top of page

III


Пыльчанка намерваўся выбраць Пустахода старшынёй у Высокім Гаі. Малады Дзяніс Карака хоць i рабіў у калгасе ўжо дзесятак гадоў аграномам, галоўным аграномам, i нядрэнным, здаецца, быў спецыялістам, кіраўніком гаспадаркі не цягнуў, той думкі трымаліся ўсе раённыя службы аграпрама. Не сучаснымі метадамі працаваў малады чалавек. Ад бацькі навучыўся ці не? Бацька яго ў пасляваеннае дзесяцігоддзе быў брыгадзірам, заганяў на працу ледзьве не бізуном, здаралася, што i рукам волю даваў. I сын паводзіў уладаром, падабраў пад сябе i сельсавет, i сельпо, i лясніцтва, i школу. З калгаснікамі гуляў у дэмакратыю — іншы час. Але вяльможнасць адчувалася i тут; хітрэйшыя выкарыстоўвалі яго слабасці на карысць сабе, а незалежныя, свабодалюбівыя людзі канфліктавалі са старшынёй, скардзіліся ў вышэйшыя інстанцыі. Наяўнасць апазіцыі зрабіла Караку падазроным да хваравітасці: у кожным, хто не ліслівіў яму, не кланяўся, бачыў патэнцыяльнага непрыяцеля, які рана ці позна абавязкова зробіць яму зло. Ад такой падазронасці зрабіўся па-фарысейску зласлівым, на адкрытую барацьбу мала з кім выходзіў, але гадасці ўмеў рабіць, часам даволі ўмела, хітра, так што i не прычэпішся, ён, маўляў, i ведаць нічога не ведае.

Перасяленне пустаходаўскага калгаса ў ix сельсавет моцна не спадабалася Караку не толькі лішнімі клопатамі. Але не запярэчыш жа — бяда! Прыняў Івана Пустахода i яго калгас, як добрых гасцей. Сам нібыта жартам, але не без хітрасці, для праверачкі, прапанаваў:

— Прымай, Іван Іванавіч, калгас, вызвалі ад гэтай ношкі няўдзячнай. Колькі ні працуй — начальству не дагодзіш.

— Што ты, Дзяніс Міхеевіч! У мае гады пасля такой аварыі! Падумай, што гэта такое! Усё, што нажывалася не гадамі, лічы стагоддзямі — зямля, сенажаці! — усё страціць за адзін дзень… На вайне такога не было! Адзенне, якое было на нас той тыдзень, i тое рэкамендуюць замяніць. Раздзенься i стой голы. Дзякую, што прытулілі людзі добрыя пагарэльцаў без падсмаленых аглобляў. А ты — калгас! Два! Не па кані ўжо, брат, такі воз. Не пацягну.

Супакоіў. Але ненадоўга. Пыльчанка прымусіў назначыць Пустахода загадчыкам малочнай фермы. I ўся сям’я яго пайшла на ферму — не толькі прафесар даення Ліза, але i Марыя Пятроўна, i Паша, i Віктар — вазіў кармы. За тыдзень-два на ферме адбыліся прыкметныя змены. Галоўнае — рэзка падскочылі надоі. У вёсцы загаварылі пра пустаходаўскае чарадзейства. «Слова знаюць» — заключылі бабулі.

Добры гаспадар павінен быў парадавацца, у раёне націскалі на тых, хто мог даць адносна чыстае малако, папоўніць страты, што дала эвакуацыя амаль трэць гаспадарак. Але Карака не ўмеў радавацца. Як усе людзі яго складу, ён ва ўсім бачыў падкоп пад сваю пасаду, пад сваё становішча. Скептычна хмыкаючы, казаў i сваім i ўпаўнаважаным з раёна, з вобласці, з Мінска (цэлыя дэсанты высаджаваліся не толькі ў райцэнтры, але i ў яго, дзе на лясных дарогах не стаялі шыльды «На ўзбочыну не сыходзіць!», «У лес не хадзіць!»):

— У такі час i мы гналі малако. Травішчы колькі нарасло! Зялёнай масы навалам! Падвозчык свой. Лішняе не пакурыць. Малайчына! — хваліў Пустаходавага зяця — не загадчыка фермы.

Пустаходу зайздросціў Карака даўно, кал i яшчэ ездзілі на семінары ў яго калгас. I не адзін ён. «Мульціміліянеру» Целешу не зайздросцілі: яго метады былі відавочныя i для астатніх, грэшных радавых, недасягальныя, як метады Старавойтава, Ралько… Пустаходу, безумоўна, да ix далека. Але яму зайздросцілі менавіта таму, што ён — «высокі серадняк», якіх сотні, якія, па сутнасці, кормяць народ. Але Караку раздражняла, што ніякіх асобых метадаў у Пустахода ён не мог пераняць, што сам ён, здавалася яму, працуе лепш, хітрэй, з большым прымяненнем рэкамендацый вучоных, a вынікі не тыя. Падазраваў, што немнагаслоўны Іван Іванавіч ад таго i гаворыць мала, каб скрыць самае істотнае на семінарах. A ўрэшце хіба толькі дурань не бачыць прычыну яго поспеху — дружба з начальствам. Карака ажно зайздросна «каракнуў», калі даведаўся, што Пыльчанка i Пустаход пажанілі дзяцей, парадніліся.

I вось аварыя падкінула яму рабочую сілу, якой не хапала. Давай, разгортвайся, пакуль зямля чыстая. Але i падкінула прэтэндэнта на яго месца, мала што сам ён адмаўляецца. Пакуль што, можа, i шчыра адмаўляецца. Пакуль што… Недарэмна зачасціў Пыльчанка i кожны раз, раней, чым заглянуць ў праўленне, пашукаць старшыню, заглядвае да сваякоў на ферму. Спрабаваў Карака падаслаць сваіх даярак: пра што сваты гавораць паміж сабой? Ды хіба такія вароны здольныя выведаць штось, падслухаць сакрэты! Ды i гэтыя зубры два былі б дурнямі, каб ровам на ўсю ферму вылажылі свае патаемныя думкі i планы.

Насцярожвала не толькі работа Пустаходаў на ферме. Большасць эвакуіраваных чакалі, калі ім дзяржава пабудуе дамы. У калгасе працавала ПМК ажно са Светлагорска, пачалі будаўніцтва двухсот дамоў. Пачалі… але калі скончаць? Дзіцяці зразумела, што так нельга распыляцца. Але такія планы надзвычайных камісій, саюзнай, рэспубліканскай, абласной, раённай, па ліквідацыі аварыі. Усе спяшаюцца, верхнія падганяюць ніжніх. Аўрал. Усенародая праява клопатаў аб пацярпелых. Пустаходы ж будуюцца самі. I не ў пасёлку, дзе ПМК заклала падмуркі шчытавых дамоў, а пасярод сяла, насупраць калгаснай канторы. Выбралі пустую сядзібу — гаспадары перабраліся ў горад, такіх тут добрыя дзесяткі два, купілі старую хату, што каторы год стаяла з забігымі вокнамі, зашклілі, паднавілі, перабраліся ў яе ўсёй сям’ёй i побач, на месцы хлява, узводзяць вялікі рублены дом. I расце ён, як кажуць, не па днях, а па гадзінах. Бо акрамя двух наёмных цесляроў, што робяць цэлы дзень, па вечарах працуе вялікая талака — дзесятка паўтара людзей.

Карака здзіўляўся: няўжо столькі сваякоў маюць? Ды не ж, калгаснікі робяць, памагаюць. Чужыя людзі. Але не забароніш жа ім.

Грунтоўна Пустаход будуецца. Надоўга. Навечна. Дурнем трэба быць, каб не разумець, на што разлічвае. Сам, можа, i не праяўляў бы такой актыўнасці, ды яўна Пыльчанка падштурхоўвае.

I Карака пачаў употайкі тыцкаць ім у колы кіёчкі, пакуль што тоненькія, так, драбяза, але, глядзіш, i вылеціць нейкая спіца ў коле. Найперш прыціснуў Віктара з машынай — каб ніякіх безнарадных паездак. Ды Пустаходу светлагорцы пачалі памагаць. Завошта ж? Не за добрыя вочы. Не планавы ж аб’ект. «Хабарчык умее падсунуць», — заключыў Карака.

Пустаходы не толькі будаваліся — думалі пра будучыню, пра восень i зіму, жылі, як належыць сялянам. Урабілі задзірванелую сядзібу. Пасадзілі га родніну, бульбу. Позна. Але вясна цёплая, дажджы прайшлі. Усё расло, як на дражджах.

Бульбу i там, дома, апрацоўвалі па старой методзе: як толькі пачала ўзыходзіць — паскарадзіць драўлянай бараной, выбраць пустазелле, якое расло хутчэй.

Займалася гэтым няўрымслівая Ліза. Як бы больш за ўсіх ёй трэба. Плакала па доме ў родным сяле i з апантанасцю будавала новы на чужой сядзібе. I грады яна садзіла i палола ў перапынках паміж даеннем кароў. Маці ашчаджалі — у яе ціск. Ды i бацька хіба што кіраваў хатнімі справамі, адной фермы яму не хапала для дзейнасці, чалавек прызвычаіўся да шырокага фронту работ. Віктар на машыне, на трактары, на камбайне мог усё зрабіць, дзень i ноч працаваць, але капаніцу — ці браў у рукі? Ды i на конях любіў хіба вярхом праехаць, лічыў, што ў цяперашні час конь павінен служыць для прыгажосці, для спорту, а не ў хамуце, які націрае яму карак, хадзіць.

Паміма волі Пустахода пры эвакуацыі ўсіх коней калгаса, а там ix была сотня, пагналі на мясакамбінат, Плакаць хацелася старому старшыні.

Тут, у Высокім Гаі, коней засталося нямнога, хоць калгас меў невысокую механізацыю. Коні вясной былі на расхоп, i імі распараджаўся сам Карака. Новыя калгаснікі, прыпяцкія, як ix назвалі, не адразу сцямілі, што коні ўмацоўвалі ўладу старшыні над людзьмі. Ix г эта здзіўляла. Там, дома, не толькі Пустаход не займаўся конямі, але i ніводзін брыгадзір; трэба табе конь — вазьмі ў бухгалтэрыі квіток з сімвалічнай аплатай — ад колькіх капеек да двух pyóлёў — у залежнасці ад работы, i ідзі да конюха. А тут трэба пакланіцца. Як пасля вайны. Толькі што самагонкі ўдовы не прыносяць. А можа, i прыносяць пад час пасяўной, калі дарагі кожны дзень.

Меўся пастаянны конь пры ферме — для падвозкі i адвозкі дробных грузаў. Але дні два назад Карака крычаў на возчыка, глуханямога хлапчыну, што той робіць «налева». Яўна Пустаходам крычаў, бо бралі яны разы два каня гэтага на будоўлю — жэрдкі з лесу прывозілі, гліну з кар’ера…

Віктар прывёз аднекуль барану з драўлянымі зубам!. Ліза загадзя напярэдадні прынесла ад лесніка, што жыў у вёсцы, хамут, пастромкі, ведала, што збруі на ўсіх коней не хапае.

Пасля ранішняй дойкі, калі на траве ляжала яшчэ раса, Ліза пабегла ў праўленне — захапіць старшыню, пакуль не паехаў у брыгады ці ў райцэнтр. Весела далажыла пра ўчарашні надой, ён не проста вырас — падскочыў. Карака, схаваўшы рэўнасць да поспехаў сям’і Пустаходавай, пахваліў асабіста яе; такую жанчыну нельга не пахваліць.

— Дзяніс Міхеевіч, бульбу трэба паскарадзіць, конь трэба.

Не, вачэй ён не адвёў, не схаваў, наадварот, глядзеў ва ўпор, але вочы яго звузіліся.

— Няма коней. Няма… сёння, Лізавета Іванаўна. Усіх раздаў.

«Калі? Каму? — хацелася крыкнуць Лізе. — Ды пасуцца яны на поплаве за фермай».

Безумоўна, Карака даў бы каня, каб яна папрасіла, як просяць жанчыны, уніжана: «Старшынька, родненькі…»

Але Ліза не магла прасіць. Ёй i ў галаву не магло прыйсці, што можна адмовіць у такой дробязі. Ей, адной з лепшых даярак у раёне. Ды што па працы, яна бацьку роднага не прасіла — патрабавала. Многа гадоў яна бачыла павагу, чула пахвалу не ад такіх людзей, як гэта Карака-паскарака. Безумоўна, гэта песціла яе самалюбства. Маючы характар, яна ўладарыла не толькі ў сваёй сям’і, але i ў бацькавай — сёстрамі Ірынай i Тамарай кіравала больш рашуча, чым маці… Пра ферму i казаць няма чаго — там яе аўтарытэт быў непахісны не таму, што яна дачка старшыні, не, з-за працы яе i з-за ўмення сябраваць з людзьмі, са сталымі жанчынамі i маладымі дзяўчатамі.

I раптам ёй адмовілі… У чым! Каня яна не зарабіла, не заслужыла!..

Абраза, крыўда болем i гневам ударылі ў патыліцу, у сэрца. Ажно зялёныя мухі зароіліся ў вачах.

Паўтарэння просьбы Карака не дачакаўся. Ліза моўчкі павярнулася, пайшла да дзвярэй.

— Заўтра прыходзь! — весела паабяцаў ёй услед старшыня.

Па вуліцы яна ішла i не бачыла людзей, якія віталіся з ёй.

Пастромкі да гужоў прывязвала доўга, прысеўшы на барану. Магчыма, яна вагалася, ёй хацелася супакоіцца. Не, не супакоілася. Страшэнная крыўда i абраза душылі яе, гордую, незалежную, можа, i спешчаную ўвагай i любоўю, але сумленную ў галоўным — у працы. Іншая жанчына магла б паплакаць — i ёй стала б лягчэй. Ліза доўгі час плакала хіба ад радасці: ад замілавання дзецьмі, светам, выцірала слёзы смеху ад Віктаравых п’яных, але бяскрыўдных дзівацтваў. Ад гора, бяды яна ўпершыню рыдала месяц назад, кал i пакідала родную хату, ёй ажно блага зрабілася, калі ўпала на калені на ганку. Плакала i тут па начах, успамінаючы былое жыццё. Але маці, бацька, Віктар суцяшалі яе: «Ну, чаго ты, дурніца! Што людзям — тое i нам. Дзякуй богу, усе жывыя i здаровыя».

Расла новая хата, радаваў вока гарод — не горшы, чым ў людзей, хоць i позна пасаджаны; i Ліза весялела, зазвінеў яе смех, загучэў загадна голас у старэнькай, але па-пустаходаўску дагледжанай хаціне.

Нікога не было побач, хто мог бы ласкава ці строга сказаць: «Спыніся, Ліза. Глупства ўсё гэта. Каму ты што дакажаш?»

Сапраўды, што яна хацела даказаць? Таямніца — учынкі чалавека ў стрэсавым стане.

Ліза надзела хамут на плечы, гукнула, каб пачулі людзі:

— Но-о, кабыла! — i пацягнула барану.

Рабіла суседка ў гародзе. Спынілася, глядзела, здзіўленая, зацікаўленая, не дапяўшы сваім розумам, што да чаго, ды i трохі злараднічаючы, бо зайзросціла таму, як хутка гэть;я «авакураныя» будуюцца побач. Пайшла паклікала яшчэ а дну суседку:

— Ідзі паглядзі, суседачка, на шпіктакль. Што авакураная вытварае.

I трэцяя далучылася да ix. I ніхто не спыняў. Ажно пакуль не выйшла з хаты насупраць дзяўчына з партфелем, вучаніца старэйшага класа.

Пачула галёканне:

— Но-о, кабылка!

Убачыла, што адбываецца на суседнім гародзе i, напэўна, зразумела, ад якой роспачы чалавек можа пайсці на такое. Закрычала:

— Людцы! Спыніце яе!

Але бабулі не крануліся. I Ліза не спынілася, а толькі паскорыла хаду, абліваючыся потам, разадраўшы на грудзях кофгачку.

Тады дзяўчына, што ёсць маладога спрыту, праз гароды кінулася на ферму. Убачыла Марыю Пятроўну пад паветкай — адпачывалі даяркі, памыўшы бітоны.

— Цётачка! Там ваша Ліза! Скародзіць!

Выгляд дзяўчыны спалохаў маці, хоць не адразу сцяміла, чаму школьніца такая ўсхваляваная; ведала, што таму Ліза i пайшла раней, каб паскарадзіць бульбу. Нязвыклая для яе работа, ці што?

— Сама! — задыхалася дзяўчына, не знаходзячы тлумачэння. — На сабе!

Вось тады Марыя Пятроўна ахнула i апусцілася на лаўку, бо ўміг уявіла, што адбылося, на які пратэст пайшла дачка. I Паша зразумела. I бягом кінулася ў вёску, за ёй — маладыя даяркі.

Калі яны прыбеглі, Ліза ляжала ў разоры пасярод гарода. Старыя суседкі знялі з яе хамут, паілі вадой i цяпер ужо нарэшце спачувальна дакаралі:

— Во дурная, во дурная! Што надумала! Караку ты хацела даказаць! Ды яго абухом не праб’еш.

Раённая «хуткая», якая прыехала гадзіны праз дзве, да бальніцы хворую не давезла. У дарозе канстатавалі смерць. Інфаркт.

Смерць Лізы вельмі балюча ўразіла не толькі бацькоў, сясдёр але i Уладзіміра Паўлавіча, Вольгу Андрэеўну. Глеб па тэлеграме прыляцеў у той жа дзень — падкінулі верталётчыкі. Панура, ca страхам сядзеў на аўтобуснай станцыі, чакаючы Ірыну. Ей пазваніла Вольга Андрэеўна, але сказала адно:

— Ірыначка, прыязджай, дзяцятка, сёння ж.

— Глеб? — у роспачы крыкнула яна.

— Не. Не.

— Мама? — прашаптала баязліва.

— Не, дзіцятка. Не. Не палохайся. Але прыязджай.

У Пыльчанкі-старэйшага дрыжэлі рукі, яму ўвесь час хацелася плакаць. Ніводная смерць блізкіх, сяброў не даводзіла да такога стану. Але акрамя жа лобы, гора з’явілася яшчэ адно пачуццё — страх. Страх — што Ліза пачала лік ахвяр ад катастрофы. Ніякі следчы не звязваў бы яе смерць з аварыяй. Маўляў, вельмі ўскосная сувязь. А для яго прамая. Дагэтуль ахвяр не было. Паміралі людзі — старыя, хворыя. У аварыю трапіла машына, загінуў ча лавек. I хоць было гэта ў часе эвакуацыі, тую смерць чамусьці не звязваў з аварыяй на станцыі. A Лізу звязаў да таго яшчэ, як даведаўся падрабязнасці. З жахам думаў: хто наступны? Страшная гэта думка. Таму, можа, i плакаць хацелася — не толькі па Лізе, па будучых невядомых ахвярах. Чаму невядомых? Вельмі вядомых.

Раней, чым ён сабраўся ў Высокі Гай, прыехаў счарнелы Іван Іванавіч. Абняліся. Паплакалі на плячы адзін у аднаго. Па тэлефоне паведамілі: скарадзіла бульбу — i памерла. Бацька расказаў, як скарадзіла. Уладзімір Паўлавіч адразу зразумеў, што адбылося: не даў Карака каня. Уявіў пачуцці вясёлай, шумнай, ганарыстай Лізы, ён любіў гэтую працаўніцу i за яе працу, i за яе слабасці. Некалі, калі пазнаёміўся з ёй, на ферме, паслухаў яе кры тыку начальства — пра Пустахода інакш падумаў. I пасябраваў з ім, з сям’ёй яго.

Абурэнне Каракам вырвалася такім крыкам, што ў дзверы заглянула спалоханая сакратарка.

— Ану, паехалі!

— Не трэба, Валодзя, табе ехаць сёння. Беражы, брат, сябе. Ты нам патрэбны. Тут узнікла праблема, якую голькі ты можаш вырашыць. Маша хоча, каб пахавалі дачушку на родных могілках… Не там жа хаваць яе, — Іван Іванавіч закрыў твар далонямі, застагнаў,— Ах, Ліза, Ліза!.. Што ты нарабіла?

Пыльчанка спыніўся пасярод невялікага новага кабінета свайго ўражаны. Натуральнае матчына жаданне. Яго нельга не выканаць. Але i гэтае жаданне — дзе пахаваць чалавека — стала праблемай. Не ўсё так проста, як думаецца Івану. «Толькі ты можаш вырашыць». Служба аховы зоны падпарадкавана МУС рэспублікі. Праўда, ахоўваецца яна так, што марадзёры, напрыклад, лёгка праходзяць i нават праязджаюць на машынах. Ды i выселеныя ходзяць па набытак свой — не спыніш людзей, якія з маленства ведаюць усе сцежкі. Калючы дрот парэзаны знізу на кожнай палявой дарозе — тымі, хто ходзіць па сваё, a ў лесе i на балоце — невядома кім. Міліцыі не да гэтага, яна пільная, але спытай у ix, што яны тут ахоўваюць. Калючы дрот? зямлю? паветра? нукліды? Усё так. Але пахавальная працэсія… У зону! Тут пры мнагаўладдзі, якое ўтварылася ў раёне, пры бюракратыі, якая пры надзвычайным становішчы становіцца непрабіўной, патрабуецца не адно ўзгадненне. Але справа не толькі ў гэтым. Пакутліва разважаў Уладзімір Паўлавіч над іншым. Тры дні назад рэзка падскочыла фонавая радыяцыя[1 - Як вядома зараз, 2 чэрвеня 1986 года пад цяжарам пяці тысяч тон пяску, свінцу, якімі спрабавалі патушыць рэактар, правалілася шахта i ў атмасферу «выплеснулася» новая порцыя пясчанага, графітнага, свінцовага пылу — мільёны бэр. Быў хмурны дзень, з Польшчы на Маскву плылі воблакi. Радыенукліды селі на ўсходнія раёны Гомельскай вобласці, на Магілёўшчыну, на Браншчыну.]. Чаму? З якой прычыны? У штаб, які ўзначальваў рэспубліканскі кіраўнік, часам паступала інфармацыя з Штаба ліквідацыі аварыі ў Чарнобылі. Але значнае павышэнне радыяцыі ніхто не растлумачыў. Больш таго, складвалася ўражанне, што яго хочуць скрыць. Начальнік штаба напэўна за сваё запытанне атрымаў па носе, бо, звычайна далікатны, спакойны, узлаваўся на яго, Пыльчанкавы, дамаганні, назваў яго панікёрам i наладзіў разнос службам, якія вялі дазіметрычныя замеры. Але Пыльчанка не столькі верыў сваім службам, колькі верыў ваенным, якія мелі больш дасканалую апаратуру i з якімі ў старшыні меўся добры кантакт, з камандзірам хімпалка пасябраваў.

Дык ці мае ён права падвяргаць дадатковай рызыцы блізкіх людзей? На могілкі паедуць усе Пустаходавы i ўсе яго — Вольга, Глеб, Ірына, цяпер Ірыну далучаў да сваіх блізкіх.

Хадзіў па цеснай клетцы, стараўся не сустракацца вачамі з Іванавым позіркам, але адчуваў кожным нервам, як сват глядзіць на яго — з чаканнем, надзеяй. Выказаў яму свае сумненні:

— А трэба рызыкаваць, Іван?

— А дзе ж пахаваць нашу Лізачку, Валодзя? — прашаптаў, а здалося, што закрычаў у страшэннай роспачы бацькоўскай — i пахаваць няма дзе! — Якая рызыка, Уладзімір Паўлавіч? Тлумачыш, як малому… З гэтага боку дроту мы яе не набіраем, радыяцыі гэтай праклятай? А як пярэйдзем за дрот, так i схопім смяртэльную дозу? Глупства!

Безумоўна, глупства. Сам ён, Пыльчанка, матляючыся па раёне, нярэдка наведваецца i ў зону, i добра ведае, што з гэтага боку, дзе засталіся жыць людзі, ёсць «малыя зоны» з больш шчыльнай забруджанасцю.

Раніцою адбылося пасяджэнне штаба, на якім ён ледзьве стрымаўся, каб не пакрыць усіх «стратэгаў» шматпавярховым. Даказваў жа яшчэ месяц назад, што нельга пачынаць будаўніцтва дамоў для адселеных у Высокім Гаі, у Лядах, у іншых сёлах свайго раёна. Будаўніцтва спынілі, закапаўшы ў зямлю не адну сотню тысяч. Цяпер само сабой вынікае, што людзей трэба адсяляць за межы раёна. Куды? Зноў будуць вырашаць не толькі без яго, але i не спытаўшыся ў людзей. Які-небудзь Вадалей тыцкае пальцам у карту вобласці: во сюды! I зноў нават не замераюць там радыяцыю. Чорт яе знае, як яна разлятаецца i дзе яна сядзе. Тут пад бокам ў станцыі i то стракатасць — розуму недаступная. «Мудры Аляксей» даў яму праборку за падказку людзям з Бабіна — паехаць на Віцебшчыну. Кіпеў: «Не патрыёт ты, Пыльчанка! А свая вобласць з кім застанецца? Без людзей?»

ПМК знялі ў Гаі без Пыльчанкі — па тэлефоне начальства кіруе аператыўна. На яго долю дасталася больш цяжкая задача, яго, асабістая: сказаць Пустаходу, каб спыніў будаўніцтва дома. Лаяў сябе апошнімі словамі, што не толькі не адгаварыў ад будаўніцтва, але не выказаў сумнення ў неабходнасці такой спешкі, нават заахвоціў, памагаў i марал ьна i матэрыяльна, маючы намер выбраць Івана старшынёй калгаса, у якім падвоілася людзей. Перажываў, што мусіць выканаць яшчэ i такую місію. Ажно во як яно павярнулася. Іван прыехаў сам з непамерным горам сваім, з просьбай пахаваць дачку ў родным сяле.

Пра Караку няшчасны бацька не сказаў ні слова. Пыльчанку калаціла, калі пры самых нечаканых паваротах думка набліжалася да віноўніка недарэчнай да пякучага болю смерці Чалавека, Маці, Працаўніцы.

— Добра, Іван. Зробім усё, як просіць Марыя Пятроўна. Матчына воля — закон.

— I бацькава.

— I бацькава.

Пустаход цяжка падняўся.

— Пайду. А то зойдзецца Маша ад слёз у бальніцы.

— Яна адна там?

— Хіба адну я пакінуў бы яе! I Паша. I Віктар. Як унукаў прывезці з лагера? З Нарачы. Бацьку баюся пасылаць.

— А можа, не трэба… дзяцей сюды?

— Не развітаюцца з маці? Не даруюць яны нам…

Пыльчанка на міг акамянеў: што сказаць на гэта?

— Іван! Што ж гэта такое? — закрыў твар рукаMi, i плечы яго перасмыкнуліся ад кароткага муж чынскага плачу, але тут жа выцер вочы далонямі.— Я пашлю сваю машыну. Не турбуйся. Не бяры на сябе. Яго не прасі ні аб чым! — не мог вымавіць прозвішча Каракі, але Пустаход зразумеў, змоўчаў i яшчэ больш сутуліўся. — Я ўсё закажу… дамавіну, вянкі, машыны…

Старшыня ўрадавай камісіі знаходзіўся ў Мінску, там, у сталіцы, лягчэй вырашаць аварыйныя праблемы, а ix безліч. Там, у раёне, яго замяшчаў начальник штаба, кіраўнік абласны, той былы Пыльчанкаў калега, якому званіў у дзень аварыі,— Рыгор Хвядосавіч.

Пераканаў Сінякова — дзе хаваць. Пятро зразумеў адразу. Да аварыі ён паказваў свой характар, пасля аварыі цалкам згаджаўся са сваім старшынёй райвыканкома, адмовіўся ад свайго пяршынства. У такой экстрэмальнай сітуацыі, пры кіраўніцтве ўсіх вышэйшых органаў, яно, пяршынства ў прыняцці рашэнняў, якім ніхто не вучыў ні ў якой партшколе i якія ніхто дагэтуль не прымаў, было без патрэбы, толькі папсуеш нервы. Але далека не ўсе раз важалі так, як Сінякоў.

Разам прыйшлі да Рыгора. Той адразу на дыбкi. Безумоўна, ашчэрыўся на Пыльчанку: яго сват, яго фантазія.

— Ды ты знаеш, чым гэта пахне — такое парушэнне рэжыму?

— Ты позна пачаў думаць аб рэжыме. Дзе вы былі ў першыя дні? Дзіву даюся, чаму ты ўсяго баішся? Нахапаемся тут радыяцыі — i нічога не будзем баяцца. Складзем лапкі…

Рыгор Хвядосавіч ажно падскочыў, адначасова i пачырванеў i пабялеў — карак наліўся, а лоб i нос як абяскровіліся. Пыльчанка ўдарыў у балючыя мясціны: сам Рыгор прызнаваў сваю нерашучасць у прыняцці рашэнняў i амаль не таіў свой страх перад радыяцыяй.

— Што ў цябе за ідыёцкая манера ўсіх па лохаць! З табой працаваць немагчыма. Цябе людзі пачалі баяцца. Цябе паслухаеш — дык усе мы памрэм.

— Канешне, памрэм.

— З такім настроем мы людзей не супакоім.

— А навошта ix супакойваць? Закалыхвалі мы з табой ix — дай бог, калыханачкі пелі, a будзілі бадзёрымі маршамі. Цяпер не закалышам. A калі хто закалышацца — таго не разбудзім.

— Пятро Міхайлавіч! Калі вы не дадзіце палітычнай ацэнкі такім афарызмам, я буду пісаць…

— Таварышы, таварышы дарагія! — прасіў Сінякоў.— З-за чаго вы? Старыя дружбакі! A пісаць… Рыгор Хвядосавіч! Мала нас вымушае пісаць бяда гэтая?

Пыльчанка наблізіўся да начальніка штаба, загадаў:

— Ану, уступі месца!

У таго вочы палезлі на лоб. Але ведаў Пыльчанкавы жарты, таму вырашыў i гэты яго бестактоўны выбрык звесці на жарт.

— Табе хочацца заняць маё месца? Калі ласка, з радасцю уступаю. I ў Гомелі магу ўступіць.

— Які добранькі ты стаў! Пяткі падмазаў? Куды павярнуў хадулі свае? A чуў, што сказаў Baдалей?

— Хто-о?

Сінякоў маргаў Пыльчанку — прасіў: не выдавай хоць мянушак прыдуманых, наклічаш бяду на сваю галаву.

«Баішся, што не толькі на сваю, але i на тваю?» — падумаў Пыльчанка i адказаў Рыгору загадкавасцю:

— Хтокала — штокала.

Заняў крэсла, у якім сядзеў пяць гадоў, павярнуўся да тэлефонаў, апаратаў тут прыбавілася: наладзілі прамую ўрадавую сувязь з Мінскам, стаялі палявыя апараты сувязі з вайсковымі часцямі. Крутнуўшы разы чатыры дыск, Пыльчанка адразу набраў старшыню камісіі. Чалавек гэта быў добры, мяккі, але рашучасці i яму бракавала. З’яўляючыся тут, у гэтым кабінеце, у прыватных гутарках i на паседжаннях камісіі, ён больш уважліва, чым да каго іншага, прыслухоўваўся да Пыльчанкі і, як адзначыў Сінякоў, у пэўным сэнсе пабойваўся, напэўна, адчуваючы яго перавагу ў самым неабходным для яго становішчы, роўнага ваеннаму, — у рашучасці.

Намеснікі старшыні камісіі ставіліся да такой яго ўвагі да радавога члена раўніва — не любяць чыноўнікі, калі ніжэйшы па рангу лезе наперад i засланяе вышэйшых. Але, паколькі некаторыя прапановы значылі «вылезці на лінію агню» — трывалі, не абрывалі, не ставілі ў дальні кут: няхай вылазіць, чорт з ім. На фронце такіх любяць. Такой тактыкі ў адносінах Пыльчанкі трымаўся i Рыгор Хвядосавіч: ён амаль узрадаваўся, што той пазваніў цёзку свайму. Вырашайце, святыя Уладзіміры!

Старшыня камісіі выслухаў уважліва, зразумеў бяду сям’і i ў кантэксце народнай бяды адказаў з разважлівай мудрасцю:

— Глядзіце самі. Вам там відней.

— А што гаворыць Масква аб прычыне павышэння радыяцыі?

Кіраўнік з вялікага дома ўздыхнуў у трубку: Масква маўчала.

Пустаходы адмовіліся ад прапановы парторга паставіць труну ў калгасным клубе — Каракава дабрыня. Паставілі ў сваім ненакрытым зрубе — у сваёй хаце, на сваёй зямлі, палітай i Лізіным потам, бо ў перапынках паміж дойкамі рабіла яна тут з цеслярамі за двух мужчын.

На лаўках паўз сцены сядзелі сваякі. Многа сваякоў, блізкіх i далёкіх.

Дзень быў хмарны. Імжыў дробны дождж. Над нябожчыцай напялі плёнку. Непакрытыя галовы тых, хто сядзеў i стаяў, мачыў радыеактыўны дождж. А стаяла многа. На вуліцы, у двары. Развітацца з Лізай прыйшлі нават тыя, хто яшчэ i пазнаёміцца з ёй не паспеў,— не толькі гаеўцы, але i з навакольных вёсак.

Пыльчанку крануў такі збор. Ён прайшоў паміж людзей, паслухаў размовы, пачуў, што атмасфера напружана абурэннем — супраць Каракі. Папракнуў сябе, што раней рэдка сюды заглядваў i не ведаў, што людзі настроены супраць старшыні не толькі за сваю беднасць.

— Ды хіба ён лічыўся калі з чалавекам? — выгукнуў малады мужчына.

У любы іншы момант ён напэўна выкарыстаў бы такі стыхійны мітынг, каб з трэскам выгнаць Караку. Адчуваў: даволі яго слова — i яно спрацуе што дэтанатар. Але ж не зробіш гэта на пахаванні.

Панурыўшыся, разам з чарговай групай людзей увайшоў у зруб. Спыніўся ля труны. На твары нябожчыцы застыў страх. Вельмі можа быць, што на апошніх уздыхах яна думала пра дзяцей.

Яны сядзелі тут жа, на лаўцы, Лізіны дзеці,— дванаццацігадовы Ваня i сямігадовая Томачка, маленькія мокрыя спалоханыя птушаняткі, пасінелыя, з чырвонымі вачаняткамі. Магчыма, убачыўшы дзеда Валодзю, які ведаў, любіў яго маці, Ванечка заплакаў наўзрыд. Томачка з матчынай сталасцю абняла яго, сушыла губамі яго шчокі, гучна супакойвала:

— Ваня, не плач. Не плач, Ванечка. Не паможаш жа. Не паможаш…

Тады заплакалі дарослыя — усе, хто сядзеў i хто стаяў. Свае i чужыя. I Пыльчанка таксама не вытрымаў — заплакаў толькі што не наўзрыд, але рукавом пінжака выціраў свае слёзы i не саромеўся ix.

— Ах, Ліза, Ліза! Каму ты хацела даказаць? Ка му! Чалавеку з валасатым сэрцам?

— Валодзя! — дакарала яго Вольга Андрэеўна.

Ён змоўк.

Дзеці сядзелі паміж Ірынай i Вольгай Андрэеў най. Ірына з учарашняга вечара, як прыехала, не адступала ад дзяцей, усю бяссонную ноч трымала ix за ручкі, накрывала i цалавала, калі яны ўскрыквалі i плакалі ў сне. Снілі маму, галубяткі. Ірына прыціскала да сябе Ваню, як бы жадаючы засланіць ад дажджу, ад сіроцтва, ад радыяцыі — ад усіх бед.

Віктар не мог сядзець, ён стаяў ля праёма дальняга акна i ўпотай, з рукава, курыў, захлынаючыся дымам. Старыя жанчыны асуджалі яго за гэта, падказвалі, каб выйшаў. Але i выйсці ён не мог.

Гэтую дзіўную сілу, якая не давала адарвацца ад нябожчыцы, адчуў i Ўладзімір Паўлавіч амаль са страхам. Колькі хаваў блізкіх, сяброў — такога не было. Але ў яго з’явіўся іншы клопат. Пра жывых. Пра дзяцей. Менавіта таму — што пра дзяцей, хапіла сілы праціснуцца праз шчыльную купку гаеўцаў i выйсці. Вярнуўся з вайсковымі накідкамі. Прайшоў праз сцяну, стаў за плячамі ў жонкі, сказаў:

— Накрыйце дзяцей, — але накрыў сам; пад зялёнымі камуфляжнымі накідкамі дзеці сталі што грыбкі пад лісточкамі.

Пастаяў зноў з тым жа страшным адчуваннем — не адарваць вачэй ад твару нябожчыцы. Паду маў: калі, як, з якой апошняй думкай ён сустрэне свой смяротны міг? Чым для яго кончыцца гэтае бравадна смелае прабыванне ў забруджаных нукліда мі многіх элементаў палях i лясах? Апошнім часам, да нядаўняй успышкі, ён не кожны нават дзень прымаў душ, мяняў адзенне. Не было калі, валіўся ад стомленасці. Сказаў амаль уголас:

— Ірына! Я адашлю цябе дадому. З дзяцьмі. I з Глебам. Хопіць з вас тых доз, што набралі. А дзецям увогуле…

— Не магу, Уладзімір Паўлавіч. Не магу. Я правяду Лізу.

Да Пыльчанкі павярнулася Марыя Пятроўна, чорная пад чорнай хусцінай, але з сухімі вачамі, у поўнай свядомасці, да яе ўжо колькі разоў падыходзіў брат, старэйшы ў пахавальнай камандзе, i яны па-дзелавому раіліся.

— Угаварыце яе, Уладзімір Паўлавіч. Угаварыце. Мы ca сваццяй з раніцы цвярдзім… i ўсе нашы… Падумай пра… — як захлынулася ўнутранымі слязамі, але тут жа пракаўтнула ix: — Пра дзяцей падумай, Ірыначка! Туды ix нельга браць.

— Не, мы паедзем з мамай! — голасна i сярдзіта сказала малая.

— Томачка, нельга так, нельга, — прыціснула да сябе грыбок Ірына. — Шэптам кажы.

У любых іншых умовах з падтрымкай свацці i жонкі ён пераканаў бы нявестку. Ды проста загадаў бы — у яго i права бацькі i права кіраўніка, які лепш, чым хто, ведае сітуацыю. Але не адкрыеш жа дыскусію каля труны, дзе гавораць толькі шэптам. Узлаванасць на неразумную жаночую ўпартасць — адукаваны ж чалавек! — памагла яму адарвацца ад нябожчыцы, адагнаць думкі пра смерць — сваю смерць, заняцца жывымі клопатамі не толькі пра незвычайнае пахаванне.

Глеб стаяў на вуліцы. Яму было блага, каля труны рабілася млосна. Уладзімір Паўлавіч не ўгледзеўся ў сынаў стан, загадаў амаль узлавана:

— Забяры Ірыну i дзяцей.

— Забярэш яе!

— Дрэнны ты муж.

— А ты, бацька, хочаш, каб з вопытам ў два тыдні я быў добрым мужам?

Пыльчанку не спадабалася, што сын намагаецца жартаваць. Жартаўнік з яго ў радасныя хвіліны быў не лепшы, гэта — не Барыс, якога, бывала, спыніць немагчыма: фантан дасціпных слоў, жартаў, гарэзлівых прыдумак, амаль заўсёды з пераборам.

На бярвенні сядзеў, панурыўшыся, Іван Іванавіч. Мокрыя сівыя валасы яго звіслі на лоб, закрывалі вочы. Няшчасны бацька не папраўляў ix, не хацелася яму глядзець на свет белы, на людзей. Ці не таму, што побач стаялі працаўнікі гаспадаркі, якой таксама не стала, якая наўрад ці адновіцца, i глядзелі на яго, ca спачуваннем i, можа, з надзеяй.

«Не, Іван, на людзей глядзі. Глядзі на людзей! У гэтым — ратунак», — падумаў Пыльчанка.

Трэба пасядзець са сватам, вось такое маўклівае сядзенне побач — лепшае спачуванне. I словы сказаць. Не свату. Яму сказаў. Людзям, якія вымушаны былі пакінуць родныя вёскі, родныя хаты. Бачыць па выгляду ix, што яны чакаюць ад яго калі не суцяшэння, то спачування. Што сталі бяздомныя. I што страцілі бадай жа ўсім блізкага чалавека. Але не было ў Пыльчанкі такіх слоў. Месяц назад, калі эвакуіраваліся, ён суцяшаў: ненадоўга. Бадзёрыў i сам тады яшчэ верыў у гэта. Цяпер не верыць, што ненадоўга. Дунец сказаў: навечна. Ен тады абурыўся. А цяпер сам схіляецца да такой думкі. Сказаць ім пра гэта? У такі момант? Жах! Бо прыйдзецца гаварыць усё. Наўрад гэта яшчэ тайна — што будаўніцтва тут, у Высокім Гаі, спыняецца, i ўсе яны вымушаны будуць ехаць у чужы далёкі раён. Але вось гэтага ён, мужны чалавек, i не мог сказаць. Асобна гэтым людзям, у полі ці па ферме, не каля труны першай ахвяры, можа, i сказаў бы. Івану сказаць не мог. Скажа, напэўна, сёння ж пасля пахавання. Але ў той міг не мог.

Два гады як кінуў курьщь. Зрэдку закурваў — толькі ў добрым настроі, у кампаніі, пасля чаркі. Нехта курыў пад страхой старой хаты, цягнула добрым мірным дымком, i Уладзіміру Паўлавічу нясцерпна, да спазмаў у слюнных залозах, захацелася закурыць.

— Хлопцы! Дайце хто закурыць.

Працягнулася дзесятак маладых рук з пачкамі танных цыгарэт i адна, старэчая, маршчыністая, — з зашмальцаваным скураным кісетам.

— Самасад, дзед?

— Свой, Паўлавіч! З зямелькі прыпяцкай. Калі вернешся туды, Паўлавіч?

О, ты мудры дзед! Ты знаеш, як прымусіць гаварыць! Але нельга, каб гора на гора! Схіліўся, быццам бы закрываючы паперу для цыгаркі — каб не размокла, сказаў у зямлю, сеючы на яе самасад.

— Вернемся, дзед. Вернемся. Хімчасці паработаюць…

— Ды не работаюць яны ў нас! — бадай абурана запярэчыў малады голас. — Крыж на нас паставілі!

— Я табе дам крыж! Я табе дам! — пагразіў яму Пыльчанка i звярнуўся да свата, каб не працягваць размову з усімі, бо адчуваў — не стрымаецца, скажа праўду, а для Пустахода гэта сапраўды гора на гора.

— Іван, угавары, дзяцей, што нельга ім туды. Ірыну ўгавары, каб ехала з імі дадому…

Іван Іванавіч рэзка падняў галаву — так, што рухам гэтым адкінуў з вачэй, з ілба мокрыя валасы. Яго скаланула гэтае дадому. Да якога дому? Да чыйго? Няма ў дзяцей дому! Няма маці! Пыльчанка ў вачах яго прачытаў: пра гэта сват падумаў. I не даў яму адказаць — амаль крыкнуў сыну:

— I ты, Глеб! Ды будзь ты мужчынам! Загадай жонцы… Я пайшоў пазваніць…

Адышоўшы, сцяміў: нечакана, у парыве, ён сказаў людзям усю праўду. Нядобра сказаў, не падумаўшы. Пра начальства i без таго гавораць многа ўсялякай небылі, а ён як пацвердзіў адну з псіхалагічных легенд: пра сваіх падумаў, сваіх трымае далей ад гэтай праклятай зоны, a ім, прастакам, абяцае хуткае вяртанне. Неабачліва i неразумна да крыўднага. Якраз ён адзін з тых, хто змагаецца з бяздумнымі аптымістамі, што абяцаюць эвакуіраваным хуткі зварот у родныя сёлы.

На падыходзе да будынка праўлення ўбачыў праз адчыненыя шырокія вокны — у кабінетах замітусіліся людзі. Як хавалі штось ці кагосьці. Ці не Караку? Адчуў страх ад магчымай сустрэчы з ім.

Праўленцы сустрэлі старшыню райвыканкома пачціва i баязліва. Ён ведаў: Карака не ўмеў добра гаспадарыць, але каманду сабе падабраць умеў, на гэта людзі яго тыпу маюць асаблівы талент. Бухгалтараў гэтых, планавікоў, аграномаў, заатэхнікаў ён, Пыльчанка, неаднойчы лавіў на прыпісках, для ўласнай выгады яны моцна спаяныя i спетыя. Але пакуль моцна трымаецца патрон. Карака ўмеў трымацца. Самакрытыкавацца ўмеў. За гэта ці невядома за што яго падтрымлівалі. Лаялі i выручалі. Гэтак, між іншым, рабіў i ён, Пыльчанка. Ліслівасць Каракавай каманды сведчыла, што кіраўніка свайго яны ўжо спісалі. I гэта Уладзіміра Паўлавіча абурыла таксама. Ён адчуў глыбокую знявагу да ix, мабыць, у жыцці яшчэ не было, каб ён зневажаў адразу цэлую групу, добры тузін людзей. Выявіў гэтую знявагу тым, што аб справах, сельскагаспадарчых, будаўнічых, ні з кім з ix — ні з намеснікам, ні з галоўным аграномам — гаварыць не стаў, хоць меў намер крута пагаварыць. I не спытаў нават: дзе Карака? Поўная знявага. Пазваніў — i пайшоў, не развітаўшыся.

Ірына, дзеці паехалі, ніхто ix не ўгаварыў. Скарыўшыся, Уладзімір Паўлавіч уціснуў ix разам ca сваццяй i Вольгай Андрэеўнай у сваю машыну.

Варта была папярэджана, але загадзя вароты чамусьці не адчыніла.

Пахавальны картэж спыніўся перад калючым дротам. I тады збялелая Ірына сказала свекрыві:

— Мама, мы паедзем дадому. Паедзем, дзеткі?

Яна ўпершыню ўбачыла дрот. Спалохалася? Не.

Пра радыяцыю яна ведала больш, чым любы з прысутных. Баязлівай не была. Калі i спалохалася, то за дзяцей — за сірат сестрыных i… за свайго. Дзіўна, што i дзеці, якія так упарціліся, тут, перад дротам, моўчкі згадзіліся паехаць з цёткай у горад. Але развітанне ix з маці акрывяніла бабулям i дзядам, ды i ўсім астатнім, сэрцы. Такога развітання, можа, не было яшчэ на зямлі — такой невядомасці не толькі таго свету, куды пераселіцца Мaнi, але i гэтага, дзе пачыналі жыццё яны, малыя, дзе ім трэба жыць. Што ix чакае?

Падсаджаная ў кузаў Тома з крыкам упала маці на грудзі:

— Мамачка! Забяры мяне! Я не хачу! Не хачу! Не хачу!

Цяпер ужо Ванечка, стоячы ў кузаве каля труны i рыдаючы, прасіў сястру:

— Томачка! Томачка! Ну, не трэба… не трэба так. Плакалі ўсе. Не плакала адна Ірына. Развітаўшыся з сястрой, яна рашуча ссадзіла дзяцей з кузава, запіхнула ў «Волгу».

Пыльчанка махнуў шаферу, i машына крута развярнулася.

Паставы адчыніў вароты.

bottom of page