых i гасцей. Тут Пустаходаў не пераплюнеш, асабліва Лізу, яна з «агледзін» — галоўны рэжысёр. I аднак… ва ўсякім разе, да аб’яднання з Пустаходамі, у сябе дома, па законах людскіх i боскіх, кіраваць вясельным цырыманіялам належала яму, бацьку. Так лічыў. Але i тут яго паслалі «рыбу чысціць». Усё разыгрывалася па іншым сцэнарыі, якога ён не зацвярджаў. I што дзіўна — рэжысёрам i тут, у яго доме, была юная Пустаходзіха — Тамара.

Уладзімір Паўлавіч любаваўся дзяўчынай — як яна камандуе не толькі жаніхом, але i яго сябрамі, з якімі толькі што пазнаёмілася, i… Барысам. I яны паслухмяна выконваюць усе яе загады. Барыс… яго свабодалюбівы, упарты, непакорлівы, непаслухмяны, свавольны, часам цынічны старэйшы сын ходзіць следам за дзяўчынай, як ягнё. Цуд i ганьба! Гэта не тое што не падабалася, а неяк ушчамляла самалюбства, кранала сямейны гонар, ці што.

Вось табе i Пыльчанкі. Задуглялі ix Пустаходы. Тамара нават адзявацца жаніху памагла — устаўляла ў сарочку запінкі, завязвала гальштук, ніхто з хлопцаў не ўмеў завязаць прыгожа гальштук.

— Нам трэба ехаць па нявесту? — запытаў Уладзімір Паўлавіч у жонкі.

— Не. Бацькам жаніха не трэба.

— Ты ўпэўнена? Спытай у Тамары.

— Тамара вышэйшы аўтарытэт? — іранічна, але, бадай, раўніва сказала Вольга Андрэеўна.

— Выходзіць, што так. А мы з табой — апошнія спіцы. Кожнае мерапрыемства павінна мець плансцэнарый…

— Зацверджаны табой?

— Не шпігнуць ты не можаш. У даным выпадку — табой. Калі табе i тваім дарагім Пустаходам захацелася спектакля, то я павінен ведаць сваю ролю ў ім: калі выйсці, дзе стаць i што сказаць…

— Будзь бацькам. Галоўная роля. Добры бацька ў любым спектаклі на месцы. Рэпеціраваць яму не трэба.

Гэта пачуў Барыс, які ўвайшоў на кухню, i засмяяўся.

— Мудрая ты ў нас, мама.

Тамара вырашыла па-свойму, што ехаць Уладзіміру Паўлавічу трэба. Глеб i Барыс падтрымалі яе.

Старэйшы сын нагадаў матчыны словы:

— Бацька ўсюды на месцы.

Урэшце i самому яму хацелася ўбачыць вясельны спектакль ад пачатку да канца i сыграць у ім калі не галоўную ролю, то не заставацца статыстам. Бо адыдзеш убок — i забудуцца на цябе, пасля не здолееш упісацца ў ансамбль акцёраў.

Тамара пазваніла сваім.

— Едзем!

Адно слова — ніякіх тлумачэнняў. Барыс зарагатаў.

— Во лаканічнасць! Табе трэба ў нас служыць. Нам патрэбны такія каманды. А то іншы цягне гуму. Пакуль выцадзіць, я паўсотні вёрст адмахаю.

Уладзімір Паўлавіч пазваніў у гараж.

— Падавай, Змітро, машыну.

Шафёр спытаў:

— Дзве?

— Хопіць адной, — быццам адна машына нешта значыла ў картэжы, у тым, што пойдзе з калгаса ў райцэнтр.

— Давай, бацька, дзве, — сказаў Глеб, які апынуўся побач. I ён паслухмяна згадзіўся:

— Добра. Давай дзве.

I ўзлаваўся — на сябе, на Змітра, які добра ведаў, колькі машын трэба, на Глеба. Усе сёння камандуюць ім, i ўсім ён саступае — не па характары сваім. Але раздражнёнасці баяўся, змрочнага настрою баяўся, бо ў апошні год часам упадаў у апатыю, абыякавасць; палохаўся гэтага — прыкмета старасці.

Тамара ведала, што дома Ліза не дасць ёй камандаваць, хоць месца ў сямейным рангу яна трымала не па ўзросту, бадай трэцяе — пасля бацькі i Лізы. Ды на гэтым этапе вяселля роля сувязной — ці не галоўная. Дзяўчына ўгаварыла Глебавага сябра Платона Кулініча павезці яе на пяць мінут раней. Барыс памкнуўся з ёй, але тут дзяўчына зрзумела, што недарэчна ёй з’явіцца з братам жаніха, інтуітыўна адчувала, што такое парушэнне рытуалу асудзяць не толькі бабкі яе i цёткі, але i Ліза — галоўны рэжысёр.

Персанальная машына старшыні ўзначаліла картэж. Прывычка маладога шафёра: другім ці трэцім ён трымаўся, калі ехалі з высокім начальствам. Можа, так i рушылі б, але да машыны выскачыла ледзьве не спалоханая Вольга Андрэеўна, кінула мужу:

— Не ўздумай жа ехаць першы, а то за жаніха палічаць.

Зноў ім камандуюць. Як малым. Пры шаферу.

Але сапраўды мог ірвануць першы, бо было жаданне адарвацца ад вясельнага картэжа. Яшчэ ад аднаго глупства папярэдзіла жонка — ад недазволенай хуткасці, бо маладыя ад яго не адсталі б. Яшчэ не хапала ў аварыю ўляцець.

— Дрэнна ты пра мяне думаеш.

— Добра я пра цябе думаю.

За горадам Уладзімір Паўлавіч на нейкі час забыўся на вясельныя клопаты. Радавалі прасторы палёў. За гэтыя дні густа пайшла зеляніна, азіміна раскусцілася, загусцела, здаецца, відаць, як калышацца яна — не ад ветру, бязветрана, ад гонкага росту. Узышоў ячмень. Удалечыні працуюць бульбасаджалкі, ужо ўзнімаюць пыл. Не пашкодзіў бы i дожджык, незацяжны, кароткі i дружны, майскі. Але падумалася, што дождж можа сапсаваць урачыстасць. Аднак жа i на вяселлі дажджу радуюцца: на шчасце, на багацце. А багацце — гэта ўраджай. Аднак хто цяпер думае пра ўраджай? Але там, куды яны едуць, думаюць. Любіў ён людзей, якія працуюць на зямлі. Таго ж Пустахода, упартага чорта, якога, бывала, не ўламаць, калі што не так, як яму хочацца, хіба на бюро райкома пераконвалі. Цікава, як ён будзе паводзіць сябе, калі яны парадняцца? Нічога. З разумным чалавекам заўсёды можна знайсці агульную мову.

Пасля пералеска зноў пацягнуліся прасторы поля — як вокам кінуць. Асушаныя тарфянікі. Пад шматгадовымі травамі. «Мой малочны палігон» — называе яго тутэйшы старшыня Пятро Бацюта, выхаванец Пустахода. З гэтым вучнем цяжэй, чым з настаўнікам. Залішне шырока разумев перабудову i дэмакратыю. Гэтаму не загадаеш завесці на мясакамбінат лішнюю галаву, каб выцягнуць раённы план. Эканаміст i законнік. Грабе пад сябе. Але i Бацюту ён любіць: нямнога такіх гаспадароў, асабліва маладых. Гэта добра разумев Сінякоў, робіць стаўку на Бацюту, падтрымлівае нават экстрэмізм яго, але рашэнні праводзіць па-старому i лоўка ўзвальвае ix на яго, сівога каня. Хітруны маладыя! Дыпламаты!

Дзіўна, што жаніх не спяшаецца — павольна вядзе картэж першая машына, у якой Глеб, Барыс, дружкі. Не прывык старшыня так разважна ездзіць, заўсёды падганялі справы i час, якога не хапала. A між іншым добра, што можна палюбавацца полем i вясной. Ці любуюцца хоць маладыя? Няхай бы напоўніліся рамантыкай, паэзіяй. Сыны яго. Ці засталася яна, паэзія, у ix душах пасля таго, як адзін панюхаў пораху i пабачыў кроў, a другі без малага два гады сядзіць на атамным рэактары? Як здарылася, што ён ніколі не пагаварыў з імі на гэтую тэму? Ладна, Барыс… калі яго бачыць? А Глеб жа штотыдзень прыязджае дадому. Усё тыя ж праклятыя справы не пакідаюць часу ні на сардэчныя размовы з жонкай, ні на філасофскія размовы з сынамі.

«Робаты мы».

На краі сяла ix сустрэла Тамара. Спыніла картэж.

— Выкуп маеце?

— Каму плаціць? Табе? Ух ты, прыватніца! — смяяўся Барыс.

— Не мне. Там перагарадзілі вуліцу… хлопцы i дзяўчаты.

— Выкупімся.

— Чым? Грошамі? Грошы нікому не трэба.

— У вас што — камунізм?

— Віно трэба. I цукеркі. Не дадумалася я. I нашы не сказалі.

Тамара дастала з «жыгулёнка» з украінскім нумарам вялікую торбу з віном i гарэлкай.

— Во, майце. Што б вы рабілі без мяне!

— Без цябе мы нулі.

У завулку, дзе дом старшыні, тоўпіліся людзі, май жа, уся рабочая сіла сяла, бо стаялі хлопцы, дзяўчаты, маладзіцы i старыя жанчыны. Пасярод вуліцы — стол, засланы белым абрусам. Пыльчанка не мог падкаціць на машыне да гэтай жывой загарадзі. Загадаў шаферу спыніцца воддаль. «Жыгулі» прашмыгнулі за «Волгай», у якой жаніх пад’ехаў да людзей.

Зайгралі два ці тры баяны. Воклічы. Смех. Натоўп абкружыў машьшы. I Уладзімір Паўлавіч не бачыў, як ішла «купля — продаж» нявесты. Цікаўнасць яго не знікла, хацелася пабачыць, як гэта адбываецца. Але ж… пасада i мінулагодняя пастанова. Яны вымусілі адлучыцца ад урачыстасці, адысці ў бок ад народа. Разумеў, што раздражняцца не да месца. Можаш не ўдзельнічаць, але паводзь сябе па-бацькоўску. Аднак усё роўна настроіўся супраць свата: наладзіў спектакль у рабочы час, калі ідзе сяўба! Ведаў, што жанчынам няма яшчэ чаго ў гюлі рабіць, даволі трактарыстаў i анератараў сеялак. Але псіхалогія кіраўніка — заразная рэч, i на вяселлі сына на першьш плане думкі пра сяўбу. Не, хітраваў сам з сабой. Не ў сяўбе справа, не за сяўбу ім з Пустаходам могуць запісаць — за традыцыю. Ад гэтага было брыдка, мацнела раздражнёнасць.

Павольна паўз хаты i платы наблізіўся да натоўпу. Там усталяваліся ўжо адносны парадак i цішыня. Людзі адступілі ад стала, утварыўшы жураўліны клін. На стале стаяла батарэя пляшак, выходзіць, не толькі з тае торбы, якую перадала жаніху Тамара. Гэта яшчэ больш настроіла супраць Пустахода.

«Ох, нарываецца Іван на вымову».

Глеб з дружкамі па рэжысуры Тамары частавалі людзей віном i гарэлкай. Дасціпныя маладзіцы яўна рабілі «скаромныя» пажаданні, бо выбухнуў смех.

На шчасце, на Пыльчанку не звярнулі ўвагі, хоць ведалі многія, выкупу не патрабавалі — далікатныя людзі, i ён непрыкметна мінуў небяспечную зону. З Іванам сутыкнуўся тварам у твар. Нават не пазнаў свата. Новая генерацыя старшынь — багатыя людзі, інтэлігенты. На рабоце адзетыя па-рознаму, але на пленумы, сесіі, нарады прыязджаюць, што тыя дыпламаты — у дарагіх касцюмах, у модных сарочках, імпартных гальштуках. Адзін Пустаход нязменна іграў мужычка, нават тады, калі ехаў у Гомель ці Мінск. Клятчастая байкавая кашуля, пакамечаны пінжачок, зімою — у валёнках з галёшамі, вясной i ўвосень — у ботах. Былы першы неаднойчы прабіраў яго за гэта: «Кулак ты, Іван Іванавіч». — «Я ў балотах жыву». — «Якія балоты! У цябе асфальт праложаны, а ты ў дзедаўскіх галёшах у райком ездзіш. Пасаромейся людзей».

А тут паўстаў перад Пыльчанкам элегантны мужчына. Высокі, па-маладому стройны (хоць увогуле Пустаход сутуліўся), адзеты ў цёмна-шэры, вельмі ладна падагнаны касцюм, шэры з чырвонымі палоскамі — у тон касцюму — гальштук. Нават галава змянілася — добра прычэсаныя чорныя валасы з сівізной на скронях; мабыць, раней ён не стрыгся ў добрых цырульнях, а тут пастрыгся ў Гомелі ці ў Мазыры. А вусы нафарбаваў, ці што, — не такія пракураныя, як звычайна. Пустахода часта пыталі: «Іван, як табе ўдаецца не сівець? На такой рабоце! I пры тваім цыганскім абліччы».

Пастараўся Пустаход прыхарошыць сябе да вяселля дачкі! Адчувае ўрачыстасць! А ён, Пыльчанка, у штодзённым касцюме, няхай сабе i нядрэнным, але ж есць лепшы, аднак прынцыпова адмовіуся надзець яго, хоць Вольга i настойвала.

— А я падумаў, цябе Бацюта перахапіў, што не відаць нідзе.

— Баяўся выкуп плаціць. Аднак арганізаваў ты вадапой, я табе скажу. Вадзічку святую з Прыпяці браў? Сяло сабраў.

— А ты засеў, як камандуючы, у тылавым акопе i назіраеш ход аперацыі.

— Нагоніць нам Сіняк сінякоў.

Пустаход бліснуў цыганскімі вачамі.

— Уладзімір Паўлавіч! Каго ты баішся? Гаўно твой Сіняк перад такімі зубрамі, як мы з табой.

— Сівы ты зубр, a выстаўляешся, як п’яны заяц. Сёння ты смелы, а на бюро штаны будуць трэсціся.

Пустаход засмяяўся.

— Будуць. Але… не бойся!..

— Мае становішча зразумей. Мяне пацягнуць вышэй… на бюро абкома.

— Уладзімір Паўлавіч! Я ж цябе ведаю смелым чалавекам.

— Не забывайся пра кампанію. Я баюся кампаній. Па шапцы я атрымоўваў, як правіла, у час кампаній. Некалі, малады i гарачы, я выступіў супраць круглых кароўнікаў. Недурны быў чалавек першы, а картачку мне запэцкаў. «За што, Іван Мацвеевіч?» — «За непавагу начальства. Любі, Валодзя, начальства». Гумарыст быў твой цёзка.

— Цяпер наадварот: ідзе прыстрэлка па началь ству. I яно забіраецца ў бліндажы.

— Вось туды, у «бліндаж», i пойдзе сігнальчык пра твой вадапой. Не думай, сігнальшчыкі i ў цябе ёсць.

— Ды ёсць.

— Што там у цябе на чарзе па сцэнарыі?

— Не бойся. Царкоўнага абраду не будзе. Паабедаем — i ў дарогу. Маглі, між іншым, i ў сельсавеце загіісацца. Тут ты праўду кажаш: лішні шум нам з табой без патрэбы.

— Я згодзен быў на любы варыянт, ты знаеш. Але Ірына i яе саюзніца Вольга…

— СаюзЦц у яе многа. Любяць мае бабы пашумець. Лізу выдавалі — тыдзень гулялі. Ад таго, ка жуць, i сям’я добрая. A ўрэшце — чаму i не пагуляць?

Народ мудры: умеў працаваць, умеў i святкаваць. Якія вяселлі былі!

Моладзь яшчэ шумела каля стала. Заліваліся баяны. Нейкая маладуха сыпала жартаўлівыя час тушкі. Але сталыя людзі разыходзіліся: спектакль завяршаўся. Сваякі ці запрошаныя заходзілі ў Пустаходаў двор.

З’явілася нявеста. Да таго не відаць яе было, што Уладзіміру Паўлавічу спадабалася. Паслядоўнасць рытуалу не помніў, але, па яго логіды, сустракаюць жаніха без нявесты, няхай спачатку «купіць» яе. Наіўна, але паэтычна.

Будучая нявестка даўно падабалася Уладзіміру Паўлавічу. I прыгажосцю сваёй. I сур’ёзнасцю — да жыцця, да навукі. Харошы ўрач расце. А ён, сталы чалавек, бацька, гаспадар, больш за ўсё цаніў у моладзі сур’ёзнае стаўленне да справы. Гэтакі ж i Глеб — улюбёны ў энергетыку. Барыс, дьпс той усё лае, авіяцыю сваю ў тым ліку. Але гэта, відаць, таксама праява сур’ёзнасці — усё крытыкаваць, ва ўсім сумнявацца. Не пустое гэта адмаўленне, хоць часам разважанні старэйшага сына, афіцэра, здаваліся непатрыятычнымі i трывожылі: уліпне ў гісторыю са сваім характарам.

Ірына ўразіла хораша. Ен чамусьці i ўявіць не мог яе ў традыцыйным вясельным убранні. А яна i выйшла не ў ім — у строгім касцюме з парчовай тканіны, як бы вышытай срэбрам. Простая i прыгожая прычоска, прастата такая вельмі ж пасуе цёмным валасам. На твары ніякай касметыкі. Простыя i правільныя рысы, усё як бы ў вымеранай прапорцыі. Акрамя вачэй. Угледзеўся ў ix i ўбачыў, што яны розныя па колеры: левы кары, правы блакітны. Папракнуў сябе i Вольгу: як мы дрэнна глядзім у вочы людзям. Вольга яшчэ тады, кал i Глеб прывёў дзяўчыну пазнаёміць з маці, спытала ў мужа з заклапочанасцю: «Табе не здаецца, што яна трохі касая?» Глупства, дарагая жонка! Прыгледзься пільна! Такія вочы здольныя заваражыць мяне, старога.

Аблічча не кідкае, простае, славянскае — вельмі даспадобы Пыльчанку, не люб i ў лялечных твараў. А вочы — як у іншапланецянкі з фантастычных фільмаў. Дзіўна, як яны ўпачапсу не ўбачылі ix разнаколернасці? Можа, таму, што не свяціліся яны тады так. А тут ззялі ад шчасця. Дай жа бог, каб яны ззялі заўсёды!

I яшчэ а дно ўсхвалявала, па-іншаму ўжо. Бачыў ён Ірыну ў плаццях, у белым халаце, i заўсёды яна выглядала па-дзявочы танклявай, хоць ёй i не васемнаццаць, а дваццаць чатыры. А тут здалося, што спадніца ёй як бы цеснаватая, так шчыльна абцягвала па-жаночаму шырокія клубы.

«Няўжо цяжарная?» — мількнула думка. Урэшце, што дзіўнага? Не юнакі. I столькі гадоў сустракаюцца. Нават хораша ўсхвалявала, што ў хуткім часе ў яго з’явіцца ўнучка ці ўнук, першы. Па ўзросце сыноў даўно ўжо мог быць дзедам. Няхай парадуецца маці, што стане бабуляй, — падумаў з гумарам, але i з уедлівасцю: паглядзі на свайго цнатліўца! Трохі i яго драпнула за жывое, што нявеста не дачакалася законнай шлюбнай ночы. Во праклятыя забабоны! I ён гатовы абвінаваціць у першую чаргу дзяўчыну, як у дзедаўскія часы. Але стала яму сорамна: перадавы, называецца, чалавек! Тут жа падрыхтаваў свой сарказм у размове з жонкай, калі раптам i яна выкажа сваё расчараванне ці хаця б здзіўленне. Не, нявестка ў ix — што трэба. Аблавуху Глебу дастаўся скарб.

Уладзімір Паўлавіч любаваўся Ірынай. Спадабалася, як яна паводзіць сябе ў вясельным тлуме. Яна — у ім, як старонні чалавек, назірае збоку, не без іроніі — на хваляванні маці, сясцёр сваіх Лізы i Тамары; гэтыя — у бацьку: любяць кіраваць. Хоць тут дома Іван Іванавіч паводзіць сябе, бадай, гэтак жа, як i нявеста. Не, нявеста іранічная, а бацька сур’ёзны, нявеста незалежная i нічыіх каманд не прызнае, да гэтага, мабыць, прызвычаіліся ў доме, бо нават Ліза i Тамара ў адносінах сястры не ўжываюць «адміністрацыйна-камандны тон», — з гумарам адзначыў Пыльчанка. A Іван Іванавіч, наадварот, напрошваецца на ix загады, здаецца, ажно радуецца, што ім камандуюць.

Уладзімір Паўлавіч пажартаваў:

— Ніколі не думаў, што так любіш падначальвацца.

— Дык прывучылі ж.

— Хто? Жанчыны?

— Ды не. Вы, начальнікі.

Пыльчанку падабаліся ix адносіны. Цяперашнія.

Яны i раней былі найлепшымі, сяброўскімі. Пяць гадоў назад, знаёмячыся з раёнам, ён толькі ў гэтага старшыні згадзіўся паабедаць, выпіць чарку. Зблізіліся, калі даведаліся пра ўзаемную прыхільнасць дзяцей. I ўсё ж Пустаход заўсюды ўмеў трымацца субардынацыі, непрыкметнай, разумнай. A абвясцілі дзеці аб маючым адбыцца шлюбе, i зруйнаваўся нябачны бар’ерчык, сваяцтва замацавала добрую i верную мужчынскую дружбу сталых людзей — тую дружбу, якая дае шчасце ў свеце, дзе прыходзіцца азірацца. Пры такіх адносінах можна давяраць адзін аднаму ўсё — думкі, сумненні, прагнозы. Не ўсе людзі маюць гэты дарунак — такую дружбу.

Мінута выпала для размовы. I тут жа Ліза загадала:

— Схадзі, бацька, у мой дом, прынясі піва ca склепа. Маіх жаніхоў ад баяна не адарвеш, — гэта яна пра мужа i сына. — Уладзімір Паўлавіч, ідзіце ў хату, пасядзіце, танцаваць жа не будзеце.

— Не, лепш дам гапака. А то яшчэ i мяне прымусіш піва варыць.

Ліза весела засмяялася.

— Во не дадумалася! Трэба было вас на востраў паслаць… А то мае тартыйцы пабаяліся. Сама грэлася каля цяпельца.

— Гнала?

— Дык спажыўсаюз ваш… колькі выдзеліў? Слёзы. Па кроплі на горла. A ў гэтыя жлукты трэба па вядру.

— Пасаджу я цябе сутак на пятнаццаць.

— Не пасадзіце. Надоі ўпадуць.

Застаўся ў двары з паважнымі старымі сваякамі, незнаёмымі, пэўна, з-за Прыпяці, з Украіны, калі меркаваць па ix вымаўленні.

Двор Пустаходаў здзівіў. Не бачыў раней, каб у звычайным сялянскім двары, дзе трымаюць каровы i свінні, молена было навесці такі парадак. Дарожкі пасыпаны жоўтым рачным пяском, вільготным. Палівалі, ці што? Сцяна хаты між акон, ганак упрыгожаны вярбой i бярозай з ружавата-зялёнымі лісточкамі. Як на сёмуху. I пахла незвычайна. Чым? Немагчыма вызначыць. Чысцінёй. Вясной. Святам. Юнацтвам. Але, далёкім, забытым юнацтвам. Пах такі ажно ўсхваляваў. Пажартаваў Пустаходу:

— Адэкалонам ты не пырскаў тут? Смачна пахне.

— Гэта з кухні.

Можа, i з кухні. Але ў яго двары так не пахне, хоць чысценькі дворык заўсёды, гарадскі, курачка хіба суседская заглядвае ды галубы. A ўрачыстасці Hiякай. Можа, цяпер толькі зразумеў жончыны перажыванні, турботы i сваю эгаістычнасць. Яна, нябога, тыдзень мыла i прыбірала. Адна. А ён кпіў. А дарэмна. Толькі тут сцяміў: свята — гэта яшчэ i парадак вось такі, i пахі — не смажаным, а нечым асаблівым, невызначальным, ад чаго п’янееш, як у вінным склепе.

Пустаход, між іншым, сказаў:

— Сёння паабедаем у маёй хаце. A заўтра гуляць будзем у Лізінай. Прасторы больш. A калі будзе такі дзень, то на беразе рэчкі сталы паставім. Гуляць дык гуляць.

— Купецкія ў цябе замашкі, Іван.

— А каго мне баяцца? Я з калгаса куранятка не ўзяў. Усё сваё, сваім трудом вырашчана.

— А цябе скупярдзяем лічаць.

— А гэта i добра, што так лічаць.

Адкрываўся Пустаход новымі гранямі. Не толькі ён адзін — уся сям’я, працоўная, дружная. Радавала сваяцтва з такой сям’ёй. Але разам з тым нешта i трывожыла. Мабыць, незадаволенасць сабою, сваім стаўленнем да вяселля, як бы не заўсёды сур’ёзным, начальніцкім, ці што. Паглядзеў на Пустаходаў, хоць i вяселле яшчэ, па-сутнасці, не пачалося, i захацелася шмат што паправіць дома. Як там спраўляецца нябога Вольга? Мудрая яна! Не так блізка, як ён, знаёмая з сям’ёй нявесты, але адразу адчула, як яны адносяцца да замуства дачкі i сястры i якое вяселле хочуць i здольны наладзіць.

Адшумела моладзь, адстукала абцасамі на асфальце. Сціхлі баяны. У двор выйшла Марыя Пятроўна ў святочным плацці, да гэтага многа разоў снавала паміж хатай i адрынай у рабочым фартуху. I зноў да мужа:

— Запрашай, Ваня, гасцей.

— А не Ірыне гэта трэба зрабіць?

— Не, не Ірыне. Табе, бацька, — высунулася з адчыненага акна ўсюдыісная таўстуха Ліза. — Ірыну мы схавалі.

Сапраўды, Ірыны нідзе не было відаць. I застолле праходзіла без нявесты.

Уладзімір Паўлавіч не ведаў гэтых традыцый. Мясцовыя, ці што? Палескія? Бачыў у дзяцінстве, у маладосці вясковыя вяселлі, але, здаецца, нявесту нідзе не хавалі. Хоць які этап вяселля ён бачыў? Пэўна, пасля загса. А тут жаніха i яго дружкоў, бацьку частуюць да «вянчання». Логіка тут ёсць: абедаюць госці нявесты. Набілася ix поўная хата, нямала прыезджых — Ірыніны сябры з Мінска, Тамарыны — з Гомеля, сваякі з навакольных вёсак, з блізкіх i далёкіх гарадоў. Клан Пустаходаў магутны.

Жаніха яўна збянтэжыла, што нявесты няма за сталом. Хоць яму, здаецца, растлумачыла Тамара — шаптала на вуха.

Уладзіміру Паўлавічу падабалася Ірына, яе самаўпэўненасць, незалежнасць, i не падабаўся ўласны сын. Разгублены нейкі. Праўда, Глеб ніколі не вызначаўся незалежнасцю — такой, як у яго, бацькі, як у Барыса. Глеб — у маці з яе заўсёднымі сумненнямі, аглядкамі на людзей — што тыя скажуць.

«Будзе ў жонкі пад пятой, — непрыязна падумаў Уладзімір Паўлавіч пра сына. — Ужо без яе не можа».

Але кранала іншае: адарваны ад нявесты, Глеб прыліп да брата, не адступаў ні на крок, глядзеў на Барыса ўлюбёна, як, напэўна, глядзеў бы на Ірыну.

Глеб не піў. Барыс прымушаў яго:

— Ды выпі ты чарку. Для смеласці. А то пабаішся нявесту пацалаваць.

Тамара, што сядзела за бакавым сталом, па-мацярынску пагразіла Глебу пальцам:

— Я яму вып’ю!

Насмяшыла гасцей.

— Во камусьці дастанецца піла. У такой не вып’еш.

— Тома! Цябе трэба выбіраць старшынёй таварыства цвярозасці!

— А што? I не памыліліся б.

— Уладзімір Паўлавіч! Што, так i будзем жыць без «святых слёз»?

— Свае гнаць будзем. Слёзы. I яны такі будуць святыя.

— У нас учора прывезлі віно — дык усе сеялкі на полі спыніліся. А трактары каля сельмага апынуліся. У чаргу выстраіліся. Во цырк быў!

— А чым жа перакрыць непаступленні ў бюджэт?

Задавалі пытанні, якія ўжо амаль год хвалявалі старшыню райвыканкома. Расказвалі факты, эпізоды, легенды, анекдоты, якія ён даўно ведаў, кожны, хто прыходзіў да яго, з раённых работнікаў ці сяльчан, лічыў сваім абавязкам, сур’ёзна ці жартаўліва, расказачь аб антыалкагольнай кампаніі. I амаль усе з вывадам: не тое робім! Ен, стары зубр, таксама перакананы, што робім не тое. А што было б тое? Народ співаўся. Але закон не спыніў гэтую бяду — гоняць самагонку, п’юць усялякую заразу. А бюджэт сапраўды трашчыць.

Устрывожыўся, угледзеўшы, што гэтак жа непрыкметна, як многія госці — мужчыны, куляе Барыс. Астатнім, у горшым выпадку, садзіцца за руль аўтамашын ці трактара, а яму — за штурвал рэактыўнага самалёта. Наперадзе ўсё вяселле, a ў яго ўсяго два дні звальнення.

Ведаў характар сына: яго папярэджанне ў любой форме настроіць Барыса на пратэст. Яго забароны гэты наравісты жарабок ніколі не выконваў, усё рабіў наадварот, маці часам слухаўся, асабліва пасля яе слёз.

Як жа на яго ўздзейнічаць? ЁСЦЬ адна сіла — жаночая.

Паклікаў да сябе Тамару, зашаптаў ёй на вуха:

— Томачка, дзіця мае, зрабі добрую справу: вазьмі шэфства над Барысам. Каб лішняе не выпіў, а то ён хлопец завадны.

Тамара залілася чырванню, збоку нехта мог падумаць, што стары Пыльчанка сказаў нешта скаромнае. Не, залілася чырванню ад радасці: бацька хлопца як бы блаславіў яе на тое, чаго ёй хацелася самой, — быць побач з Барысам, апякаць яго.

bottom of page