top of page

II


Яна ўвайшла ў палату… i ледзьве не самлела. Не, нічога страшнага там не было. Двое хворых сядзелі на засланых коўдрай ложку i гулялі ў шашкі. Адзін з ix Глеб. З твару, з постаці ён не змяніўся. Але за няпоўны месяц, як наведвала яго, ён… палысеў. Жах! Нялёгка ўявіць, што перажыла маці, убачыўшы дваццаціпяцігадовага сына палыселым.

Глеб узрадаваўся маці. Праўда, ён ніколі не выяўляў сваіх пачуццяў, як Барыс. Ён i цяпер, дарослы, нечым нагадваў таго піянера, які саромеўся, калі ў лагер да яго прыязджала маці з торбай прысмакаў; ён саромеўся, пгго яго бацькі мелі магчымасць прывозіць легапыя гасцінцы, чым вазілі іншым, i аднойчы папрасіў ix не вазіць нічога.

Глеб сказаў радасна, але як бы здзіўлена:

— Мама!

Падняўся, ступіў да яе. Але ён ніколі не цалаваў першы. А Вольга Андрэеўна таксама разгубілася: яна баялася яго абняць — баялася, што заплача; у бальніцы яна ні разу не заплакала, ні ў Кіеве, ні тут, у Мінску. Так нейкі момант яны стаялі адно перад адным, не ведаючы, што рабіць. Аднапалатнікі (трэці сядзеў з кнігай каля акна) трохі здзіўлена глядзелі на ix.

Урэшце абняла яго, асцярожна, як цяжкахворага. Вельмі хацелася прытуліць яго галаву да грудзей, пацалаваць i сагрэць гэтую страшную лысіну дыханнем, цеплынёй сваёй. Так i падумала — што Глебавай галаве нязвыкла холадна; лысіна ўяўлялася ёй незакрытай ранай.

Знайшла ход: адступіла на крок i сказала гучна, бадзёра — як здолела:

— Ой, я ж не з таго пачынаю. Віншую цябе з сынам, Глебушка. Які хлопчык! Які хлопчык! Каб ты пабачыў. Учора мы пакупалі яго першы раз.

I зноў абняла сына. Пацалавала ў лоб, у адну шчаку, у другую — як перахрысціла.

— Як? У цябе нарадзіўся сын? I ты маўчыш? — весела выгукнуў таварыш па няшчасці, з якім Глеб гуляў у шашкі,— Ну, жмінда! У дзве гадзіны пашлём Насцю па каньяк. Яна дастане!

— А вам… можна? — наіўна спытала Вольга Андрэеўна.

— Нам, маці, усё можна. Мы геніяльныя сімулянты, як назваў нас адзін вясёлы прафесар. Нашы хваробы не апісаны ні ў якіх трудах. Не дайшла навука да нашых хвароб.

Хлопцы далікатна выйшлі, каб даць маці i сыну пагаварьщь сам-насам. Выйсці было куды: паспешліва створанае радыелагічнае аддзяленне размясцілі ў філіяле рэспубліканскай бальніцы, які будавалі i абсталёўвалі для самых выбраных несмяротных. Мармуровыя холы. Нават зімовы сад. Ідэя філіяла належала Дырэктару, i ён не шкадаваў грошай. Але ён жа i зрабіў шырокі жэст: узваліўшы віну за раскошу на «стрэлачнікаў», аддаў філіял пад лячэбніцу для тых, хто ў зоне аварыі набраў лішнія бэры.

Глеб павесялеў, застаўшыся з маці, староннія людзі яго заўсёды бянтэжылі.

— Як там Ірына?

— Усё нармальна, сынок. Усё нармальна. Ніякіх аслажненняў. Загадала моцна-моцна цалаваць цябе. Ад сябе. I ад Валодзькі.

— Гэта я напісаў, каб дала імя такое. Дзе ён, бацька наш? Выбівае дазіметры? — іранічна пасміхнуўся. — Быццам ў дазіметрах ратунак.

— Ён скора прыйдзе. Да прафесара паехаў.

— На чорта мне той прафесар! Ты не знаеш, колькі ix тут было, прафесароў. Нашых, з Масквы. Аўстрыец быў… Колькі ix на нас абароніць дысертацыю!

Вольга Андрэеўна выкарыстала размову пра прафесароў, каб перавесці размову на яго самаадчуванне, пра што хацела спытаць у пачатку сустрэчы, але вырашыла перш-наперш падарыць яму радасць — віншаванне з сынам, Ірыніны пацалункі.

— Ну, як ты, сынок?

— Нічога, мама. Толькі вось, — i пагладзіў лысіну. — Іра не пазнае.

— Ад чаго гэта, Глебушка?

— А хто знае! Навука не дайшла, як кажа Павел Целеш. ён з нашага раёна, трактарыст з «Партз’езда». Сеяў у той дзень. I на другі. I на трэці. Гналі план да Мая. Вось так i гналі планы, — Глеб як адводзіў размову ад сябе. Але маці вяртала да таго, што, разумела, яму баліць, трывожыць.

— А пра Ірыну не думай так. Ірына — ты знаеш, якая яна! Праводзіла мяне — абняла i кажа: «Перадайце Глебу, што я вельмі-вельмі люблю яго». Яна прыедзе да цябе…

— Дзіця кіне… — шчыра запярэчыў малады бацька.

— Нічога дзіцяці не здарыцца з такой бабуляй, як Мар’я Пятроўна. Не на тыдзень. З Віктарам на «Жыгулях» яго — паўдня адлучкі. Дай ёй толькі трошкі акрыяць. Напішы, каб грудзі закрывала. Каб масціт не нажыла.

Хораша было з маці. Шырокай паводкай плыла размова. Легка пераходзілі з тэмы на тэму. Успаміналі толькі даўняе былое — радаснае, вясёлае.

Глеб ажыў.

Страх смерці, моцны, стрэсавы, ён перажыў аднойчы, кал i там, на станцыі, страціў прытомнасць i апрытомнеў у машыне «хуткай дапамогі». Вось там i ўдарыў ён, гэты страх, так, што ўспамін пра яго вострым болем адгукаецца ў галаве i цяпер. Але, дзякуй богу, гэта здараецца рэдка, часам у бяссонныя ночы. Пераехаўшы ў чысты горад, жывучы бадай што ў шчасці — з маладой жонкай, якая чакала дзіця, ён пачуваў сябе нармальна. Пакуль зноў не самлеў на нарадзе ў дырэктара цеплацэнтралі. На гэты раз не спалохаўся, Ірыне не прызнаўся, але параду свайго ўрача вьксанаў: тэрмінова ехаць у Мінск, у радыелагічны цэнтр. Думаў, на тыдзень, два, як у Кіеве. Валяецца паўтара месяца. Сумуе ад бяздзейнасці. Ад яе ж, пэўна, слабее i фізічна, пагружаецца, як у сон, у нейкую брыдкую апатыю, калi мала што цікавіць. Паспаў, паеў, схадзіў на працэдуры, пагуляў… Мімаволі робішся хворым, хронікам.

Іншыя шумелі, лаялі начальства, выказвалі прэтэнзіі ўрачам, сварыліся з сёстрамі. Глеб ні на кога злосці не меў. Ён заўсёды быў добры. А тут, у бальніцы, яшчэ больш падабрэў. Сябры па няшчасці лаялі яго за такую дабрадушнасць, лагоднасць — за талстоўства, як сказаў адзін інтэлектуал. Добра яшчэ, што ніхто з ix не думаў, што ён прытворшчык, сімулянт; адукаваныя парабіліся, разумелі, што радыяцыя дае самыя загадкавыя сімптомы сапраўды, можа, нявывучаных хвароб. Адзін зрабіўся буйны, агрэсіўны, ударыў сястру, яго ізалявалі. А Пыльчанка вось такі: усё больш ляжыць, глядзіць у столь, пагаварыць лішне лянуецца, пагуляць у шашкі — не падняць.

Каб Вольга Андрэеўна ведала, як Глеб змяніўся з яе прыездам, — во парадавалася б!

Уладзімір Паўлавіч яшчэ з дому пазваніў былому міністру аховы здароўя, доктару медыцыны, які ў першыя пасляаварыйныя тыдні тройчы наведваў раён i з якім ён амаль пасябраваў; было штосьці агульнае ў ix характарах. Папрасіў: калі не сам ён, то няхай хтось з яго калег, блізкіх да падобнага захворвання, паглядзіць Глеба i скажа — не хвораму! — яму, бацьку, усю праўду, нават калі яна i жорсткая.

— Прыязджай, штось прыдумаем, — паабяцаў прафесар.

Абяцанне выканаў. Прывёз з сабою ажно двух спецыялістаў.

У палату ўваліўся цэлы натоўп: трое прафесароў, галоўурач, лечачы ўрач, дзяжурная сястра. Пыльчанка. Занялі сваё месца хворыя — ляглі на ложкі. З суседніх палат ціснуліся паслухаць такі прадстаўнічы кансіліум, але перад імі зачынілі дзверы. I хворыя ў калідоры выказваліся аб прафесарах не вельмі пахвальна. Асабліва чамусьці не любілі анколага — сівую жанчыну, якая часта наведвалася сюды. Да характару яе прэтэнзій не мелі — бабуля як бабуля, не любілі пэўна з-за страху перад хваробай, бо ўсе лічылі, што апрамяненне абавязкова канчаецца ракам, а гэтую заразу лячыць не ўмеюць; таму i не любілі прафесаршу, што пераконаны былі — i яна не ўмее.

Вольга Андрэеўна ведала, што муж паехаў па прафесара, але столькі ўрачоў спалохала яе. I Глеб, яе ціхоня Глеб, які заўсёды вызначаўся далікатнасцю ў адносінах з людзьмі, быў незадаволены. Адразу вызначыў, хто старэйшы ў кансіліуме, i сказаў Мікалаю Яўменавічу:

— Вам не здаецца, прафесар, што вы ператвараеце нас у паддоследных трусоў?

— А ты хочаш быць толькі героем? Не, брат, пабудзь i трусікам. Героем ты ўжо быў.

— Які я герой!

Гісторыю хваробы праглядалі ўсе трое, ссунуўшы ў букет тры белыя шапачкі.

Першым круціў Глеба ўролаг, мацаў i стаячага i ляжачага, стукаў кулакамі ў ныркі.

— Баліць?

— Не.

— Герой!

Пры гэтым проста непрыстойна дапытваўся:

— Мочышся без болю?

— Нармальна.

— Жонку сніш?

Добра, што выручыў жартаўнік Павел Целеш:

— Доктар! Вы думаеце: на здароўе, калі сніш уласную жонку? Не-е! Во калі чужых баб сніш — гэта на здароўе. Як сасніў — лічы, ачуняў, уцякай з бальніцы.

Рассмяшыў нават прафесара-анколага, якая наўрад ці калі ўсміхнулася пры хворых.

— Ты кім рабіў?

— Трактарыстам.

— У калгасе?

— Ага.

— Моцна ты, відаць, весяліў там у сябе дзяўчат?

— Ого, яшчэ як! Але не дзяўчат — больш маладзіц.

— I як рэагавала на тваю весялосць жонка?

— Дык вось жа… ад чаго лысею. Выскубла ўсе валасы. Жонкі, яны такія! Я тут Глеба вучу… Няздольны вучань! Культуры многа.

— Культура, па-твойму, шкодная?

— Што вы! Ад чаго ўсе беды — аварыі такія, хваробы нашы? Ад культуры.

— Не ад культуры. Ад цывілізацыі,— сур’ёзна сказаў хударлявы неўрапатолаг. — Культура можа быць i ў непісьменных, a ў тых, хто ўзброены камп’ютэрамі,— бескультур’е. Во гэта бяда нашага часу.

Неўрапатолаг яшчэ даўжэй выстукваў сваім малаточкам, прымушаў высоўваць язык, ашчэрваць зубы, прысядаць, згінаць рукі, ногі. Усё гэта рабілася ў той жа паслядоўнасці многа разоў. Запісвалі ў гісторыю i нічога не казалі. I гэта Глеба асабліва раздражняла. Астатнія спецыялісты хоць разважалі ўголас, аналізы паведамлялі. Неўрапатолаг i псіхіятр глыбакадумна маўчалі. Ад гэтага здавалася, што толькі яны выявілі галоўную хваробу — такую, пра якую i гаварыць страшна нават паміж сабой, у сваім асяроддзі.

Пракансультавалі Глебавых суседзяў — нельга ж было аднаго яго. Павел разумеў, што ix — за кампанію, i адкрыта кпіў, праўда, у межах прыстойнасці, з прафесарскай глыбакадумнасці. Ён не верыў ім. Верыў аднаму ўрачу — які лячыў, Наталлі Генадзеўне, бо даўно адкрыў: што яна запісала ў першы дзень лячэння, тое паўтаралі ўсе кансультанты.

Анколаг сцяла вусны. Неўрапатолаг дакорліва ківаў галавой. Толькі экс-міністр i Пыльчанка падтрымлівалі Паўлавы жарты. Вольгу Андрэеўну абурала перш за ўсё мужава несур’ёзнасць: знайшоў дзе блазнаваць! Сама яна з хваляваннем, ад чаго ажно перасохла ў роце, i з асаблівай увагай лавіла кожнае слова дактароў навук не толькі тады, калі яны варажылі над Глебам, але, можа, з яшчэ большай увагай — калі выслухоўвалі i мацалі іншых. Ей здавалася, што нехта з ix расслабіцца i міжволі выкажа тое, чаго не выказаў наконт хвароб яе сына. Яе спалохала, што Глеб пасля аптымістычных заключэнняў уролага звяў. Ляжаў, падсунуўшы рукі пад палыселую галаву, i быў абыякавы да таго, што рабілася навокал, наўрад ці слухаў, пра што гаварылі i ўрачы i сябры яго.

Размову вялі ў кабінеце галоўнага ўрача. Але без маці. Чаму ніхто не запрасіў маці? Звычайная няўважлівасць, якая стала нормай? Прафесары больш уважліва чыталі гісгорыю, перакідваліся спецыяльнымі тэрмінамі. Зрабілі ў тоўстай гісторыі запіс, усе трое паставілі свае подпісы. Выканалі прафесійны абавязак.

Вясёлы ўролаг на гэты раз сур’ёзна i паважліва сказаў Пыльчанку:

— Ну, што мы вам, Уладзімір Паўлавіч, мусім сказаць? З поўнай згоды ўсіх, — іранічна пасміхнуўся, — што нячаста бывае. Адно цвёрда можна сказаць, суцяшальнае: анкалагічнага захворвання няма. I хворыя i блізкія ix перш за ўсё баяцца гэтага. Ix можна зразумець, хоць у цэлым страхі перабольшаны…

— Дык мала ж часу прайшло, — сказаў Пыльчанка.

— Я не пра аварыю. Пра анкалогію ўвогуле. Я дам статыстыку, колькі мы вылечваем. А там, на захадзе, працэнт удвая большы. Праклятыя буржуі абганяюць нас.

— Мяне цікавіць мой сын.

— Разумею. Адкіньце страх! Той, найбольшы.

Тут Уладзімір Паўлавіч падумаў, што дарэмна не ўзяў жонку.

— Але разам з тым не будзем таіць праўды. Хвароб у хлопца букет. Ці ўсе з’яўляюцца вынікам апрамянення — я не адважыўся б сцвярджаць.

— Хлопец рабіў на станцыі.

— Хапіў ён дозу немалую — гэта так. Але ў анамнезе запісана, што ў маленстве ён перанёс нямала хвароб. Так? Так. Паталогія была, — прафесар звярнуўся да калег. — Мы зараз многа ломім коп’яў, але ў адным згаджаемся: апрамяненне перш за ўсё парушае імунную сістэму. Зніжае ахоўныя функцыі. Во гэта, можа, самае сграшнае. Шумы ў сэрцы ў яго маглі быць i раней, I кішэчнік. I ныркі,— прафесар заглянуў у гісторыю хваробы. — Зніжаны зрок. Але калі ён правяраў вочы? Зніжэнне зроку — хвароба большасці людзей. Вось так i іншае, — галоўнаму ўрачу: — Трэба сабраць усе гісторыі хвароб гэтых людзей.

— На Пыльчанку запыталі Кіеў, Чарнобыль — пакуль што ніякага адказу.

— Наш стыль! — хмыкнуў неўрапатолаг.

— Скажыце там у сваёй акадэміі! На хворых такіх патрабуецца поўная інфармацыя. Так нельга працаваць! — амаль узлавана кінуў уролаг акадэміку.

— Чаму ён палысеў? — спытаў Уладзімір Паўлавіч, бо тое, што Глеб страціў валасы, i яго моцна ўразіла i спалохала.

— Гэта карціна знаёмая. I гэта не самае страшнае.

— Целеш схапіў не менш. Аднак у яго вунь якая чупрына. Лічыць: толькі i страты — што жонка выскубла.

— Палысець чалавек можа ад стрэсу, — сказала анколаг.

— Ну, гэта праблематычна, — не згадзіўся акадэмік.

— Валасы адрастуць, — запэўніў уролаг. — Увогуле, Уладзімір Паўлавіч, скажу вам яшчэ адно для заспакаення: крызісны перыяд мінуў. Невылечных паражэнняў не адбылося. Але мушу сказаць i суровую праўду: лячыцца Глебу прыйдзецца доўга. Будзе трымацца астэнія — павышаная стамляльнасць. Небяспечная ўспрымальнасць да інфекцый. Карацей кажучы, пэўны час бацьку сямейства трэба будзе берагчыся, як малому дзіцяці. Добра, што ў яго жонка ўрач. У Светлагорску? Во там няхай i сядзіць, калі выпішацца адгэтуль. У ваш «праслаўлены» раён няхай наведваецца як можна радзей. Што хочуць дадаць мае калегі?

Калегі дадалі нямала, асабліва неўрапатолаг, па частцы радыяцыйнай медыцыны, дыягназу Глебавых хвароб, прагнозаў яго i ўвогуле прагнозаў здароўя людзей.

Яны былі нібыта i суцяшальныя, прагнозы. Уладзімір Паўлавіч падзякаваў медыкам. Але ўвогуле размова зрабіла на яго цяжкае ўражанне. Не разумеў, не ўмеў растлумачыць — чаму? Не прафан ён у радыяцыі. За паўгода многа пазнаў — прачытаў, паслухаў спецыялістаў многіх галін навукі — фізікаў, біёлагаў, медыкаў… I аднак… Ніякія веды не ратуюць ад душэўных пакут, калі хварэе тваё дзіця. Тут ён разумеў маці i падумаў ужо інакш: добра, што не прысутнічае Вольга. Няхай лепш даўжэй пабудзе з сынам, аптыміст Павел Целеш заспакоіць яе лепш, чым пяць урачоў.

bottom of page