top of page

V


Высадзіліся на бераг на захадзе сонца.

Ірына, падняўшыся ад прычала, дзе плёскаліся хвалі, узнятыя катэрам, на абрыў, з якога тысячы разоў збягала, сотні разоў скочвалася, адразу паглядзела на сонца. Кладучыся спаць у блізкім лесе — так некалі здавалася ёй, малой, сонца часта рабілася такім — як вялікі разрэзаны кавун. Сорамна яму было, што пакідае людзей, таму чырванее, думала некалі дзяўчынка. На яго нельга было не глядзець. Але не ласкава-сарамлівым, як некалі, здалося яно, а злавесным, што вялікі пажар. А яшчэ чамусьці здалося, што сонца адарвалася ад неба, а зямля не прымае яго, i яно павісла. I гэтак будзе вісець. I не з дол ее ўзысці, страціўшы сілу.

Нечаканая дзіўная фантазія, ніколі такое не прыходзіла. Павярнулася, каб сказаць пра сваё дзяцячае адчуванне Глебу i Вользе Андрэеўне, якія няспешна паднімаліся па спадзістай коннай дарозе, i замерла, сцялася, бо пачула незнаемую, нязвыклую цішыню, якой не чула ў роднай вёсцы ў вячэрні час ні разу за ўсё жыццё сваё.

Адышоў катэр. Матор яго стукаў недзе за паваротам ракі, але гэты чужы непатрэбны гук яшчэ больш вылучыў страшную цішыню наваколля. У такі вясновы вячэрні час веска поўніцца гукамі: звіняць дзіцячыя галасы — тут мода гуляць у клёка, рыкаюць каровы, брэшуць сабакі, стукае рухавік на ферме, трашчаць матыцыклы. I — пыл, у такі сухі вечар пыл на вуліцы, на выганах. А тут — хоць бы адзін знаёмы гук. I не залаціцца пыл у промнях стомленага сонца. Не залаціцца дым над комінамі.

Выгляд яе спалохаў Вольгу Андрэеўну.

— Што з табой, Ірыначка?

Такі матчын зварот да яго жонкі — як да малой — не пераставаў кранаць Глеба.

— Ix няма.

— Каго няма?

— Нікога няма. Як там, ва ўчарашніх вёсках.

Яны стаялі побач з ёй, Глеб i маці, i ўміг пераканаліся, што гэта так — вялікае прыпяцкае сяло апусцела. Калі? Учора, калі яны ішлі з Віктарам да затокі, дзе стаяць чаўны, i ён пацеў пад цяжарам матора, ix даганялі самыя розныя гукі чалавечай дзейнасці. I вось — усё вымерла. Куды яны паехалі, людзі?

Ірына прытулілася да Глеба i заплакала, уткнуўшыся тварам ў яго плячо. Зусім як малая.

— Ты чаго, Іра?

— Мне страшна, Глеб.

— Ішла ў Прыпяць, у Чарнобыль — не баялася.

— Не баялася.

— А вярнулася дадому…

— Вярнулася? Да чаго вярнулася, Глеб? Да каго?

— Кінь ты наганяць паніку… Ну, эвакуіравалі ix. I правільна зрабілі. Трэба было раней, у той жа дзень, як наш горад. Ты знаеш, колькі там народу паднялі. За паўсотню тысяч. A ў вас?

— Глеб! Ты забываешся, што яна тут нарадзілася, вырасла, — сказала Вольга Андрэеўна.

— Мае гняздо. Мой родны кут. Уяўляю, як яны пакідалі яго. Мама. Ліза…

— Не навечна ж, — суцешыла Вольга Андрэеўна.

Глеб змоўчаў. Ён адзін лепш, чым бацька яго, ведаў, што калі i не навечна, то вельмі надоўга. Вельмі.

Дунцу такі вывад падказаў практычны розум. Ён, інжынер станцыі, чуў яго ад вучоных, разам з якімі апошнія дні працаваў i жыў.

Нейкі момант яны стаял i моўчкі, на беразе праслаўленай у тысячагоддзях ракі, у якую выліта нямала i крыві, i слёз, i поту, над якой спявалі i стагналі.

— Куды ж мы цяпер? — бездапаможна сказала Ірына. — У мяне няма сіл ісці…

— Да бацькавай хаты дойдзеш?

— Да бацькавай?

— А куды ж! Тут фон не вышэй, чым у Чарнобылі.

— Так, так, у нашу хату. У нашу хату! — амаль па-дзіцячы ўзрадавалася Ірына. — Я знаю: мама павесіла ключ там жа, пад ліштву. Ты знаеш, якая гэта даўняя завядзёнка? Бацька кажа: ад дзядоў, толькі замок быў іншы, зубчастая засоўка. Аднойчы да нас залезлі зладзеі. Свае — зналі, дзе ключ. A ўсё роўна i пасля таго ключ вешалі на тое ж месца. Пад тую ж ліштву. Смяяліся з маці: «Іншай схованкі не прыдумаеш?»

Ірына павесялела, разгаварылася — i ім таксама стала весялей.

Бадай бадзёра закрочылі па сцежцы ўздоўж раўчака наўпрасцяк да лепшага дома — Лізінага, самага высокага, з мансардай, бляшаны дах ззяў. Адзін Глеб падумаў: «Колькі ён набраў, такі дах?»

Ля дома гэтага спыніліся на момант, здзіўленыя: пад паветкай застаўся вісець вэнджаны кумпяк. Навошта яго там павесілі? Чаму не забралі? Забыліся? Ці пабаяліся спажываць?

Пракаўтнулі сліну.

Ключ быў на месцы, пад ліштвай, не ўзяла яго з сабой Марыя Пятроўна — Ірына не памылілася.

У хаце было душна, па-святочнаму прыбрана — ніякіх слядоў раптоўнага выезду гаспадароў. Смачна пахла булкамі i смажанінай. На стале пад абрусам ляжала вялікая пшанічная буханка з бліскучай скарыначкай i пафарбаваныя яйкі. Каму пакідаліся велікодныя прысмакі?

— Нам, — сказала Ірына. — Мама верыла, што мы вернемся па той жа дарозе, па якой пайшлі. Мамачка! Ты нават прыбрала ў хаце. Як я хачу есці! Але спачатку мы памыемся. Прапалім лазню.

Яны не елі цэлы дзень.

Шукалі машыну спачатку на самы блізкі маршрут — на Лоеў, але ім сказалі, што пераправа цераз Прыпяць закрыта. Пасля — на Чарнігаў. Ix было сотні машын, самых розных, ды ўсе ішлі на Кіеў. Але урэшце ім моцна пашанцавала: у інтэрнаце, дзе каго толькі не было, выпадкова наскочылі на гідраметэаролагаў, яны збіраліся ісці ўверх па Прыпяці рабіць замеры радыяцыі паветра, вады, доннага грунту. Начальнік экспедыцыі не адразу згадзіўся ўзяць пасажыраў, але перад просьбамі Ірыны i Вольгі Андрэеўны не ўстаяў. Аднак паколькі не было лішняга спецадзення, рэспіратараў, то бязлітасна загнаў ix у салон з задраенымі ілюмінатарамі. Салон катэра быў ператвораны ў захламлены склад, з мноствам рознай, хутчэй за ўсё непатрэбнай, апаратуры; у ім моцна пахла дызельным палівам i хімічнымі рэчывамі. Але смярдзючае паветра гэтае было менш небяспечнае, чым рачное, лугавое, звонкае i чыстае на смак i нюх, з сустрэчным ветрыкам. Хуткі катэр поўз што чарапаха. Толькі АЭС праскочылі на гранічнай хуткасці, на гэтым участку самі вучоныя спусціліся ў салон. А да станцыі i пасля спыняліся, можа, праз кіламетр, кідалі якар i часам стаялі бясконца доўга. Сонца так награвала металічны корпус, што не было чым дыхаць. Глеб дазваляў сабе падняцца на палубу. Ірына i маці пратэставалі: ім не падабаўся яго кашаль, сухі, кароткі i часты — «авечы», як ён жартаваў. Але Глеба цікавілі замеры. Даведаўшыся, што ён інжынер станцыі, гідраметэаролагі паказвалі яму табліцу замераў. Вада адносна чыстая — цячэ з чыстага краю. I дно пакуль яшчэ чыстае. А паветра… На станцыі фон намнога вышэйшы. Але там не было маці i Ірыны. Не выпускалі ix на палубу!

Толькі жанчыны маглі вытрымаць пакуты ў душным труме. Гаспадары забыліся накарміць сваіх гасцей: не разлічвалі ці спадзяваліся, што маюць свой харч. Глеб выпрасіў у ix дзве пляшкі мінеральнай вады, пілі яе, як у пустыні, кожны стараўся глытнуць менш, каб засталося бліжняму.

Так яны правялі дзень.

I вось родная Ірыніна хата, пакінутая бацькамі. I булка на стале. Радавацца? Плакаць? У Вольгі Андрэеўны балюча сціснулася сэрца. А Глеб, здаецца, радаваўся. Засмуціўся хіба, калі праверыў, што святло адключана. А тэлефон адразу ж праверыла Maні: няхай Пыльчанка прыедзе, забярэ ix. Але — дзіўна — i тэлефон адсеклі. Няўжо не засталося паста міліцыі, ніякай варты? Жах! Глеб не вытрымаў — адламаў ад булкі акрайчык, укінуў у рот.

— Хрыстос васкрэс! Якая смаката!

— У лазню! — камандавала Ірына.

Яна паводзіла сябе ўвішнай гаспадыняй. Знайшла свечкі, бялізну, верхнюю напратку. Злазіла ў пограб i вярнулася адтуль, бадай, спалоханая: усё засталося, усе маміны саленні i варэнні. Яны ж чыстыя ў бляшанках. Чаму не забралі? Не паспелі? Куды эвакуіравалі сяло?

Пасля яны палілі лазню, збудаваную каля Лізінага дома. Ліза будавала з размахам. Ліза працавала апантана, але i жыла шыкоўна, багацце не таіла, наадварот, любіла выставіць яго напаказ. Зайздросцяць людзі? Няхай зайзросцяць. Не ўкрала. Хоць некаторыя лічылі інакш: легка нажываць, будаваць, маючы такога бацьку.

Качалі ў калонцы ваду; шланг ад калонкі працягнуты да лазні. Насілі дровы — з-пад бацькавай па~ веткі, хоць гэта i далей. Існаваў нейкі няпісаны закон у падзеле дабра паміж бацькамі i дачкой, які ніхто не мог растлумачыць, нават дасціпная Тамара, Больш істотнае было агульнае, а дровы, грады, чаўны, веласіпеды — у кожнага свае.

Працавалі, мыліся i… цалаваліся. Каля калонкі, пад паветкай, у лазні. Хто ix мог асудзіць? Пасля вяселля адну толькі ноч правялі разам. У Чарнобылі месца не знайшлося, каб адасобіцца. I ім было радасна, весела. Яны забыліся на бяду. На нейкі час. Хоць, як ні дзіўна, у Глеба толькі тут, у гэтым пустым сяле, з’явілася адчуванне маштабнасці яе. А там, нават пры эвакуацыі Прыпяці,— толькі ўсведамленне вялікай аварыі, якую, не сумняваўся, людзі ліквідуюць. Чаго не бывае! Землятрусы. Звяржэнне вулканаў. Цунамі. У яго сяброў-атамшчыкаў ёсць нават філасофія: калі чалавецтва вынайшла такую сілу, то павінна быць гатовым, што час ад часу яна можа вырывацца з-пад яго ўлады. Лаялі толькі начальства i сябе, што гатоўнасці гэтай не аказалася амаль зусім. Ды гэта ўжо вынік нашай бязладнасці.

А Вольга Андрэеўна сядзела ля стала ў дзіўным стане, які спалучаў i смяртэльную стомленасць i душэўную ўзбуджанасць. Глядзела на «пасху» з нейкім зусім незнаемым адчуваннем. Есці хацелася. Але яна не магла дакрануцца да гэтага хлеба. Не наступіў Вялікдзень. Ці верыла яна ў бога? Не адказала б яна на гэтае пытанне. Яна верыла ў традыцыі, трымалася ix, Большасць царкоўных свят, дат ix, не ведала. Але ў тыя дні, якія ведала ці пра якія выпадкова ўзнавала, не мыла бялізны, не рабіла ў гародзе. Перад Калядамі варыла куццю, перад Вялікаднём фарбавала яйкі i ў суботу велікодную поставала, адзін дзень за год «ідэйнага посту», як называў яго Уладзімір Паўлавіч. Ён незласліва кйіў з жончыных «маленькіх забабонаў», але не перашкаджаў ёй трымацца традыцый. Вольга хоча жыць, як большасць людзей, — калі ласка, на здароўе. Урэшце, яе народнасць у нечым памагала i яму; у няёмкае становішча яна ні разу не паставіла яго, як некаторыя неразумный жонкі.

На стале гарэў кароткі агарак свечкі, пастаўлены ў чарку. Свечка з натуральнага воску. I пах яго нагадваў нешта вельмі даўняе, а што — успомніць i зразумець не магла. Знаёмае, многа разоў чутае — пах смерці, пахавання, жалобы. Такая асацыяцыя ў такі дзень, у такі вечар, у такім становішчы пры трапяткім святле свечкі наганяла жахлівыя ўяўленні — апакаліпсічныя. I Вользе Андрэеўне захацелася памаліцца. Але ніводнай малітвы не ведала i ўпершыню пакутліва перажыла гэты прабел свайго выхавання. Быў у яе час i магчымасць, седзячы ў бібліятэцы, вывучыць i гэта. Хіба мала яна ўсяго вучыла, часам непатрэбнага! А тое, што для душы, заўсёды можа спатрэбіцца, калі не табе, то людзям. Не, былі малітвы, ёй сачынёныя, яна шаптала ix бяссоннымі начамі, калі Барыс ваяваў у Афганістане.

Але воск пахне i жыццём, радасцю, полем, кветкамі, звонам пчол, сонцам, ветрыкам. Гэта яе ратавала праз усё жыццё — што ў душы яе жыла паэзія, i ёй, нярэдка з пакутамі, з трудом, удавалася змрочныя думкі, уяўленні адціснуць светлымі, радаснымі, прадчуванне бяды — прадчуваннем шчасця. I тут яна зрабіла намаганні i — з магільнай ямы ўзнялася на светлую зямлю. Памог пах воску? Не, смех дзяцей. Ірына i Глеб смяяліся ў цёмных сенцах. Яны прыйшлі запрасіць маці мыцца: лазня гатова. Мыюцца ў «чысты чацвер». У суботу хіба купаюць малых дзяцей. Але ім трэба змыць пыл дарогі, больш небяспечнай, чым ваенная. Дык хіба яна магла дазволіць сабе мьщца першай! Не, першымі павінны змыць з сябе гэты страшны пыл дзеці!

Пакуль яны мыліся, Вольга Андрэеўна шукала ў свацці велікодныя прысмакі. Знайшла не ў халадзільніку — у гарачай яшчэ печы. Накрыла стол.

Ірына i Глеб вярнуліся чырвоныя, разамлелыя ад пары i вады. Шчаслівыя, нягледзячы ні на што. Маладосць! I Вольга Андрэеўна парадавалася, гледзячы на ix. Знала, што яны галодныя, але збянтэжана папрасіла, паказваючы на стол:

— Пачакаем Вялікадня, дзеці.

Дзіўна: ix, маладых, кранула гэта. Ці проста ім хацелася гульні, маленькага спектакля? Не, Глеба нечаканая матчына набожнасць настроіла на гэткую ж сур’ёзнасць. Шмат якія эпізоды сваёй чарнобыльскай эпапеі ён расказваў з гумарам, каб пераканаць маці i Ірыну, што жылі інжынеры i рабочыя весела, без страху, бо асаблівай небяспекі няма на ix рабоце; забываўся на прызнанне, што працавалі яны ўсяго па адной гадзіне. А тут успомніў яшчэ адзін эпізод.

— A ў нас там дзівак адзін ёсць. Фізік, а чытае Біблію. Дык ён вычытаў. Ты паслухай, я запісаў,— дастаў з кішэні пінжака блакноцік, прачытаў: — «Трэці Анёл пратрубіў, i ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла падобна свяцільніку, i пала на трэцюю частку рэк i на крыніцы вод. Імя той зорцы — палын…» Разумеет сэнс? Чарнобыль — палын. Дык вось… «і трэцяя частка вод зрабілася палыном, i многія з людзей памерлі ад вод, таму што яны сталі горкія». Праўду казалі старыя: у Бібліі можна знайсці прароцтвы на ўсе выпадкі жыцця. Хітрая кніга!

Расказаў i пашкадаваў, бо вясёлая, калі палілі лазню i мыліся, Ірына зрабілася сур’ёзная, задумлівая. Хадзіла па хаце са свечкай, як шукала чагось. I знайшла…

З вялікіх рэчаў бацькі забралі толькі тэлевізар i лепшае адзенне. Халадзільнік пакінулі. I ўсё іншае. Увесь транспарт быў кінуты на вываз калгаснага дабра.

У шафе, дзе засталося горшае адзенне, знайшла Ірына магнітафон «Вясна», Тамарын, які тая купіла за грошы, заробленыя на зборы вінаграду ў Малдавіі. Ірына з трывогай падумала: як жа паспешліва збіраліся бацькі, калі нават на такую рэч забыліся.

Успомніла, што выдумшчыца Тамара рыхтавала сюрпрыз — велікодны, хацела здзівіць i маці i старых бабуль, якія наўрад ці чулі такую музыку, хіба толькі тыя, хто ездзіў у Кіеў на богаслужэнне ва Уладзімірскі сабор. Сапраўды, у магнітафоне стаяла касета з рахманінаўскім «Всенощным бцением».

Маці вярнулася, калі час блізіўся да поўначы. I калі стрэлкі на насценным гадзінніку — i яго не забралі! — сышліся ў вертыкалі, Ірына націснула клавішу магнітафона, які паставіла на лаўку за сталом. I хату напоўніла дзівосная музыка — шматгалосы магутны хор выконваў «Приидите, поклонимся».

Вольга Андрэеўна спачатку спалохалася, твар яе, пачырванелы ў лазні, спалатнеў. Што гэта? Адкуль? Як з неба. Яна не разбірала словы. Але музыка… Хіба не бажэсцвенная? Музыка — усе тыя яе думкі, што пасля ліхаманкавага віхру выстраіліся вось тут за сталом, кал i яна глядзела на полымя свечкі i на водбліскі на бліскучай скарынцы велікоднага хлеба. Там хацелася плакаць — ад гора i ад радасці. I тут яна заплакала. Стаяла пасярод хаты, i з вачэй яе сыпаліся буйныя чыстыя слёзы.

Магчыма, Глебу стала ніякавата за маці — за такую яе чуласць. Ён наблізіўся да яе, вінавата паклікаў:

— Мама…

— Не трэба, Глеб, — сказала Ірына.

I яны доўга стаялі, як у храме, i слухалі «Благослови, душе моя», «Свете тихий», «Богородице дева, радуйся». У асобных месцах выразна гучэлі словы:

        Богородице дева, радуйся,
       Благодатная Мария, Господь с тобою.
       Благословена ты в женах,
       И благословен Плод чрева твоего,
       Яко Спаса родила, яко Спаса родила…
       …………………………………..
       Воскресение Христово видевши,
       Поклонимся Святому Господу
       Иисусу, Единому безгрешному.

bottom of page