top of page

VI


У Мінску, як i ў Кіеве, як ва ўсіх гарадах паміж гэтымі сталіцамі, людзі жылі аварыяй. Размовы толькi пра яе — на рабоце, у метро, трамваях, тралейбусах. Афіцыйная інфармацыя была вельмі скупая, i натуральна, што хадзілі самыя розныя чуткі, неверагодныя. На Камароўскім рынку да створанага дазіметрычнага пункта стаяла даўжэзная чарга. Такія ж чэргі выцягваліся ў нямногіх паліклініках, дзе паставілі радыяцыйна-вымяральныя прыборы. Кожны, хто прыязджаў у горад, лічыў неабходным праверыць сябе, адзенне, абутак.

Ва ўрадавым дачным пасёлку каля кожнага катэджа былі добра ўгледжаныя грады з клубніцамі, цыбуляй, салатай. Нават у самага высокага начальства. Жонкі ix — пажылыя, былыя сялянкі, не адарваліся яшчэ зусім ад зямлі. Ды i ўсе, акрамя маладых, што ганялі мячы, круцілі педалі i займаліся каханнем, былі медыцынскі адукаваныя — разумелі карыснасць фізічнай працы. А дзе яшчэ можна папрацаваць фізічна пасля доўгага сядзення ў кабінеце, як не на ўласным гародзе! Пасаджаны на натуральным угнаенні, паліты i праполаты ўласнымі рукамі, гурочак i на зубах хрумсціць смачней. Асалода ад яго большая. I небяспека меншая — без нітратаў.

Жонка аднаго кіраўніка, найлепшая з гаспадынь, у якой да мая выраслі пад плёнкай цыбуля i радыска, занепакоеная, што ў тыя слякотный дні цяплічкі был i адкрытыя, занесла гародніну для праверкі ў спецпаліклініку, дзе чэргі не збіраліся. Закусь «засвяціла». У пасёлку пачаўся перапалох. Устрывожыліся не толькі жонкі. Адважыліся далажыць Лявонцію Мікалаевічу. Ён тут жа даў даручэнне вучоным праверыць. Мартынюк паслаў маладых хлопцаў. Рабілі яны сумленна, але не стрымаліся ад спакусы трохі папалохаць начальства. Лічбы спалохалі i самога Лявонція, які да таго ўжо трохі адукаваў сябе па часці радыяцыі. I меліся ўжо рэкамендацыі вучоных аб метадах дэзактывацыі глебы. Самы просты i эфектыўны: зняць верхні пласт i насыпаць новы, такім чынам можна нават палепшыць урадлівасць поля. Зусім проста! Як чалавецтва не дадумалася да гэтага раней?! Але дачныя грады — не сотні тысяч гектараў. Па тры-чатыры сотачкі на сям’ю — глупства.

З’явіліся скрэперы, зграблі з градак верхні пласт разам з буйна распушанай — во расце, як на дражджах! — гароднінай. З’явілася калона самазвалаў, пагрузіла гэтую добра ўгноеную за многія гады зямлю i вывезла на паляну ў лес недалёка ад вадасховішча. Свяці, зямелька, у ягадзіцы тым, хто з пляжа забіраецца ў гушчар дзеля грэшнай справы! Куды вазілі, дзе звалілі — ніхто не глядзеў. А вось за тым, каб самазвалы памылі, прасачыў адказны гаспадарнік. Паліўныя машыны вазілі ваду ў далёкі ад сталіцы, але блізкі ад Заслаўя кар’ер, дзе праходзіла аперацыя мыцця. Пасля гэтыя ж самазвалы зайшлі ў старыя саўгасныя кароўнікі, дзе жывёла ўтрымлівалася па-дзедаўску — без бетоннай падлогі, i выграблі шматгадовы гной для рэканструкцыі «жыццёва неабходнай пасяўной плошчы».

Адзін толькі дачнік, пенсіянер, былы партызан, не даў разбурыць свае грады, якія сам урабіў, бо жонка хварэла. Гэты вясёлы чалавек займаўся любімай справай: прачышчаў вакольныя хвойнікі, звозіў сасонкі, сам піліў, калоў і… аддаваў дровы тым, хто паліў печы, у тым ліку навакольным дачнікам. Да яго прыходзілі жаночыя дэлегацыі, каб вымусіць яго зрабіць тое ж, што ўсе.

— З вашых град пыл паляціць на нашы.

— Абяцаю вам, што не буду палоць у ветраную пагоду.

Вяльможныя дамы сінелі ад яго жартаў. I ад паводзін. На ix вачах ірваў цыбулю, выціраў аб парусінавыя, прапітаныя смалой штаны i апетытна хрумстаў.

— Хто цыбулькі хоча, бабачкі?

Адышоўшы, «бабачкі» пляваліся i лаялі старога блазена:

— Яму што! Яму даўно за семдзесят. Можна ўжо i богу маліцца. A ў нас унукі,— хоць у таго таксама былі ўнукі.

За першым пасёлкам падобную дэзактывацыю пачаў праводзіць другі пасёлак, з другога боку горада, хоць забруджанасці там не выявілі. Але ж нельга адставаць ад начальства. Ды адпачывалі там кіраўнікі рангам ніжэйшыя. I Лявонцій Мікалаевіч цыкнуў на ix:

— Што пра вас падумае народ! Панікёры! Няма ў Мінскай вобласці ніводнай плямы, — пра дачны пасёлак змаўчаў.— А вы сееце паніку. Закапваеце ў зямлю народныя грошы. Хто даў права? З партыі будзем выключаць за такія дзеянні. У Брагіне трэба рабіць! А не на сваіх гародах. Аграрнікамі ўсе парабіліся! Арганізуйце з ix, Міхаіл Іванавіч, брыгаду. I — у калгасы! У калгасы! У зону! Не ад «галасоў» з-за бугра, ад мудрых кіраўнікоў, якія ратуюць свае грады, разыходзяцца, што кругі па вадзе, дурныя чуткі, недарэчныя выдумкі. Трэба спыніць! Якім чынам?

— Выступіць вам па тэлебачанні,— падказаў адзін з падхалімаў, упэўнены, што заробіць ачкі за такую падказку.

Але Лявонцій Мікалаевіч нядобра бліснуў у яго бок вачамі. А для ўсіх — глыбока задумаўся.

— Мне? Можа, i мне. Але лепш… спецыял?стам. Міністр аховы народнага здароўя! Трэба супакоіць людзей.

Міністр па-вайсковаму падняўся.

— Якім чынам, Лявонцій Мікалаевіч?

— Хто мае вучоныя званні? Вы ці я? Навука ў наш час павінна ў её магчы!

— Знішчыць на зямлі ўсё жывое яна можа. А насмарк вылечыць не можа, — іранічна кінуў адзін з незалежных намеснікаў Дырэктара, якога чамусьці завочна падначаленыя называлі ATK — аддзел тэхнічнага кантролю пры Дырэктару.

Міністр пісаў выступленне двое сутак. Ён не быу радыёлагам, i яму прыйшлося збіраць розных спецыялістаў, каб атрымаць ix парады, якія былi вельмі супярэчлівыя. Даручыць гэтую работу памочнікам, разумеючы яе адказнасць, не мог, пасля дзённых няспынных пасяджэнняў пісаў уначы — да бяссонніцы, да спазмаў сасудаў. Яшчэ дзень абмяркоўваў выступление з калегамі, i, каб улічыў ix заўвагі, работы хапіла б яшчэ не на адну ноч. А яго падганялі: дзе выступление? Аднак ніхто не патрабаваў яго візаваць: кажы што хочаш. I міністр сунуўся на тэлестудыю. Але там таксама сядзелі людзі, якія трымаліся за свае крэслы — жадаючы выбіць ix хапае, праца няпыльная. Выступление пайшло ў высокі дом. Чыталі інструктары, намеснікі, загадчыкі, але амаль усе яны вучылі фізіку толькі ў школе i даўно забыліся, а медыцыну ведалі па сваіх радыкулітах i гемароях. Урэшце адважыліся пакласці выступление на стол самому Дырэктару.

Ён праявіў надзвычайную аператыўнасць: праз гадзіну міністр стаяў у яго кабінеце.

Лявонцій Мікалаевіч быў як ніколі добры i неафіцыйны. Падняўся з рабочага месца, прайшоўся да доўгага стала.

— А я трохі паправіў ваш тэкст. Прабачце. Але цяпер гэта тое, што трэба… народу.

Падаў лісты.

Міністр гартануў ix, i кроў ударыла яму ў патыліцу. Старонкі машынапіснага тэксту размалёваныя сінім алоўкам, выкраслены цэлыя абзацы, паміж радкамі напісаны новы тэкст. Адразу ўбачыў: i ад навукі, i ад яго трывогі нічога не засталося. Супакаенне i бадзёрства. Прапаганда па даўно штампаваных узорах.

— Я не магу вылазіць… з такім тэкстам, — упалым, ахрыплым голасам сказаў бясстрашны некалі разведчык.

Уміг спагадлівы кіраўнік ператварыўся ў суровага дырэктара. Пабурэла шыя i пабялела лысіна.

— У такім разе вам прыйдзецца сачыняць больш кароткі дакумент.

— Зрабіць гэта зараз, у прыёмнай? — смела, рашуча, з выклікам спытаў міністр.

Такога павароту Лявонцій Мікалаевіч не чакаў i адчуў сябе бадай жа ў тупіку. З кім іншым размова на гэтым i скончылася б, хіба коратка прадоўжылася б праз два-тры дні… праз тыдзень, не больш, за сцяной, у зале пасяджэнняў. Але з гэтым вучоным чортам так нельга, гэтаму ён зрабіў бы вялікую паслугу. Гэты перадаў бы сутнасць канфлікту ўсяму актыву і… узняў бы свае акцыі. А яго аўтарытэт упаў бы.

Часам трэба ўмець адступіць, быць дыпламатам.

— Хочаце збегчы ў нялёгкі час?

— Бегчы мне няма куды… акрамя аперацыйнай…

I Лявонцій Мікалаевіч звярнуўся да ATK, якога прадбачліва запрасіў на размову з міністрам:

— Аляксандр Тарасавіч, дапамажы таварышу… Выведзі яго ў эфір — твая парафія. Сёння ў найлепшы вячэрні час.

ATK — душа чалавек: з усімі на «ты», усім сябра.

I ён мудра параіў:

— Коля! А ты не вылазь з гэтым, — кінуў ён на паперы, што прыкметна трымцелі ў руках, у якіх ніколі не здрыгнуўся скальпель. — Ты без папер скажы народу праўду. Пара нам вучыцца гаварыць без паперы.

Лявонцію не спадабалася ігнараванне яго паправак. Але ён добра ведаў ATK, зразумеў яго хітрасць: за такі кароткі час новую канцэпцыю не збудуеш i мусіш без тэкста выступаць па тэксту… па папраўленаму, будзеш акцэнтаваць на спецыфічна медыцынскія аспекты i не палезеш са сваімі ацэнкамі агульнай сітуацыі.

Калі міністр выйшаў, ATK весела сказаў: хацеў разрадзіць атмасферу:

— Калі ў нас распухнуць прастаты, а да гэтага нядоўга, ён будзе выразаць ix.

Лявонцій Мікалаевіч адчуў боль ў ніжняй частцы жывата. Болі такія зрэдку з’яўляліся i раней, але тэрапеўт супакойваў: каліт. Уролагу ён не паказваўся. Напамінак пра магчымасць старэчай хваробы спалохаў i ўзлаваў — узлаваў напамінкам пра гады: падбіраецца пенсійны ўзрост. I ён нечакана для сябе, а яшчэ больш для ATK, спагнаў злосць на намесніку:

— У вас дурацкія жарты! Менш расказвайце анекдоты! Распусцілі языкі! Балбатуны, а не ідэолагі! Работаць трэба! А не пра яйцы свае думаць! Вакол — адны правалы.

ATK ведаў свайго шэфа, ведаў, што, калі той «сарваўся», ратунак адзін — хутчэй знікнуць. I яго як ветрам здзьмула. Сакратарка i тыя, што сядзелі ў прыёмнай, свае, па выглядзе трэцяга чалавека ў іерархіі ўстановы сцямілі, што ў кабінеце бура, i паспяшаліся за ім: пачакаюць самыя неадкладныя справы, наліха ім падстаўляць свае галовы. Няхай сціхне тайфун. Тут ён больш небяспечны, чым чарнобыльскі.

Лявонцій Мікалаевіч разумеў, што яму трэба наведаць зону бедства.

Але жонка i дачка, ды i памочнікі некаторыя, што клапаціліся пра яго, як пра бацьку роднага, адгаворвалі ад паепешлівай паездкі.

— Хіба мала ў цябе памочнікаў, якім па абавязку службоваму трэба знаходзіцца там? Ix нагружай. А ты ўсё сам, — пераконвала анёл-ахоўнік — жонка.

— Ды сам, — з жалем да сябе згаджаўся Лявонцій, бо сапраўды рабіў, не шкадуючы часу. Рэдка калі вяртаўся на дачу раней дзевяці вечара. Выхадных не меў.

Ды, урэшце, меў i маральнае апраўданне, каб адкладваць паездку: адным з першых наведаў Гомель, першамайскімі святамі ахвяраваў. Правёў абласную нараду. Кіраўнікі раёнаў, што пацярпелі ад аварыі, з першых вуснаў атрымалі ўказанні. Няхай выконваюць! Працаваць трэба!

Не пазбаўлены чалавек быў сіндрому даўняй хваробы кіраўнікоў высокіх — пераконанасці: без яго ўказанняў Пыльчанка i яму падобныя не могуць ведаць, што ім рабіць. Не могуць ведаць. I не ведаюць. Кацяняты сляпыя. Тыцкаюцца мордачкамі ў мамін жывот, шукаючы саскі.

Станцыю наведалі члены Палітбюро. Далей адкладваць паездку нельга было, гэта зразумела нават жонка.

Сам Лявонцій Мікалаевіч не збіраўся ў дарогу, такой прозай не займаўся даўно. Ведаў, што яго збяруць у любую паездку, дальнюю i бліжнюю, у Пухавічы i ў Японію.

I яго збіралі. Цэлы дзень. Хатнія i гаспадарчае ўпраўленне. Кіраўнік гэтага ўпраўлення i раней часам званіў Ніне Паўлаўне: што трэба? A ў той дзень званіў неаднойчы. I яна яму званіла. А як жа інакш? Сам едзе ў небяспечную зону! Што туды трэба? Чаго нельга забыць, думаючы пра бяспеку яго?

З сабой у вялікую чорную машыну Лявонцій Мікалаевіч узяў старшыню аграпрама — каб не гнаць лішні транспарт, не спынялі барацьбы за эканомную эканоміку.

Старшыня з’явіўся дакладна, мінута ў мінуту, але з адным тонкім «дыпламатам», у якім маглі змясціцца хіба паперы ды мыла. Гэта здзівіла: чалавек ужо двойчы ездзіў у зону.

Лявонцій Мікалаевіч не прынізіўся да праверкі свайго багажа, але па зборах i размовах жонкі, дачкі, унукаў ведаў, што багажу таго нямала. Хатнія радыёлагі яму прадпісвалі: як можна хутчэй змяніць трусы, майку, шкарпэткі, сарочку, штаны, чаравікі. Адным словам, поўнае абнаўленне амуніцыі. А куды забруджаную? Ды i дзе пераадзецца? У машыне? У лесе? На людзях? Наіўныя жанчыны. У гасцініцы. Якая мудрасць! Без ix ён не дадумаўся б! Але начаваць ён мае намер у Гомелі. А дабярэцца туды хіба апоўначы. Там, канешне, змые нукліды i ляжа ў чысты ложак у чыстай бялізне.

Tоe, што аграрнік з’явіўся бадай што без зменных майкі i трусоў, супакоіла — сам жа ён даказваў, што небяспекі няма, i ў выступленні міністра выкрасліў усе перасцярогі, але абудзіла i раздражнёнасць, што ён усё ж паддаваўся агульнай паніцы i з градамі, i з гэтым пакункам бялізны на два дні камандзіроўкі. Раздражніўся супраць звышасцярожнай жонкі, супраць падхалімаў-памочнікаў i супраць вось гэтага піжона з тонкім «дыпламацікам», старшыню не любіў, бо той часта дазваляў сабе не згаджацца з яго ўказаннямі, як больш вырасціць хлеба i надаіць малака.

У машыне гаварылі аб перапрацоўцы забруджаных (у дазволеных навукай дозах) прадуктаў раслінаводства i жывёлагадоўлі. Менш за ўсё застаецца радыяцыі ў лёгкіх фракцыях, практыкай праверылі,— у масле, у спірце.

— Спірт выключаецца, — сказаў Лявонцій Мікалаевіч. — Не будзем спайваць народ.

— Ён сам сап’ецца. Ад нашага глупства. Вёска гоніць самагон — дым каромыслам стаіць. У горадзе выпілі адэкалон, ласьёны, дабіраюцца да лакаў і… да ваксы.

— Да чаго?

— Да ваксы. Для ботаў.

— Не збірайце анекдоты. Народ мастак сачыняць ix. Але кіраўніку вашага рангу ганебна паўтараць фантазіі алкаголікаў.

Не любіў Лявонцій Мікалаевіч вось такіх разумнікаў з ix гульнёй у самакрытычнасць — «ад нашага глупства», «ад нашай бяздзейнасці». Кажа ад на шай, а мае на ўвазе ад вашай, сябе з дурняў, безу моўна, выключав. Во як пад’язджае:

— Аз мясам што рабіць?

Данеслі яму аб супраціўленні гэтага беларускага татарына, хітругана, i некаторых іншых ва ўрадзе ягонай згодзе з рэкамендацыяй маскоўскіх вучоных: завозіць мяса з зоны на дальнія камбінаты i невя лікую частку, да дзесяці працэнтаў, дадаваць ў кіл басы, у кансервы з чыстага мяса.

— Вы гэта пытаеце ў мяне? Я ў вас павінен спытаць. Вы спецыяліст i кіраўнік.

— З рэкамендадыяй Ільіна i Кандрусевіча нельга згадзіцца. Гэта авантура. Дзяржаўнай тайны з мяса не зробіш, народ узнае — i будзе скандал. Больш таго… думка фізікаў. Мартынюка. Абсталяванне… метал i пры малых дозах будзе накапліваць радыяцыю і, накапіўшы, забруджваць чыстую пра дукцыю.

— Хто сапраўдны авантурыст, дык гэта ваш Мартынюк. Кантроль выводзіць гэтых вялікіх фізікаў на чыстую ваду. Яны выкачал i ад Міністэрства абароны сотні мільёнаў рублёў i вынайшлі… пшык, як той гора-каваль. A ў амерыканцаў падобныя ўстаноўкі працуюць.

— Я заўсёды кажу: самае таннае — украсці.

Не любіў Лявонцій Мікалаевіч спасылак на народ, хоць сам часта спасылаўся. I вось такіх жартаў не любіў: думае іншы, што дасціпна, а на самай спра ве — дурнота, студэнцкая балбатня.

Знешне размова як размова, асобныя павароты яе зацікавілі нават шафера, які ўсё чуў i ўсё ведаў, можа, больш, чым само начальства.

Часам маўчалі. Драмалі. Гаварылі пра староннія рэчы, пра міжнародныя навіны. Зноў вярталіся да аварыі, да сухой вясны, да стану пасеваў. Чатыры гадзіны дарогі — вечнасць. Даўно нехта заўважыў, што бег часу ў дарозе адваротна прапарцыянальны хуткасці руху. Добра, што касманаўты не адчуваюць сваёй хуткасці.

Жоўтая «міргалка» расчышчала дарогу «ЗІМу». Адсталі дзве «Волгі» суправаджэння. Але i на такой хуткасці машына награвалася.

Спыніліся напіцца. Шафёр адкрыў багажнік, каб дастаць з паходнай «маразілкі» баржомі. I Лявонцій Мікалаевіч убачыў, што багажнік забіты скрынкамі, пакункамі. Але найбольш уразіла, што багаж убачыў аграпрам i красамоўна ўедліва пасміхнуўся.

— Што гэта? — строга спытаў гаспадар у шафера.

— Абед.

— Каму?

— Вам, — шчыра i наіўна адказаў стары служка.

— I дзе ж мы з табой будзем яго есці? Забяромся ў кусты? — i знаёма для абодвух памочнікаў узлавана грымнуў:— Дурні! Падхалімы! Аддаць гэта, — хацеў сказаць — «дзіцячаму Дому», але ўспомніў, што дзяцей эвакуіравалі, i на міг задумаўся, каму аддаць: — У бальніцу!

Але дурнямі былі б памочнікі, шафёры, маёр ДАІ, каб аддалі камусьці такія прысмакі. Ікорка чорная i чырвоная, балычок, паляўнічыя сасіскі, загорнутыя ў фольгу… А як жа! Атрымаюць гэта хворыя — аблізнуцца… Як толькі Сам падняўся у райком, скрынкі перакачавалі ў іншыя машыны, у багажніку засталіся толькі бутэлькі баржомі.

Для паездкі па раёне Лявонцій Мікалаевіч «карэктна» высадзіў з «ЗІМа» свайго мінскага спадарожніка — запрасіў да сябе сакратара абкома i Пыльчанку. Сакратара — па рангу. А Пыльчанку — за яго нечуваную дзёрзкасць. Бадай, ніхто яшчэ з адказных работнікаў не кідаў вось так галосна, на нарадзе, папрок кіраўніцтву рэспублікі, вобласці ў бяздзейнасці — «заліваем бяздзейнасць вадой». Нахабнік? Трэба прыгледзецца да яго, панюхаць, чым пахне. Пакідаць на пасту ці выгнаць? Месца тут сёння не святое, аднак пустым не будзе, любому прапануем — не адмовіцца. Але кал i гэты Пыльчанка з галавой, то лепш, як кажуць, на пераправе не мяняць, няхай цягне да чыстага часу.

Такім чынам Уладзімір Паўлавіч апынуўся ў машыне, у якой, між іншым, ні разу яшчэ не ездзіў, здзіўлены такой увагай да сваёй персоны. Сінякоў прасіў яго перад візітам «не лезці ў бутэльку». Ён паабяцаў, хоць ведаў, што моўчкі за спінамі абласной світы стаяць не будзе. I іншы час Сіня коў, безумоўна, прыраўнаваў бы да свайго старшы ні — не па рангу «палез у салон», а цяпер нават парадаваўся, што не яму трэба рабіць даклад на чальству. Баяўся хіба трохі, што стары выкіне фартэль. Але ж, можа, не патрабуюць з сакрата ра адказнасці за вальнадумнасць старшыні райвы канкома.

Пыльчанка атрымаў права вызначыць маршрут інспекцыйнай паездкі. I ён павёз кіраўніцтва ад разу ў Бабіна — у сяло, якое, лічыў, трэба дадат кова адсяліць, хоць яны ў трыццацікіламетровую зону не ўваходзіць. Высокая забруджанасць глебы. Мусілі спыніць палявыя работы.

— Хто спыніў?

Рашэнне прымала бюро райкома. Уладзімір Паўлавіч узяў на сябе:

— Я.

— Хто ацэньваў абстаноўку?

— Вучоныя. Ваенныя.

Ён называў лічбы, элементы, якія выпалі. Ля вонцію Мікалаевічу падабалася дасведчанасць старшыні. Вось так папулярна пра забруджванне, тэрміны распаду розных рэчываў, механізм цыркуляцыі нуклідаў з зямлі ў расліны, з раслін у арганізм жывёлы, ступень рызыкі для людзей, якія застануцца тут жыць, — не расказаў яшчэ ні адзін вучоны. Доказна, пераканаўча, без апакаліпсічных жахаў, але i без заспакаення.

«Не, такімі кадрамі раскідвацца нельга», — на строіўся на аб’ектыўнасць Дырэктар.

Але Пыльчанка палез з просьбай: трэба дазіметры, многа дазіметраў, узброіць аграномаў, медпункты, школы. Гэтую песню Лявонцій Мікалаевіч чуў ад таго ж Мартынюка, ад міністра, ад старшыні аграпрама. Яна гучала як дакор i раздражняла. А цяпер i гэты ж туды!

— Навошта вам гэтулькі дазіметраў? У вас па стаянна будуць вучоныя. Зробяць замеры i, што трэба, скажуць вам.

— Лявонцій Мікалаевіч! Я рэаліст. Я знаю, як працуюць вучоныя. Пастаянна яны ў нас не будуць… А нам жыць i працаваць! А забруджанасць… яна вельмі няроўная… стракатая… Суседнія палі, а розны ўзровень, i розніца — у два-тры разы. Не толькі кожны кіраўнік… кожны чалавек… настаўнік школьнік, нарэшце, павінен ведаць, дзе можна рабіць, гуляць, вырваць кветку, ягаду… Калі заставацца людзям… A Бабіна трэба высяляць!

Па такіх канкрэтных пытаннях Лявонцій Мікалаевіч ніколі не выказваўея — пакуль не падрыхтуюцца эксперты. А сакратар абкома, хоць меў у ладу проста загадаць: пытанне здымаецца! — пачаў дэмакратычна аспрэчваць:

— У вас ёсць сродкі?

— Сродкі павінен даць урад.

— Вы думаеце, ва ўрада мала дзірак? Вы ведаеце, колькі каштавала эвакуацыя з зоны?

— У нас — зона бедства. Людзі трапілі ў бяду. Усе іншае можа пачакаць!

— Месніцкая ў вас псіхалогія, Пыльчанка. Нізкая вышка, з якой вы глядзіце, — сісазаў сакратар абкома.

— У мяне вышка раённая. У вас — абласная. У Лявонція Мікалаевіча — рэспубліканская. У Генсека— саюзная. Але што Бабіна… ды i ўсяго раёна, то мая вышка сёння самая высокая…

— Во як! — здзівіўся Лявонцій Мікалаевіч. — Можна пазайздросціць вашай самаўпэўненасці.

— Не лічу сябе самаўпэўненым. I ніхто не лічыў, уласная жонка… Усё жыццё сумняваўся. Ва ўсім…

— У Савецкай уладзе не сумняваўся, — павучальна сказаў сакратар абкома.

У Савецкай уладзе не сумняваюся.

Дзякуй богу.

Ніхто ў сяло не званіў. Прыехалі знянацку. Але каля праўлення калгаса тоўпіліся людзі. Мужчыны. Механізатары. Спынілі ж палявыя работы. Некаторыя былі «пад газам» ужо — абедзены час.

— Ну, як жывецца, таварышы?

Машына выдала, што начальства высокае, i меха нізатары праявілі цікавасць, тыя, што ляжалі на зямлі, гулялі ў карты, падняліся, памкнуліся на сустрач гасцям. Але першае ж пытанне ўзлавала муж чын. Твары пахмурнелі.

— Дрэнна жывём.

— Чаму так?

Сакратар абкома паспяшаўся прадставіць высокага госця — можа, палагаднеюць. Не, наадварот, глядзець пачалі спадылба, як валы з-пад ярма.

— А што гэта за жыццё? Кажуць: цыбулі не есці, яйкі не есці, малака не піць. A ў магазіне — хіба пацукі адны.

— I радыяцыя ix не бярэ! — падключыўся мясцовы гумарыст.

— Хаця б барматухі якой заісінулі. Кажуць, памагае ад гэтай заразы, — паказаў немалады трактарыст вачамі ў неба.

— Хаця б кансерваў якіх.

Лявонцій Мікалаевіч строга спытаў:

— Чаму людзей не забяспечваюць прадуктамі?

«Гэта я ў вас павінен спытаць», — падумаў Уладзімір Паўлавіч, але адказаў пачціва, хоць з сарказмам, які знаёмы быў сакратару абкома.

— Бамбім тэлеграмамі аблспажыўсаюз, Белкаапсаюз. I ўсіх, чый адрас знаем. Просім, молім, пагражаем… Прыміце нашу скаргу.

— Аляксей Раманавіч! Разабрацца! — i свайму памочніку: — Вернемся ў райцентр — звяжыце мяне са старшынёй Белкаапсаюза. Скажам яму пару ласкавых слоў,— павярнуўся да механізатараў, жанчын-праўленцаў, што высыпалі з памяшкання: — Прадукты будуць, таварышы!

Твары ў людзей пацяплелі; верылі: калі сказаў такі высокі начальнік…

— Кажуць, нас высяляць будуць? Куды? — спытала жанчына.

— Хто вам сказаў пра гэта? — спытаў Лявонцій Мікалаевіч.

— Я сказаў… па рэкамендацыі вучоных, — Пыльчанка пайшоў напралом, бо зразумеў з размовы ў машыне, што Вадалей (сам выдумаў мянушку, i яна прыжылася ў яго лексіконе, хоць Сінякоў i папярэджваў: «Уліпнеце») таксама супраць расшырэння зоны эвакуацыі.

У рэспубліканскіх органах разважалі: Палітбюро i Саюзны ўрад вызначылі радыус у трыццаць кіламетраў — ведалі, што рабілі. Усе іншыя пражэкты з арсенала Мартынюка.

— То растлумачце людзям — куды вы ix хочаце вывезці,— загадаў Пыльчанку Дырэктар.

— У нашым раёне — няма куды. Баюся, як бы i тыя, паўночныя, вёскі не прыйшлося эвакуіраваць, куды мы адсялялі.

— Панікёр вы, Пыльчанка! — узлаваўся Аляксей Раманавіч. — Во што я вам скажу.

— Можа, i панікёр. Але… Бабіна трэба высяляць!

— Куды? — адразу гукнулі некалькі галасоў.

— Каб я вырашаў, то далей… на Віцебшчыну, нанрыклад…

— Ку-у-ды? — алсно надскочыў сакратар абкома. — Не патрыёт вы, Пыльчанка, сваёй вобласці. У нас i без таго людзей не ханае.

— На Віцебшчыну мы не паедзем, — сказаў старшыня калгаса Каляга, які да таго быў саюзнікам Пыльчанкі.

— Не паедзем, — не вельмі дружна пацвердзіў натоўп.

— Чулі? — ажно ўзрадаваўся Аляксей Раманавіч.

Чуў. Але не лічыў гэта сваім паражэннем. Гэтак жа спытаў праз пэўны час у машыне Лявонцій Мікалаевіч — не без іроніі:

— Чулі голас народа?

Пыльчанка не здаваўся, ён разгарачыўся:

— Людзі проста не знаюць, што ix чакае. Хто ім даў інфармацыю? Тэлевізар, газеты? Выступление міністраў? Слухалі мы i свайго, i ўкраінскага, Кіеў больш балакае…

— А вы знаеце… што вас чакае?

Начальніцкая іронія да прызнанага гумарыста гэтым разам не дайшла.

— I я не знаю.

— Во гэта самакрытычна. Многа вы бярэце на сябе, Пыльчанка.

— Залішне многа, — больш выразна пагразіў сакратар абкома.

— Разумею, Аляксей Раманавіч, што можна інакш… як некаторыя вашы… Але праўду кажу — не магу.

Лявонцій Мікалаевіч нечакана засмяяўся, упершыню, бадай.

— Ну, стрэмка! — i падумаў: «Не, такога выганяць адгэтуль нельга».

— Прабачце, Уладзімір Паўлавіч, але вам што, шляя пад хвост папала. Вы ж спакойны чалавек… былі…

— Быў.

Пыльчанка вызначыў далейшы маршрут, сказаў Дунцу, які ехаў у машыне суправаджэння: уздоўж агароджы з калючага дроту, яе ўзводзілі сапёрныя часці.

Павярнулі на палявую дарогу. Праехалі апусцелы вайсковы лагер — палатачны гарадок, дзе гаспадарылі кашавары, дымілі кухні.

Раніцою прайшоў дождж. У любы іншы час майскаму дажджу радаваліся б, недарма жартуюць суседзі — гаспадары чарназёмаў: «Два дажджды ў маю — i ўсю агратэхніку…» А яны сёння ўсю раніцу высвятлялі, адкуль ішла хмара. Дажылі!

Пыльчанка спадзяваўся, што зямля яшчэ не высахла. Сапраўды, у сасняку дарога была мокрая. A выехалі ў поле… Які ячмень паабапал! Які ячмень ідзе! Уладзімір Паўлавіч цяжка ўздыхнуў. Магчыма, начальства зразумела яго смутак, боль.

Дарога запыліла. А шафёр — стары дурань! — як баяўся адстаць ад міліцыі. Трымаўся правіла, ці што?

— Браток, — звярнуўся да яго Пыльчанка. — Адстань… Не трэба нам удыхаць міліцэйскі пыл. Вунь заднія… яны разумныя… адсталі. Нават начальніцкі пыл не хочуць глытаць.

«Здзекуецца? Ці сур’ёзна думае пра бяспеку? Цікавы чалавек. Загадкавы», — i Лявонцій Мікалаевіч пахваліў сябе за праніклівасць: сакратар гэ так не паводзіў бы сябе i такія вось звесткі аб сітуацыі, настроі людзей ад яго наўрад ці атрымалі б. Аднак дазваляе сабе сапраўды лішняе. Трэба асекчы. Дзе? Калі?

Выехалі на асфальт. Дарога вяла ў зону. Вароты ў агароджы адчыненыя, каля ix міліцэйскі пост, ажно тры чалавекі.

Спыніліся перад варотамі. Папярэджаны экіпажам машыны суправаджэння, начальнік паста, старшы лейтэнант, далажыў па ўсёй форме, стукнуўшы абцасамі.

— Таварыш… — пасада, орган, поўная назва рэснублікі.— Пост міліцыі Аршанскага аддзялення нясе ахову зоны павышанай радыяцыі.

— Праедзем у зону? — спытаў Пыльчанка ў высокага госця.

«Правярае, ці не баюся», — падумаў Лявонцій Мікалаевіч. Азірнуўся. Падышлі машыны абласныя, раённыя. Высыпала чалавек пятнаццаць кіраўнікоў усіх рангаў. Гэтыя ўмеюць разнесці i добрую i дурную славу.

«Ну i тып, гэты Пыльчанка!»

— А што там глядзець?

— Тры кіламетры — вялікае сяло. Лепшы калгас. Быў. Вы знаеце, гэта ўражвае: сяло без людзей. Такое i ў Бібліі не апісана. Пакажу сляды марадзёрства. Зладзюгі нічога не баяцца. Вычысцілі восем тон пасяўной грэчкі ў першую ноч.

— Бо вы варон лавілі.

— А вы нам далі дастаткова транспарту, Аляксей Раманавіч? Думалі: пад дахам грэчка будзе цалейшая.

Уладзімір Паўлавіч бачыў, як Дунец шаптаў начал ьніку паста, здагадаўся — щто, i ажно кракнуў: «Я ж табе дам, чортаў мільтон!»

— Паехалі! — вырашыў Лявонцій Мікалаевіч i палез у машыну. Ды начальнік паста спыніў яго.

— Дазвольце сказаць? Папярэдзіць…

— Аб чым?

— Шкада мне вашай машыны.

— Чаму машыны? — не толькі здзівіўся — бадай, спалохаўся адважны кіраўнік.

— Набярэ яна рэнтгены і… будзе «свяціць». Метал не адмываецца. Калі не спісаць, забрудзіць гараж…

Плаксівым голасам заенчыў шафёр:

— Дык што ж гэта мы думаем сабе, Лявонцій Мікалаевіч! Такую машыну гробім. 3-за чаго? Каб глянуць на пустое сяло?

Дырэктар успомніў расказ генерала паветранай арміі, які вадзіў на АЭС эскадрыллю верталётаў: некаторыя машыны, з якіх кідалі пясок, набралі столькі, што ix прыйшлося спісаць i закапаць глыбока ў зямлю.

Лявонція перасмыкнула. Мокрая ад поту сарочка зрабілася халоднай. «Метал можна закапаць. А людзей?»

I ён рашуча загадаў ахове:

— У зону нікога не пускаць!

Узлаваны на свайго начальніка міліцыі, Пыльчанка ў сваю чаргу загадаў таму — няхай пакруціцца:

— Дунец! Чуў? У зону нікога не пускаць! Сваіх! A ўсе гідраметы — чорт з імі!

— А як жа з бычкамі?

— З якімі бычкамі? — у сакратара абкома вочы палезлі на лоб.

— У нас там засталася ферма бычкоў.

— Чаму не эвакуіравалі?

Урэшце i Сінякоў развязаў рот — пайшоў на выручку свайму старшыні:

— Па плану ферма не трапляла ў зону. Ваенныя выпрамілі — не маглі пракладваць агароджу па балоце. Ды i ўказанне: мінімальна…

— Якое ўказанне? Чыё ўказанне? — ажно пасінеў Аляксей Раманавіч. — Ніякіх указанняў на гэты конт не было. Быў план, зацверджаны.

Сінякоў схаваўся за спіны абласных калег — далей ад начальніцкага гневу. Вылез, называецца, сабе на бяду!

А Пыльчанка раптам сцяміў, што выпала магчымасць выказаць сваё крэда з той завостранасцю думкі, на якую наўрад ці адважышся на афіцыйнай нарадзе.

— Што з бычкамі? Папросім ваенных. Няхай дадуць аўтаматчыкаў. Пастраляем i… закапаем.

Бачыў, што ўсіх здзівіў: шафёраў, міліцыянераў — такой прапановай. Аляксей ажно крутнуўся на адной назе.

— Ды вы што? Дурныя жарты!

— Ніякія не жарты.

А Дырэктар не здзівіўся, адзін з усіх. Слухаў моўчкі. Даваў ім права вырашыць самім унутраныя справы, каб ніхто з ix пасля не спасылаўся на яго. Не, не даў ён мусоліць гэтую тэму.

— Паехалі! — нырнуў у машыну. Шафёр з радасцю i надзвычайнай лёгкасцю развярнуў доўгі лімузін ад «варот у пекла».

Сакратар абкома ніяк не мог супакоіцца.

— Ну, жартачкі ў вас, Пыльчанка. Колькі там бычкоў?

— Шэсцьсот трыццаць галоў.

— Ко-о-ль-кі? Вы што, у сваім розуме? Ну, мяснік! Ну, багач!

— А вы будзеце есці гэтае мяса? — злосна агрызнуўся Уладзімір Паўлавіч, прымусіўшы сакратаpa пракаўтнуць язык. — Яны тры тыдні вольна гуляюць на ячмянях. Набралі вагу — блішчаць. Але набралі i нукліды ёду, цэзію… Учора я вазіў да ix радыёбіёлагаў… Памералі — пабялелі. Ад бычкоў «свецяць» не мікра i не мілі, a поўныя кругленькія бэры. А вы ix хочаце на біфштэксы…

— Я нічога не хачу. Але я разважаю, як гаспадар.

— А я — як хто?

Лявонцій Мікалаевіч зноў прамаўчаў, але падумаў мякка, ca шкадаваннем. «Работнік з галавой. Але прыйдзецца перамяшчаць — будзе ствараць праблемы».

— Трэба рэкамендацыя вучоных, Лявонцій Мікалаевіч, — «выкруціўся» сакратар абкома.

— Але, усё будзем рабіць паводле рэкамендацыі вучоных, — глыбакадумна згадзіўся Вярхоўны.

А Пыльчанка паводзіў сябе што разгарачаны стаеннік — не мог спыніцца:

— Прапаную іншы варыянт. Пакінуць ix там да зімы… бычкоў. Для эксперименту. Няхай вучоныя даследуюць, калі i ад якіх доз яны пачнуць дохнуць.

Лявонцій Мікалаевіч раптам як ператварыўся ў таго Дырэктара, які лічыў, што толькі яго думкi, вывады, рашэнні — адзіна правільныя. Сказаў жорстка, неаспрэчна:

— Яны пражывуць да сваёй бычынай старасці, калі ix карміць. Здохнуць з голаду. Зімой.

Так сказаў, што ў Пыльчанкі скавала язык: знікла жаданне развіваць свае «фантазіі», ды i канкрэтныя просьбы зменшыліся неяк самі сабою. I пачцівасці да начальства стала больш. У далейшай інспекцыйнай паездцы па раёне ён падабаўся Лявопцію, абласны лідэр хіба касавурыўся — не мог дараваць яму выдачы мясцовых пралікаў. A ў каго ix не бывае ў звычайных умовах? А тут экстрэмальныя.

Лявонцій Мікалаевіч сам здзівіўся: ніколі ён так не вагаўся ў вызначэнні лёсу работніка, звычайна сказаў — адрэзаў. А тут: зняць — не знімаць. Канчатковае рашэнне: «Няхай праявіць сябе ў гэтых умовах». Але праз паўгадзіны зноў узлаваўся. З’явілася патрэба спынідда. I Пыльчанка выбраў месца — каля самай шыльдачкі «На ўзбочыну не сходзіць». Яўна тыцкае носам у пагрозу, палохае, чортаў хітруган. Але ж за гэта не вымавіш, не прабярэш.

Памылі рукі ў вычышчаным да бляску туалеце, так ён вычышчаўся толькі год назад да прыезду чэшскай дэлегацыі. Стаялі ў рэстаране, на другім паверсе, каля акна. Лявонцію Мікалаевічу захацелася есці: снедаў вельмі рана. Быў задаволены сабой. Адвагай сваёй. Нават тым, што абедаць будзе вось тут, у агульным рэстаране. Пасмяецца з жонкі, з дачкі, з ix страхаў, з падхалімаў гаспадарнікаў. Няхай даведаюцца, што ён аддаў ix абед хворым. Няхай ведаюць, што ён не баязлівец i не скнара. Яшчэ раз у думках пахваліў Пыльчанку: яўна ён — аўтар маршрута паездкі. Безумоўна, увечары ў Гомелі ўсё адзенне i абутак прыйдзецца змяніць. Але гэта не яго i не жончына прыдумка — настойлівая парада дакгароў.

Разважліва, дэмакратычна гаварыў гаспадарам раёна:

— Падкінем вам некалькі мільёнаў. Будаўнічую арганізацыю. Ваенныя памогуць. Пачысціце, памыйце, памяняйце дахі, заасфальтуйце вуліцы. Добры шанц маеце зрабіць з гора да ляльку. Толькі не зявайце.

«Навошта? Дзеля каго?» — хацелася закрычаць Уладзімір Паўлавічу. Але… не здолеў, сапраўды, як скавала нешта. Слухаў пачціва, згаджаўся, пацвярджаў дробныя просьбы сакратара райкома.

А пасля абеду на нарадзе актыву зноў не вытрымаў — уступіў у канфлікт з «богам Саваофам». Дакладваў Сінякоў. Не сказаў i палавіны таго, што Лявонцій пачуў у машыне. I ён у прамове сваёй заключнай біў райкомаўца пачутымі ад Пыльчанкі аргументамі, безумоўна, у сваёй інтэрпрэтацыі. Здзіўляў i захапляў наіўных дасведчанасцю, эрудыраванасцю.

Сінякоў паскардзіўся, што многа людзей выязджае, асабліва з інтэлігенцыі.

Дырэктар лёгка параіў:

— Дэзерціраў, членаў партыі, з уліку не здымаць. Не падпарадкоўваюцца дысцыпліне — выключаць. Такія байцы нам не трэба!

Вось гэта i прымусіла Пыльчанку вылезці зноў i горача, амаль абурана аспрэчыць:

— А завошта выключаць, Лявонцій Мікалаевіч? Выязджаюць, як правіла, маладыя. У каго дзеці. Ратуюць дзяцей. Завошта выключаць?

Адказ быў суровы i абразлівы:

— Вам хочацца выехаць? Можам памагчы!

— Не… мне пакуль што не хочацца.

— Пакуль што… Захочацца — скажыце… вось Аляксею Раманавічу.

— У мяне сын на станцыі. I сёння там…

Пасля не мог зразумець, чаму выставіў такі нечаканы аргумент, i не мог дараваць сабе — усё роўна як спалохаўся!

У абарону яго кінулася рашучая Кацярына Панасаўна, таксама з дзіўным аргументам:

— A другі ваюе ў Афганістане!

«Ваяваў», — хацеў паправіць Уладзімір Паўлавіч i чамусьці не здолеў, вяла апусціўся ў крэсла. У сэрца ўдарыла тая трызога, якая часам сціскала тады, калі Барыс лятаў там. Раптам успомнілася папярэджанне Сінякова аб Плечкавай пагрозе напісаць у Барысаву часць. А ён не толькі не пагаварыў вунь з тым дурнем, што сядзіць у першым радзе i глядзіць у рот начальству, але i Вользе нічога не сказаў. Да трывогі дадалося пачуццё віны перад Вольгай. Перад сынамі. Перад людзьмі.

Усё іншае, што гаварылася на нарадзе, ён слухаў як з сапсаванага рэпрадуктара: чужыя галасы i яго ўнутраны шлас, які вяшчаў пра іншае, накладваліся адно на аднаго, ірваліся прыступамі душэўнага болю.

Праз тры дні вобласць прыслала калону грузавікоў — па бычкоў. Без папярэджання.

Уладзімір Паўлавіч сыпаў грамы i маланкі, памкнуўся паслаць Вадалею (інакш цяпер не называў рэспубліканскага кіраўніка) злую тэлеграму. Ды Сінякоў умаліў яго не рабіць гэтага, не ствараць праблемы. Ад стомленасці, ці што, у яго гэта нярэдка цяпер здаралася — успыхваў што порах i тут жа патухаў, ён i тут скіс. Пасля сам з сябе здзекаваўся: «Толькі ему роду нарабіў».

Адкормленыя бычкі паехалі на мясакамбінат. Але калі праз колькі дзён старшыня калгаса паскардзіўся, што за бычкоў заплацілі па чацвёртай катэгорыі — як за самую худую гавяду, Уладзіміра Паўлавіча апанаваў да непрыстойнасці істэрычны смех: — Памагаюць нам у бядзе! Памагаюць! Рабуюць пагарэльцаў! Во дабрадзеі!

Сінякову ажно страшна стала за старшыню. У самога нервы што струны, рабіў i баяўся, што восьвось лопне нейкая з нанятых струн. У Пыльчанкі пакуль што не самае горшае: мацюканне ці вось гэткі смех. А што будзе ў яго?

bottom of page