top of page

IV


Акадэміка Мартынюка телефон разбудзіў а шостай раніцы — у гасцініцы «Расія». Званіў намеснік па навуковай рабоце Кваша. Сам званок у такі час палохае, а тут яшчэ незвычайны голас звычайна спакойнага чалавека — спалоханы голас:

— Васіль Данілавіч! ЧП! «Танцуюць» прыборы. Змена падняла мяне з пасцелі. Некаторыя скакалі цераз плот.

— Дзе ўцечка?

— Няма нідзе. Праверыў. Усё ў норме. Усе прыборы даюць норму, акрамя дазіметраў.

— Дык у чым прычына?

— Не магу зразумець. Выклікаў ядзершчыкаў. Але ці прыедуць свяцілы з горада ў такую рань?

— У каго ў суседзяў можа быць уцечка?

— У Мінску ні ў каго такіх доз не можа быць. Хіба ў ваенных, пра што нам не дакладваюць. Дарэмна. Па інструкцыі я павінен даць сігнал трывогі.

— Чакай. Шукайце прычыну ў сябе. Толькі калі знойдзеш прычыну, тады бі ў званы. А я пашукаю вакол. Дай мне тэлефон Гідрамета. Праз паўгадзіны пазвані.

Не пацэліў пальцам у шчыліну тэлефоннага дыска — дрыжала рука. Пачало зябіць. Спаў з адчыненай фрамугай. Падышоў, каб зачыніць яе. Акно выходзіць на Крэмль. Гараць залатыя званіцы, залітыя чырванню першых промняў сонца. Якое хара ство! Гэта ж яму ні разу не пашчаслівіла палюбавацца вось так на Крэмль з дзесятага паверха, у такі час, у такую вясновую раніцу. Глядзеў удзень, увечары, уначы. A выходзіць, усё хараство i тварэнняў прыроды i тварэнняў чалавечага генія можна ўбачыць толькі ў хвіліны нараджэння новага дня. Аднак не да паэзіі, калі… калі цябе калоціць не ад холаду…

Дзяжурны ў Гідрамеце адказаў адразу, але голас яго быў заспаны, хрыплы.

— Гаворыць акадэмік… Беларускай акадэміі. Пры адсутнасці аварыйнай сітуацыі на нашым рэактары «заплясалі» дазіметры. Якая абстаноўка ў рэгіёне?

— Усё ў норме, таварыш.

Акадэміку захацелася ўжыць лексікон дворніка.

У дзяжурнага Міністэрства энергетыкі голас быў не начны — рабочы, ды i чуліся ў трубцы іншыя галасы. Недарэмна там людзі ў такую рань.

Прадставіўся. Назваў прычыну сваёй трывогі. Паўза. Загадкавая. Хвалюючая. Чалавек у кабінеце міністэрства яўна думае, што адказаць, значыць, ведае прычыну, значыцца, ёсць прычына. Што здарылася? Дзе?

— Пазваніце пасля дзевяці.

— Да дзевяці — тры гадзіны. I сёння субота.

— Сёння субота, — згадзіўся, здаецца, з расчараваннем, чалавек на другім канцы проваду.

— Хто там такі ранні? — прагудзеў голас воддаль ад трубкі. Той, што гаварыў, заціснуўшы мікрафон, тлумачыў — хто, ды адарваў далоню ад мікрафона.

— Парай яму займацца лепш навукай. Тэарэтыкі, маць ix!..

Мартынюк абурыўся i ледзьве ў сваю чаргу не выказаў добрую параду практыку. Але той, хто адказваў, надзвычай ветліва папрасіў пазваніць у дзвевяць i палажыў трубку.

Пасля такой размовы, ужо не толькі ўстрывожаны, але i надзвычай зацікаўлены, Васіль Данілавіч амаль без ваганняў адважыўся патурбаваць у такую рань свайго куратара — віцэ-прэзідэнта саюзнай акадэміі.

Не здзівіўся, што трубку ўзялі адразу. Жонка. Не выслухала, хто звоніць, — адразу паклікала мужа:

— Жэня! Цябе!

Павітаўся i, пачуўшы, што акадэмік нешта дажоўвае, не папрасіў прабачэння, што патурбаваў, сказаў з ходу, але чамусьці жартаўліва:

— У нас стрэлкі танцуюць гапака.

— Правільна яны ў вас танцуюць. Аварыя на Чарнобыльскай… Лячу. Дапіваю чай, каб не ўкачала ў самалёце. Што здарылася? Толькі што гаварыў ca станцыяй. Уражанне такое, што там ніхто нічога не ведае. Прабачце. Спяшаюся. Машына ля пад’езда. Алё, алё! Вам, як спецыялісту. Да высвятлення абставін — ніякай інфармацыі! Ніякай панікі!

— Але ж…

— Ніякіх «але»! Каманда зверху. Мне званіў член Палітбюро… Думаю, тлумачыць не трэба… Вы — чалавек дасведчаны. Нам з вамі давераны дзяржаўныя тайны.

У трубцы — кароткія гудкі. Адбой.

Чаго не трэба тлумачыць? Вельмі нават трэба. Калі цябе, вучонага вяльможу, паднялі ў пяць раніцы, а можа, i раней… Калі не спяць члены Палітбюро… Тлумачыць можна, канешне, — пазней, высветліўшы абставіны. Але мы з табой, як ніхто, як ніводзін член Палітбюро, ведаем, што гэта такое… Калі заплясалі прыборы за чатырыста вёрст — у Мінску, то гэта… Васіль Данілавіч адчуў на спіне халодны пот, калі мількнула страшнае параўнанне, якое боязна было вымавіць.

— Гэта — Хірасіма.

Прычыніў дзверы ў калідорчык. Зазябіла, ажно ліхаманіла. Няўжо за ноч гэтак астыў моцна нагрэты ўдзень сонцам пакой? Накінуў на плечы пінжак.

«Народу можаш растлумачыць пазней, дарагі шэф. Але ад кіраўніцтва патрабуй сігналу трывогі, каб ратаваць людзей. Ты — найвышэйшы аўтарытэт. Ты знаеш, колькі мільёнаў бэр можа выплеснуць адзін рэактар. А ix там чатыры… Колькі Хірасім!»

Толькі ён, фізік, мог уявіць карціну разбурэння чатырох рэактараў. Ад такога i ў спёку заліхаманіць.

Зняў тэлефонную трубку. Набраць Мінск! Даць хаця б папярэджанне кіраўнікам рэспублікі. Але смешна ён будзе выглядаць ca сваім званком, калі ім пазванілі ўжо не з гасцінічнага тэлефона — па ВЧ. Да таго ж успомніў, што тэлефоны гасцініцы не падключаны да аўтаматнай сувязі. Вылаяўся. Каменны век! З лепшай гасцініцы сталіцы краіны не можаш пазваніць у сталіцу рэспублікі. Мабыць, у папуасаў лепшая сувязь. Увечары каля трох гадзін чакаў размовы па талоне; а палове першай падняў жонку з ложка, напалохаў такім познім званком. А цяпер не мае магчымасці хаця б папярэдзіць: не ездзі на дачу, не вязі ўнукаў, не выпускай ix на вецер. Бегчы на перагаворную? У вестыбюлі ёсць тэлефоны-аўтаматы. Але ж — ніякай інфармацыі! Ніякай панікі! Трэба чакаць другога званка намесніка. Інфармаваць яго, ён зразумее з паўслова.

Але даўно мінулі паўгадзіны. Крамлёўскія куранты прабілі шэсць. Павялічылася колькасць машын на мосце. A пешаходаў адзінкі — выхадны, спяць людзі, сняць вясновыя сны.

Не, на Краснай плошчы ля Маўзалея ўжо цэлая група. Во раннія! Усходнікі, безумоўна, прачнуліся з папраўкай на часавы пояс. Ці, можа, проста з поезда да Леніна.

Пачынаецца дзень. У такую цяплынь мільёны людзей шугануць у поле, у лес, на садовыя ўчасткі, дзяцей не ўтрымаеш пад дахамі. I ніхто не будзе знаць, што ў празрыстым паветры, у светлым небе плыве нябачнае воблака са смяртэльнай дозай у паўсотні Хірасім.

Божа! Які жах! Як жа могуць маўчаць людзі, якія ўжо ведаюць пра катастрофу? Як ён, фізік, камуніст, можа маўчаць? Сядзець вось так, глядзець на чырвоны апарат (чырвоны — як сігнал трывогі!), чакаць званка з Мінска. Але адтуль пазвоняць, каб даведацца штось у яго, спадзяюцца, што ён тут, у Маскве, атрымаў поўную інфармацыю. Наіўныя людзі! Добра, што ён паспеў перахапіць віцэ i хоць даведаўся ад рас — адкуль яно плыве, воблака.

Не! Так сядзець немагчыма! Не ў яго сіле даць сігнал трывогі. Але сабраць больш поўную інфармацыю ён не толькі можа — абавязаны.

Спаласнуў твар, не пагаліўшыся; завязваў гальштук — убачыў у люстэрку, што дрыжаць рукі. Ад страху? Не ганебна прызнацца, што ад страху. Не за сябе ж.

Столькі мы гаварылі пра ядзерную катастрофу, столькі палохалі людзей бомбамі, якія могуць прынесці ракеты з-за акіяна. I ні разу не сказалі пра магчымасць вось такой катастрофы. З-за чаго? З-за адсталасці тэхнікі? З-за праліку фізікаў? Ці, можа, з-за нашай безадказнасці, бязладдзя, бесталковасці? Усяго, на жаль, хапае.

Дзякуй богу, што ліфт безадказны, хуткасны — імпартны. Імклівасць, з якой выходзіў жыхар, ажно прымусіла швейцара падняцца перад ім i пажадаць шчаслівай дарогі. Куды? Толькі ў таксі Васіль Данілавіч сцяміў: швейцар палічыў, што чалавек яўна спазняецца на самалёт ці поезд.

Але толькі там, у таксі, калі трэба было сказаць шафёру, куды ехаць, акадэмік задумаўся: а куды, уласна, ён спяшаецца?

У якую ўстанову, да каго ехаць у такую рань? У высокую ўстанову яго не пусцяць… У акадэмічны інстытут? Хто там мог так аператыўна сабрацца? Ведае ён свайго брата. Не вельмі паварушацца, пакуль над імі не крапае.

У запісной кніжцы шукаў маскоўскія адрасы. Шафёр нецярпліва пазіраў на дзівакаватага пасажыра. Лічыльнік шалёна спяшаўся, выбіваючы капейкі. Можна было падумаць, што ён адлічвае апошнія секунды існавання свету. Ara, вось да каго трэба ехаць! Карапей Антон Пятровіч, зямляк, некалі жылі ў адным доме, зрэдку разам адзначалі святы, сыны вучыліся ў адным класе. Але, гэта той чалавек, які патрэбен у такой незвычайнай сітуацыі. Адказны работнік Дзяржплана Саюза. Ад яго легка званіць. I ён пазваніць можа даволі высока i атрымаць аб’ектыўную інфармацыю, яму дадуць.

Адчынілі не адразу. Жаночы голас дапытваўся: хто? Ён назваўся, прозвішча, імя дапоўніў тытулам. I аднак усё роўна жанчына даўгавата ўспамінала. Няўжо забылася? Праўда, у гасцях у ix тут, у Маскве, ён не быў ні разу, але зрэдку званіў па старой памяці, i менавіта яна, гаспадыня, заўсёды запрашала яго ў госці.

Адчыніла. Здзівілася.

— Вы з поезда?

— Не. Я з гасцініцы «Расія». Антон Пятровіч дома?

Бадай, спалохалася.

— Спіць яшчэ. Выхадны ж…

— Разбудзіце, кал i ласка.

— А што здарылася?

— Я раскажу.

Планавік выйшаў у піжаме, ускудлачаны. Здзіўлення не выказаў. Павітаўся за руку, проста, па свойску. У пакой не запрасіў. Тут жа ў прыхожай сеў у мяккае крэсла каля тэлефоннага століка.

— Дык што вас падняло ў такую рань?

Не прысядаючы, хоць стаяла другое крэсла, Васіль Данілавіч расказаў, што яго падняло.

Карапей пазяхнуў i непрыгожа, па-мужыцку, пачухаў ягадзіцу.

Акадэміка ашаламіла такая рэакцыя дзяржаўнага чалавека.

«Няўжо не разумее, што можа здарыцца? Растлумачыць!»

— Антон Пятровіч! Да вы разумееце, калі гэта ўзрыў рэактараў!..

— Дык вы кажаце, што туды паляцеў ваш шэф. Яму — i карты ў рукі. А што я магу?

— Мне трэба інфармацыя аб ступені небяспекі. Вам дадуць.

— А хто мне дасць? Ох, цяжка з вамі, вучонымі. Вы павынаходзілі, а кал i што не так — нам рассёрбваць…

— Пазваніце каму-небудзь з адказных работнікаў. Няўжо вам самому не цікава?

Карапей паглядзеў угору на электронны гадзіннік, на табло якога з незвычайнай хуткасцю выскоквалі зялёныя секунды. Зноў пашкроб мяккае месца — як дэманстраваў знявагу.

Васілю Данілавічу стала да слёз крыўдна. Не дурны ж, здаецца, быў чалавек, i не атлусцеў тут, у высокіх кабінетах, наадварот, схуднеў, высах, пасівеў — не гультай на працы. А якая цвердаскурасць, як у бегемота. Такая катастрофа яго не ўсхвалявала. Не, відаць, не разумев. Трагедыя ў тым, што i наверсе не адразу могуць зразумець.

Карапей нехаця, з яўнай дэманстрацыяй — на, адчаплюся я ад цябе, няпрошанага госця, — набраў тзлефон. Ветліва павітаўся. Назваў сябе. Яму таксама назваліся, бо ўзрадаваўся чалавек, іншым го ласам загаварыў:

— З добрым днём вас, Папік Гарагінавіч. Чаму званю? Ды тут цэлы раман, Зямляк мой, акадэмік, ні свет ні зара падняў мяне з цёплай пасцелі. Прысніў у гасцініцы, што ў Чарнобылі атамны рэактар узарваўся. А ён — фізік! Не лірык… Мы з вамі таксама не лірыкі, Але i не фізікі. Правільна. Матэматыкі. Самая дакладная навука. Лічым — не кавычым…

Хвілін колькі ўважліва слухаў, такаючы.

— Дзякую, Папік Гарагінавіч. Адлягло ў мяне. Адляжа ў яго. Фізік правільна разлічыў. У дзевяць змена? На дачу? А я — у Падольск, унукаў наведаем, засумавалі за тыдзень. Усяго добрага.

Паклаў трубку, падняў вочы, якія толькі цяпер, здалося, прачнуліся, прыветліва пасміхнуўся: нарэшце гаспадар узрадаваўся госцю.

— Ну, вось вам — поўная карціна, — кіўнуў на тэлефон. — Адказны дзяжурны Саўміна. На станцыі быў пажар. Дзесь гадзіны ў дзве ночы. Патушаны. Ніякіх узрываў не было. Навакол людзі спакойна даглядаюць сны…

— Але ж радыяцыя дайшла да Мінска. Калі гараць звычайныя матэрыялы…

Вочы ў Карапея патухлі.

— Не знаю, што там да вас дайшло. Не ўзнімайце панікі. Гэта не я кажу. Указание з самагасамага, — паказаў вачамі ў столь. — Народ наэлектрызаваны… Дэмакратыя i галоснасць — рэчы добрый, але не ўсе яшчэ навучыліся карыстацца імі Рэчы вострыя. Не для дзяцей…

Выйшла з пакоя гаспадыня, прыбраная, пры часаная.

— Запрашай, Антон, госця ў залу. I ўмывайся, Будзем снедаць.

— Не, дзякую. Я палячу дадому. Заеду ў гасцініцу — i ў аэрапорт. У дзесяць — рэйс.

Карапей угаворваць не стаў.

— Але дазвольце пазваніць у Мінск.

— Калі ласка, — амаль радасна сказала жанчына.

Гаспадар на гэты раз пачухаў жывот — даймала алергія.

Васіль Данілавіч набраў намесніка. А той з папрокам:

— Божа! Нарэшце! Сказалі: пазвоніце праз паўгадзіны…

— Я сказаў? Я прасіў вас пазваніць. Вы ж ведаеце: з нашых гасцініц…

— Тройчы набіраў. Куды вы зніклі?

— Паднімаў начальства з пасцелі. Не скачыце там цераз плот. Супакойце людзей. Аварыя далёка — на Чарнобыльскай.

— Гэта вы называеце — далёка? Для нас Англія — за плотам.

— Гэта так. Для нашых часцін…

— Што ў ix там здарылася?

— Тут таварышы гавораць, што мы, фізікі, панікёры. Не панікуйце, але ў ЦК далажыце. I жонцы маёй пазваніце. Каб не везла ўнукаў на дачу.

Чамусьці размова перапынілася. Карапей паківаў дакорліва галавой.

— Дарэмна вы палохаеце людзей.

— Дай бог, каб дарэмна. Дзякую вам…

— Няма за што.

Рукі на развітанне не падалі адзін аднаму.

Карапей асудзіў госця, калі той выйшаў:

— Вучоныя! Думаюць, што яны ратуюць чалавецтва. Яны вядуць яго да прорвы. Але, паколькі канец свету не наступіў, пайду я дасплю, — падняўся i пачухаў спіну аб касяк дзвярэй, — вейкі зліпаюцца. Ад дымедролу. Не люблю… I без яго не сплю. Во заразная хвароба.

— Можа, i нашым пазваніць, каб дзяцей не выпускалі? — нясмела спытала жонка.

— Ты што гэта! — начальніцкім голасам загрымеў Антон Пятровіч. — Во як паніка ўзнікае! Не хапае, каб яна ад нас пайшла, — i папярэдзіў своеасабліва, каб не ўздумала званіць: — Спаць я не буду. Заснеш з вамі… хіба вечным сном.

bottom of page