top of page

IV


Вярнуўшыся з Гомеля гадзіны ў тры ночы, Уладзімір Паўлавіч здзівіўся, што дом пусты, запіску на стале пад шклянкай знайшоў не адразу. Іншым была занята галава. Абураны, узбуджаны, стомлены, ён колькі хвілін то кідаўся па пакоі, то соваўся старэчай паходкай, то стаяў, утаропіўшыся ў буфет, забыўшыся, што хацеў знайсці там — выпіць, з’есці? Толькі халодны душ, узбадзёрыўшы фізічна, супакоіў душэўна. А можа, струмень моцных слоў, які ён выпусціў у адрас высокага кіраўніка, што праводзіў начную нараду. Дзеля чаго было гнаць людзей — i раённых i прыкамандзіраваных — за сотню, паўтары сотні вёрст, каб сказаць агульныя словы, нічога канкрэтнага, нічога такога, што хаця б прасвятліла агульную абстаноўку. Тое, што сказана, молена было перадаць па селектары. Сакрэты? Якія да д’ябла сакрэты, калі i сам гэты Лявонцій, падобна, ні д’ябла не ведае, ва ўсякім разе, не больш, чым яны, грэшныя. Але ўладу паказаў. I першым пад удар трапіў ён. Пыльчанка.

Да Лявонція дайшло, што аўтобусы з дзецьмі з ix раёна пайшлі без вады, i дзеці плакалі ад смагі i страху. Нехта капнуў з добрых суседзяў. Лявонцій праявіў кранальны клопат пра дзяцей, калі гаварыў, ажно вочы вільготныя сталі, i разнёс ix, раённых кіраўнікоў, за бяздушнасць i чэрствасць. Безумоўна, з тых, хто непаерэдна займаўся эвакуацыяй, варта зняць стружку. Але Пыльчанку не спадабаўся тон i выразы высокага кіраўніка. Ды i не гэта галоўнае! Не вада i не яда. Ад гэтага дзеці будуць цэлыя.

— Хто адказваў за вываз дзяцей?

Сінякоў не падняўся. Ён, прасцяк, узяў на сябе.

— Я.

— У вас дзеці ёсць? У вас унукі павінны быць! Сівы чалавек.

I ён не вытрымаў, ён выпаліў тое, што думаў увесь мінулы тыдзень:

— Дзяцей трэба было вывезці дваццаць сёмага — дваццаць восьмага! А мы цяпер вадой заліваем сваю бяздзейнасць.

Сур’ёзны папрок усім інстанцыям — ад Палітбюро да райкомаў, так гэта i зразумелі ўсе. I стаіліся. Бо перш-наперш яму, Лявонцію, не ў брыво, a ў вока. Такое яму даўно ніхто не адважваўся кідаць. О, як гэта яго ўзарвала! Твар не пачырванеў — пабурэў. Не, голас ён не павысіў, наадварот, панізіў ледзьве не да шэпту. Але які гэта быў грамавы шэпт! У слаба нервовых i палахлівых халадзелі спіны.

— ЦК i ўрад ведаюць, што рабіць! I не вам указваць! Ваша справа выконваць! А вы i гэтаму не навучыліся. Галава сівая, а розуму мала.

З двух бакоў, з аднаго Сінякоў, з другога — сакратар райкома з суседняга раёна, самага блізкага да станцыі, тузалі яго за калашыны, як хлапчука, ледзьве не сцягнулі штаны, — каб ён маўчаў, не выклікаў агонь на сябе, бо пад агонь гэты трапляюць усе яны. Ды i час… Хутчэй бы вярнуцца дадому, гадзіну-другую паспаць.

Пыльчанка змоўчаў. Але ўсё роўна на працягу двухгадзіннай нарады Лявонцій неаднойчы вяртаўся да яго, праўда, не так ужо злосна, паблажліва, нават як бы з прабачэннем, з напамінкам, што крытыка ўсім нам памагае працаваць лепш i што ў той сітуацыі, якая ўзнікла, трэба не толькі франтавая аператыў насць, але i вайсковая дысцыпліна.

Абстаноўку ў раёне дакладваў Сінякоў. Не вельмі дасведчана. Пыльчанка кіпеў i супраць свайго сакратара, але маўчаў. Сарваўся ў дарозе, у машыне. Выдаў такое ўсяму начальству — ад Масквы да Гомеля, — што Сінякову, які не вельмі верыў свайму шаферу, стала страшнавата. Павярнуўся з пярэдняга сядзення, узяў страшыню за штрыфель пінжака, шморгаў, разгублена i жаласліва прасіў:

— Уладзімір Паўлавіч… Уладзімір Паўлавіч, — маўляў, пашкадуй мяне, калі сябе не шкадуеш.

Замёрзлы ад халоднай вады, нацягнуў на голае цела світэр, але застаўся ў трусах, не трапілі на вочы шаравары. Выпіў каля буфета чарку гарэлкі — для сугрэву цела i душы. Калі ставіў хлебніцу на стол, убачыў запіску: «Мы паехалі да Глеба».

Не адразу сэнс слоў дайшоў да яго разгарачаных мазгоў, спачатку нават заспакоіўся — адышла трывога за начную адсутнасць жанчын. Не сумняваўся, што Вольга суправаджае Ірыну да яе бацькоў. Аднак жа ніколі не было, каб пакідала вось так дом без прыгляду, i гэта здзівіла i абурыла. Няўжо так прывязалася да Ірыны, што не можа i дня пражыць без яе? Само па сабе гэта добра, што свякроў i нявестка так паразумеліся, так пасябравалі. Вольга дзесяць гадоў бядуе, што не нарадзіла дачку. Набыла дачку — цешыцца.

Толькі калі адчыніў на кухні дзверцы халадзільніка, ударыла, што токам: яны паехалі да Глеба! I ён закрычаў на увесь апусцелы дом:

— Ды вы што? Адурэлі? Вар’яткі! Бязмозглыя дурніцы! Куды вы палезлі? Ну, я вам пакажу, хто ў доме камандзір! Я вас навучу дысцыпліне!

Але выпіў адну чарку — трохі супакоіўся. Заснуў.

Разбудзіў тэлефонны званок. Званіў Сінякоў.

— Толькі што паступіў загад выселіць людзей з трыццацікіламетровай зоны.

— З якой зоны?

— У радыусе ад станцыі… Трапляе чвэрць раёна, два дзесяткі вёсак. Да нас вылецела на верталёце абласное начальства.

Пыльчанка вылаяўся. Ca ўчарашняга дня як прарвала — хацелася «хрысціць» у бога i душу ўвесь свет, начальства, вучоных, сябе, блізкіх сваіх — баб дурных, якія невядома дзе блукаюць; не хапала яшчэ трывогі за ix!

— Яны што — учора не маглі сказаць? Паразумнелі за ноч? — i зноў вырвалася ўчарашняе абурэнне: — Больш у яго праблем не было, як вада. Які добранькі! Вадалей!

У кабінеце першага ўжо сабралася ўсё раённае кіраўніцтва. Па адным прыязджалі старшыні калгасаў i сельсаветаў, якія падлягалі эвакуацыі. Засядаў штаб. Выпрацоўвалі аперацыю. Спрачаліся. Крычалі, забываючыся на субардынацыю, на этыкет. Званілі ў вобласць, у Мінск. Што рабіць з жывёлай? Ніхто не даваў канкрэтных указанняў. Гнаць за сабой? У аднаго Целеша — дванаццаць тысяч бычкоў. Трымалi ix у хлявах гэтыя дні, набралі бэр нямнога, можна гнаць. A свіней? Калгасных. Прыватных. Вывозіць? Куды? На чым? Званілі на мясакамбінаты, паўночным суседзям: памажыце з транспартам. Добра, што збожжа мала засталося — пасеялі. A ці добра? Пасеялі. A ці прыйдзецца жаць?

Прыляцелі з абкома, аблвыканкома, начальнік абласной грамадзянскай абароны, вайскоўцы. На ix карце населеных пунктаў аказалася менш.

Пыльчанка высмеяў чырвоны круг, вьщарчаны цыркулем.

— Нукліды якраз жа леглі па цыркулі грамадзянскай абароны.

Ён на начной нарадзе бязлітасна крытыкаваў гэтую службу. Аднак амбіцыйны генерал чуў, як яго, Пыльчанку, таптаў партыйны маршал, i лічыў, што яго песенька спета, а таму ігнараваў выказванне гаспадара раёна, які лепш чым хто ведаў i людзей, i гаспадаркі, i радыяцыйную абстаноўку, i транспартныя магчымасці.

Спачатку Уладзімір Паўлавіч успыліў, потым махнуў рукой: няхай вырашаюць што хочуць — выконваць будзе ён. Няхай яго пасля судзяць за адступленне ад ix плана. Паперка для бытавой патрэбы — во што ix план, які яны сачыняюць з такімі сур’ёзнымі выглядамі.

— Вы дайце мне прыборы, каб я ведаў, якую жывёлу можна гнаць на мясакамбінат, а якую трэба закапваць у зоне.

— Як закапваць? — спалохаўся намеснік старшыні аблвыканкома. — Хто вам дасць права закапваць?

— Ты будзеш жраць гэтае мяса? — абласны кіраўнік да павышэння быў калегам, сябрам, сабутыл ьнікам Пыльчанкі, тады яны не выбіралі далікатных выразаў. I цяпер абразіла не грубасць падначаленага — жраць! — а першае ўсведамленне, што можа здарыцца, калі ён i яго сям’я з’ядуць кілбасы ці катлеты з забруджанага мяса; тады яшчэ ніхто з ix не веда ў механізма паражэння, тэорыю накаплення бэраў.

Простая, хоць трохі i грубая заўвага, а скаланула ўсіх. Ажно змоўклі, прытаіліся, i ўсе павярнуліся да міністра аховы здароўя, які начаваў у Гомелі i прыляцеў разам з дэлегацыяй на верталёце. Чакалі яго тлумачэнняў. Але тлумачэнні нікога не задаволілі. Галоўнае — ix нельга падшыць. Трэба інструкцыі. Зноў званілі ў Гомель, у Мінск, выбівалі інструкцыі, прыборы.

— Дзень канчаецца, стратэгі!

Не, ён быў немагчымы, Пыльчанка. Сінякоў стагнаў ад яго саркастычнасці, калючасці, задзірыстасці. Навошта ён заядаецца з усімі? З’явілася нечаканая думка: «Хоча, каб яго выгналі адгзтуль. Хітруган стары!» — i сакратар настроіўся супраць свайго старшыні, з якім разам атрымоўвалі i ўзнагароды, i «ўколы», з якім, спадзяваўся, разам будуць несці i гэты цяжкі крыж, хацеў несці толькі з ім, дзелавым, разумным.

Пазней за іншых з’явіўся Пустаход, бледны, разгублены, — ведаў прычыну.

Пыльчанка i свата тут жа загнаў у куток кабінета, у якім тоўпілася два дзесяткі чалавек.

— Ты знаеш, дзе Іра, дзе жонка мая?

— Паехалі… пайшлі да Глеба.

— Ад цябе?

— Хацелі плыць…

— Збіраліся пры табе?! Боўдзіла стары! Як ты мог адпусціць! — i гэта такім голасам, што ўсе пачулі, адарваліся ад гарачых планаў, зацікаўлена павярнуліся да ix. Хто знаў, што тыдзень назад яны стал i свата мі, тыя пасміхнуліся з вясёлай злараднасцю.

Распісалі, хто куды едзе. Пачалі разыходзіцца. Міністр ірваўся ў гарачую кропку — у сяло, з якога відаць станцыя. Можна пахваліць франтавую смеласць прафесара. Не тое што ўчарашнія маскоўскія вучоныя, якія вынырнулі на нарадзе ў абкоме i на якіх ва Уладзіміра Паўлавіча «гарэў зуб». Толькі нечаканы наскок Вадалея (так ён цяпер называў высокага кіраўніка), сутычка з ім перашкодзілі сцёбнуць па сталічных свяцілах. Пасля нарады яны ліслівілі перад ім i Сіняковым, абяцалі «шырокае навуковае забеспячэнне ліквідацыі вынікаў аварыі».

Але i на парыў міністра Пыльчанка адрэагаваў зусім нечакана:

— А вам што рабіць там? Няма работы ў міпі стэрстве? Вашых інструкцый чакае ўся рэспубліка.

«Сабачае жыццё, — пакрыўджана падумаў міністр. — З Мінска гоніць высокае начальства. З раёна — раённае. Сапраўды, боўтаемся… — i, не развітаўшыся, скіраваў узрадаванага вадзіцеля ў зваротны шлях; калега яго i спадарожнік — „творца культуры“, пакінуў яго яшчэ ўчора ў Гомелі, прысуседзіўся да некага са світы „Дырэктара“».

Калі ўсе разышліся, Сінякоў затрымаў Уладзіміра Паўлавіча. Яшчэ да свята ўзнікла неабходнасць непрыемнай размовы, але не стаў псаваць старэйшаму таварышу настрой, да i сабе таксама. Акрамя таго, спадзяваўся, што чарнобыльская падзея закрэсліць дробныя чалавечыя канфлікты. Але Плечка заяву не забіраў, наадварот (дайшло праз людзей), пагражаў, што будзе пісаць у абком. Але чаму Ciнякоў пагаварыць пра гэта выбраў такі момант? Несумяшчальныя падзеі. Разумеў, што Пыльчанка пры яго «заведзенасці» можа адказаць больш чым нетактоўна. Але Пятро Міхайлавіч у сваю чаргу завёўся супраць старшыні. За яго «выбрыкі» ў абкоме i тут, на гэтай адказнай нарадзе, дзе старшыня не мінаў нікога, ні чужых, ні сваіх, «кожнаму дзіцёнку выдаў па лапцёнку». Але найбольш яго, маладога, асцярожнага, абурыла думка-падазрэнне — з якой мэтай Пыльчанка гэта робіць. Нават клопат пра ягоных дзяцей — машыну сваю аддаў — Сінякоў тлумачыў зусім па-іншаму, без учарашняй удзячнасці. Чалавек ён быў не сапсаваны, але тое кола, у якім круціўся, паступова рабіла яго падазроным i падводзіла да непрыемнай думкі: i добрую справу людзі робяць з выгадай для сябе, без выгады ніхто нічога не робіць. Пыльчанка надумаў «навастрыць лыжы» — таму i праявіў такі кранальны клопат пра яго дзяцей.

Аднак адчуваў сябе сакратар няёмка, бо разумеў: не да месца размова, не да часу.

Стаялі пасярод кабінета. Вочы Сінякоў узнімаў не вышэй ніжняга гузіка Пыльчанкавай сіняй сарочкі.

— Прабачце, Уладзімір Паўлавіч… ёсць размова, узнікла яшчэ да Першага мая, але я не дазволіў сабе перад святам… Гэта наконт вашага вяселля. Плечка напісаў заяву на імя бюро райкома… Распісвае, што вы наладзілі грандыёзную п’янку… калі ўся краіна змагаецца…

— З чым?

— З п’янствам.

— Не смяшы!

— Я знаю вашу думку. Але вы знаеце, як да гэтага ставяцца там, — тыцкнуу пальцам у столь. — Мы таксама выключылі, вымовы запісалі. Зразумейце мае становішча. Уладзімір Паўлавіч… Справа не ў вяселлі. Плечку пабілі ў вас…

— Слаба.

— Уладзімір Паўлавіч!

— Пятро Міхайлавіч! Табе няма чаго рабіць? Табе трэба ехаць у Высокі Гай, прыняць людзей, якіх я прышлю. Прыняць Пустахода. Цэлы кал гас!

— Але заява…

— Схадзі ты з ёй… за дуб.

Сінякоў цяжка ўздыхнуў.

— Мне перадалі: ён пагражае перадаць у абком. I ў часць, дзе служыць ваш сын.

— Сукін сын ён, ваш Плечка! Ён шукае прычыну ўцячы з раёна. Подлы трус! Хай уцякае. А нам з табой трэба людзей ратаваць, а не глупствам займацца!

Сказаў гэта з такім запалам, з такім пачуццём адказнасці, што Сінякоў падумаў:

«Не, гэты нікуды не пабяжыць. Не той чалавек!» — i пранікся да яго павагай, прыязнасцю, як да вернага таварыша ў баі.

— Аднак на ліха нам такі канфлікт! Размова на ўсю вобласць. Пагаварыце вы з гэтым… свістуном. Па-бацькоўску. Угаварыце забраць заяву.

— Я? З Плечкам? Ды раней рак свісне ў тым рэактары!

Да Пустахода Уладзімір Паўлавіч паехаў з першым эталонам аўтобусаў. Спадзяваўся, што з ходу пагрузіць старых, школьнікаў у машыны i вывезе на поўнач раёна, за паўсотню кіламетраў. Праўда, на нарадзе ў райкоме ён пляснуў па абласным начальстве: не туды эвакуіруем людзей, з паўночных сельсаветаў паступалі трывожныя звесткі аб павышэнні фону. Але ніхто не даў пунктаў размяшчэння эвакуіраваных у далёкіх раёнах — некалькі вёсак у самым блізкім, суседнім. Усяго. Туды вывозілі найбліжэйшыя ад станцыі вёскі. Усім астатнім — манеўр у межах свайго раёна. Дало, нарэшце, начальства ініцыятыву: вы гаспадары, вы i плануйце — каго куды. Дзіўна, што ўсе, нават ён, Пыльчанка верылі: эвакуацыя ненадоўга; на станцыі i вакол тысячы вайскоўцаў вядуць дэзактывацыю, вайскоўцы пачалі прыбываць i ў суседні раён. На нарадзе ўсіх ашаламіў начальнік міліцыі Дунец, ён сказаў, цяжка ўздыхнуўшы: «Эвакуацыя навечна».

На яго замахалі рукамі: знайшоўся вялікі фізік!

Але ва Уладзіміра Паўлавіча словы Дунца заселі ў мазгах, што ржавы цвік. Ды гэтак жа, з другога боку, сядзеў разнос Вадалея. I ўвогуле раздражняла бесталковасць каманд, што паступалі зверху. А тут яшчэ Сінякоў з гэтым дурнем Плечкам. Знайшоў час! Ашчаджаў мяне на свята. Кранальна да слёз. «Пайшлі вы ўсе, дабрадзеі!» Настрой быў сабачы.

A прыехаў да Пустахода і… збялеў ад злосці. Дамаўляліся, што да прыходу аўтобусаў людзей з малых вёсак звязуць на калгасным транспарце на цэнтральную сядзібу, дзе ўсе будуць сабраны ў клуб, у кантору калгаса, у сельсавет. Мала што зроОлена. Але асабліва абурыла бяздзейнасць свата. Лепшы старшыня, якога любіў за розум, ініцыятыўнасць, ператварыўся ў старога разгубленага таптуна: нібыта нешта i рабіў, кідаўся ў розныя бакі, праўда, не сварыўся — прасіў, маліў, але ўсё гэта — што хада на замкнутым крузе ці таптанне на месцы.

— Ты чаму не сабраў людзей?

— Не хочуць.

— Што значыцца — не хочуць? Ды ты растлумачыў сітуацыю? Дзе твой актыў?

— Пытаюць: а жывёлу куды?

— Якую жывёлу? Ты пра каго думаеш — пра людзей ці пра свіней? Табе сказалі, куды жывёлу.

— Калгасную я эвакуірую. А людскую — куды?

Па дарозе сюды Пыльчанка з горкім болем бачыў, як гналі вялізныя статкі кароў, цялушак, бычкоў. Адзін такі статак узняў пыл на гравійцы, перагарадзіў дарогу машынам. Ён, Пыльчанка, крычаў на пагоншчыкаў:

— Па зелені… па зелені ганіце! Па жьггах! Па лугах! А не па дарозе!

— Дык шкада таварыш старшыня.

Шкада… А яму хіба не шкада? Сэрца крывёю абліваецца ад такой патравы i ад думкі, што заўтра гэты дойны статак не дасць малака. Ды i ці можна спажыць будзе гэтае малако? Куды ж дзяваць столькі кароў? Яшчэ не паспелі накарміць народ — i на табе! З болем думаў: «Сорак першы… Паўтараецца сорак першы… Што ж гэта за напасць на мой няшчасны народ?»

Сем гадоў яму было, а ён добра помніць, як праз сяло ix цягнуліся вось такія статкі жывёлы; ішлі то натоўпам, то па адной з цяжкімі клункамі за плячамі змораныя жанчыны, несучы, ведучы за рукі знясіленых дзяцей. Ішлі з Гомеля на Навазыбкаў, на Бранск, на Маскву, верачы, што толькі там ратунак, што толькі туды не дасягне вораг. А на якіх рубяжах спыніцца гэтая бяда? Учора ў абкоме нехта сказаў, што першымі засеклі павышэнне радыяцыі шведы. Жах!

Разумеў усю складанасць эвакуацыі лепш, чым тыя з абласных i сваіх мудрацоў, што ў райкоме так доўга планавалі яе. Але толькі тут, у Пустахода, зразумеў яшчэ адну асаблівасць незвычайнасці яе, зразумеў, калі прайшоў па хатах. Яна заключалася ў самім дні. Была перадвелікодная субота. Пасярод дня паліліся печы. Пякліся «пасхі», як тут называюць велікодныя калачы. Смажыліся кілбасы. Запякаліся кумпякі. Фарбавалі цыбульным шалупіннем яйкі. Гналі самагонку амаль адкрыта — у хатах, на гародах, самыя асцярожныя — у прырэчных кустах. Пах ла святам. I вялікай бядой, трывогай. У адной хаце старыя бабулі перад абразамі спявалі псалмы, зда лося, не велікодныя, не гімны ўваскрэсенню, а стаг нанне па распяцці. Душу разануў гэты спеў. Прыка ваў Уладзіміра Паўлавіча да вушака дзвярэй. Тыся ча спраў, клопатаў, а ён, камандуючы, стаяў i слухаў жаночае галашэнне. Не зварухнуўся i тады, калі жанчыны гэтыя пачалі здымаць са сцяны ікону багародзіцы, цалавалі яе i абгортвалі ручнікамі — паедуць з родных хат толькі з ёй, заступніцай выгнаных.

У наступнай хаце пераканаўся, як мяняюцца людзі ў незвычайных сітуацыях. Свацця, ціхая, пакорлі вая Мар’я Пятроўна, рабіла тое, што належала pa біць яе мужу i ўсяму актыву — калгасным гаварунам: спакойна i пераканаўча ўгаворвала людзей хутчэй сабрацца ў дарогу.

— Людцы добрыя, пра здароўечка дзяцей паду майце. Зараза гэтая нябачная, але страшная.

— Мар’ечка, дык пасачкі ж не спякліся. I кабанчыка не разабралі. Хоць сальца возьмем з сабой.

На гародзе смалілі парсюка. У суседзяў завішчаў i змоўк падсвінак — закалолі. I нязменнае пытанне, як у Пустахода:

— А куды жывёлу дзяваць, старшыня?

На нарадзе дамовіліся, што райспажыўсаюз мабілізуе грузавы транспарт i арганізуе закуп у насельніцтва, якое высяляюць, кароў, цялят, свіней. Абавязалі ўпраўляючага банкам выдаць грошы, каб разлічвацца наяўнымі, у такой сітуацыі не кожны паверыць дагаворам з любымі гербавымі пячаткамі. Але ніводнай нарыхтоўчай машыны не прыйшло. I людзей патрэбных не было, хоць упаўнаважаных з розных іншых арганізацый прыехала нямала. Што рабіць, напрыклад, сельгасхіміі? Дэзактывіраваць не ўмеюць, ды i сродкаў ніякіх не маюць. Сноўдаўся пад нагамі прадстаўнік абласнога аграпрама. Яго задача: зрабіць усё, каб не знізіліся надоі. Наказ маскоўскай трупы, якая ўчора ганебна ўцякла. Пыльчанка паслаў яго… Якія надоі! Заатэхнік? Суправаджай тры тысячы галоў буйной ра~ гатай у паўночныя калгасы. Пратупай паўсотні вёрст, паначуй у полі. Уцёк спецыяліст. Можна i не падначалінда — ён абласны.

Сваіх Пыльчанка пагнаў з аўтобусамі ў суседнія вёскі сабраць хутчэй людзей.

Кінуўся да тэлефона. Доўга шукаў па раёне Калошу, старшыню райспажыўсаюза. Знайшоў не ў паўднёвым — у паўночным «чыстым» калгасе. Абурыўся страшэнна i выдаў тыраду мацнейшую за начную, што выплеснулася ў машыне.

— Слухай ты, гандляр няшчасны! Калоша стаптаная. Дэзерцір! Трус! Ты што там робіш? На вайне я цябе расстраляў бы даўно. Калі праз гадзіну не прыедуць нарыхтоўшчыкі, заўтра на работу не выходзь. Дзе я! У Пустахода я!

I тут жа праз акно ўбачыў, што людзі, якія сабраліся ўжо ў клубе, чэрпаюць ваду з адкрытага калодзежа. I зноў загрымеў:

— Чакай! Не кладзі трубку! Вада ў цябе ёсць?

— Якая вада?

— Мінеральная.

— Выпілі за свята.

— Хто яе піў, брахун? У горадзе пляшкі нідзе не было! Паднімі сваіх гультаёў. Забяры ў рэстаране, у сталоўцы. I — сюды! Не, не сюды! Вывозь у Бабры, у дарожны буфет. Калона забярэ ваду там… па дарозе…

— З камфортам хочаш ехаць, Уладзімір Паўлавіч. Можа, гарэлачкі падкінуць, вінца?

Пыльчанка аслупянеў: Калоша, які згінаўся перад ім, праяўляе такое нахабства! Развал! Людзі выходзяць з-пад улады… гэта ён заўважыў па сваіх работниках, якія прыехалі, каб памагаць яму. A хіба сам ён не выйшаў з-пад улады, кал i кіраўніку на многа рангаў вышэйшаму адказаў учора яшчэ больш дзёрзка? Мімаволі паўтарыў яго i… атрымаў нлявок. Знайшоў праблему! Аднак ёсць праблема! Есць. I не ў тым яна, што дзеці плакалі, просячы вады. Хіба ў суседзяў, што прымалі дзяцей, не хапае вады? Праб лема во дзе, пра яе Вадалей не падумаў: людзі тыдзень п’юць з адкрытых калодзежаў! Той «усявышні» далека — у Мінску. А яны чаму не падумалі? Пустаход чаму не падумаў? Лепшы гаспадар! Пяць гадоў праводзяць водаправод. Абівалі ўсе парогі i старшыня калгаса, i ён, старшыня райвыканкома, малілі, прасілі, хабар падсоўвалі— дайце трубы! Дулю атрымалі.

Сцёбаў сябе, выплёскваў злосць на разгубленага свата.

— Мы з табой пра калодзежы гаварылі? Кал i да ўкраінцаў ездзілі?

— Не да калодзежаў было.

— А да чаго табе было? Не да дачкі, не да свацці. У пекла адпусціў…

— Уладзімір Паўлавіч, не раздзірай сэрца, яно I без таго абліваецца крывёю.

Разумеў, што абліваецца, таму адступіў, палагад-неў.

— На ферме — скважына?

— Скважына.

— Добрая вада?

— Сляза.

— Сляза салёная i горкая.

— Артэзіянекая вада.

— Дабрадзеі! Гуманісты! Пра бычкоў думал i. Пра людзей не падумалі. Накіруй машыну i напоўні малочныя бітоны. Людзі хоць i пасцяць, але ix смажыць. Пячэ i сонда i радыядыя…

— I эвакуацыя. Можа, найгорш.

— Думает, я не разумею. Ох, Іван, Іван! Сніў хоць хто з нас такую бяду?

I спахапіўся: навокал людзі, галоўным чынам жанчыны, бухгалтары, эканамісты, забіраюць касу, пакуюць архіў, кожиаму здаецца, што яго дакументы самыя важныя, што ў ix калгасныя сакрэты, а можа, i дзяржаўныя. Людзі глядзелі на яго, як на архангела, які мог пратрубіць любы заклік, павесці за сабой. Ён супакойваў ix, што эвакуацыя ненадоўга. Але без замераў, без вучоных i ваенных, толькі паназіраўшы тых жанчын, што здымалі ca сцяны багародзіцу, прыйшоў да вельмі сумнай думкі, што Дунец сказаў праўду: калі i не навечна, то на час, працягласць якога ніхто сёння не можа вызначыць. I ад гэтага, як i ў Пустахода, як, напэўна, i ў кожнага, сэрца аблівалася крывёю. У нейкі момант адчуў тую ж разгубленасць, што i ў свата, але разумеў, што яму паддавацца слабасці нельга. Трэба кіраваць эвакуацыяй. А гэта не так проста, як здавалася некаторым «стратэгам» на нарадзе ў райкоме.

Далажылі, што Азар Шуба наадрэз адмовіўся выязджаць. Пыльчанка ведаў гэтага чалавека. Пенсійнага ўзросту, але старым, дзедам ніхто яго не называў. Мацак. Лепты паляўнічы. Цясляр. Доўга рабіў лесніком. Цяпер вартуе кароўнік i канюшню. Здаралася, што разам палявалі, выпадкова неяк сустрэліся ў лесе і, здалося, спадабаліся адзін аднаму. Але кал i другім разам Уладзімір Паўлавіч хацеў узяць старога кансультантам для вялікай кампаніі «вяльможных мысліўцаў», Шуба адмовіўся, ды яшчэ (як перадаў неразумны пасланец) паслаў начальства ў далікатнае месца.

Разумеў, што Азара ніхто іншы не ўгаворыць, таму пайшоў сам.

Стары, мабыць, чакаў прыходу начальства, бо наўрад ці бачыў яго хто за жыццё ў такой паставе. Сядзеў на вуліцы перад хатай не на прызбе — у новенькім плеценым з лазы крэсле, у новай кашулі, але босы, з голай лысай галавой. Леў Талстой. Філосаф. Абыякавы да ўсіх мітрэнг свету.

«Артыст», — узлаваўся Пыльчанка.

— Лысіну накрый.

— А навошта?

— Нукліды сядуць.

— А што гэта за храновіна?

— Нябачныя часціны, што вылецелі з атамнага рэактара i гоняць адгэтуль людзей.

— Як ты назваў? Нукліды? Прыгожа.

— Прыгожа, каб не было так сумна.

— Перажывем, Паўлавіч.

— Перажывем, канешне. Але даўно народ сказаў: беражонага бог беражэ. Трэба ехаць.

— Я не паеду.

— Азар Філімонавіч, не рабі спектакля. Хапае ў нас клопатаў без цябе. Я адказваю за людзей.

— Мяне выкраслі ca свайго спісачка. Я сам па сабе.

— Слухай! Сказаў бы я табе, каб на паляванні. А тут пасада мая не дазваляе.

— Кажы. Людзей няма.

— Што ты хочаш даказаць тым, што застанешся?

— Нічога. Бачыў я, Паўлавіч, смерць на вайне, у лесе, у вадзе, у агні, у мяккай пасцелі. Хачу i на гэтую паглядзець — ад атама. Якая яна? Смерці розныя…

— Як ты паглядзіш? На каго?

— На сябе.

— I што ты ўбачыш? Нічога ты не ўбачыш. Нажывеш рак крыві, рак печані i прыпаўзеш да людзей, калі здолееш. Скуголіць будзеш, як пёс. Ды позна.

— Скуголіць я не буду.

— Ды каму гэта трэба?

— Навуцы.

— Ха! Ашчаслівіш навуку! Ёй толькі i не хапала тваёй задубелай скуры i прапітых шлункаў. Жыццё трэба аддаваць з карысцю для людзей. Як тыя пажарнікі. Чуў?

— Я блакнот у канторы ўзяў. Запісваць буду.

— Скажы, калі ласка, які прафесар! Збірайся. У мяне няма часу палітграмату табе чытаць.

— Не паеду!

— Слухай! Міліцыю паклікаць? Ёсць яна тут.

— Кліч. А што мне міліцыя зробіць? Вывезе ў Высокі Гай ці Прысяддзе? А я заўтра вярнуся. Разорыцца міліцыя вазіць мяне кожны дзень.

Пыльчанка мацюкнуўся.

— Во гэта мужчынскі разгавор.

— Павер, шкадую, што не магу… не да цябе, а то я наладзіў бы спектакль лепшы, чым ты наладжваеш. Што ты выставіўся? Публікі ж няма. Уся ўжо ў клубе.

— Ды не, во ідуць.

Па апусцелай вуліцы ішлі дзве бабулі ў даўніх палескіх строях — у клятчастых андараках, у квяцістых хустках, з вузялкамі з белых хусцін, у выпукласцях якіх, акрамя мяккіх рэчаў, вырысоўваліся велікодныя калачы, яйкі. Ішлі яны павольна, здавалася, свабодныя ад усіх турбот свету гэтага; адна моцна кульгала, абапіраючыся на кіёк.

У Пыльчанкі ад гэтага шэсця перахапіла дыхание i горка-салёны клубок падкаціўся да горла.

Бабулі ішлі па другім баку вуліцы. Але пакланіліся, моўчкі, паважна. Каму? Шубе? Яму, начальнику?

Азар Філімонавіч падняўся з крэсла, пакланіўся ў адказ. I ён, Пыльчанка, пакланіўся.

Пажартаваў Шуба ціха, нявесела:

— Дарэмна ад’язджаюць. Такія нявесты! Весялей было б паміраць.

Пыльчанка ўзлаваўся на старога блазена яшчэ больш. Аднак стрымаўся. Толькі сказаў строга, афіцыйна, па-начальніцку загадна:

— Лысіну накрый! Абуйся! Па лесе не бадзяйся. Вады з ракі, з раўчакоў не пі, ды i з адкрытых калодзежаў. Ёсць жа ў суседзяў закрытыя… калонкі. Імі карыстайся. Шчаўя i смарчкоў не збірай. Есці можна толькі тое, што стаяла ў кублах, у пограбе. Смерці не бойся.

— А я i не баюся.

— Пры такіх дозах у Хірасіме дагэтуль жывуць.

— Дык на храна ж ты высяляеш нас?

— Сказаў: беражонага… Японцы лячыць умеюць.

— Маць ix за нагу, японцаў тых, усё яны ўмеюць. А нашы? Твая нявестка… Пустаходава… не ўмее? Гаўно, значыцца, нашы лекары.

Нагадаў пра Ірыну i — ударыла ў сэрца, дзе яны? Ніхто не ведае поўнага набору яго трывог!

— Будзь здаровы, Азар Філімонавіч. Пасядзі. Падумай. Я прыеду па цябе.

— Не турбуйся, Паўлавіч. Трэба будзе — сам прыйду. Пакуль ногі носяць. Да Берліна дайшоў.

Без слёз эвакуіраваных, з трагічным маўчаннем, што горш за слёзы, праводзілі першую партыю аўтобусаў — жыхароў суседняй вёскі, надпрыпяцкай. Людзі гэтыя заўсёды жылі адасоблена, бо большасць старых i сталых былі баптыстамі; вясёлыя бязбожныя палешукі не любілі гэтых святых. Можа, таму мала хто выйшаў з клуба, з канторы следам за імі.

A пайшлі поўныя аўтобусы, на ix месца падалі пустыя — i натоўп высыпаў на вуліцу. Не, заняць месца ў аўтобусах не спяшаліся. Першыя выйшлі старыя, разгарнулі багародзіцу i запелі малітву. Вось табе i бязбожныя! Малодшыя стаялі за агароджай канторскага двара, як бы адмежаваліся, але стаялі моўчкі, слухалі паважліва, журботна. Не ў старых, што маліліся, a менавіта ў маладых, у жанчын асабліва, вочы набрынялі слязамі. Ды i ў Пыльчаша зноў жа салёны камяк падкаціўся да горла i ажно душыў. I Пустаход выцер вочы рукавом.

Садзілася сонца. Завалаквалася нейкай імжой i ад гэтага рабілася жоўтым. З ракі пацягнула вільгаццю.

«Адтуль цягне», — падумаў Пыльчанка. Пэўна, i Пустаход думаў пра гэта, бо нечакана, упершыню за час гэтых незвычайных збораў, выказаў ініцыятыву:

— Даю каманду, Паўлавіч!

— Усе сабраліся?

— Хіба падлічыш? Некаторыя паехалі ў госці. Да сыноў. Да зяцёў. Свята. Трэба ў Гомелі, у Мазыры, ды i ў нас па радыё перадаць, куды ім вяртацца, дзе шукаць сваіх. Ох, бог мой!

Пыльчанка запісаў гэтую слушную думку ў блакнот.

— Цярэшка Шкот, чортаў шкод, яўна браканьерствуе, нідзе не знайшлі.

— Гэта дрэнна.

— Дрэнна. Хлопец з ім, Якуціхін. Рыхтуе сабе, зладзюга, змену.

— Заўтра прыедзеш i ўсіх падбярэш. I Шубу.

— Тых забяру. А Шубу не падніму.

— Слабы ты старшыня.

— А хто выдумаў, што я дужы? Вы ж i выдумалі.

— Не апускай рукі, Іван!

— Самі апускаюцца.

Падышла Паша, дачка Пустахода, сказала вельмі коратка:

— Бацька, Ліза…

Што з Лізай — ніхто пэўна не здагадаўся. I Пыльчанка таксама. Але ён даўно заўважыў, што самую ціхую нешматслоўную дачку сваю бацькі разумелі з паўслова. I тут Пустаход адразу ахнуў:

— Ах, бог мой! — i пайшоў да сваёй сядзібы.

Хапала ў Пыльчанкі спраў, вось-вось трэба грузіць асноўную масу сяльчан у аўтобусы, a аўтобусаў яўна не хапае, трэба званіць Сінякову, які застаўся галоўным каардынатарам, i прасіць… Прасіць? Не, сёння ён самога пана бога, якому моляцца жанчыны, не стане прасіць. Сёння любому, хто не падаў аўтобусы, не прыслаў нарыхтоўшчыкаў, не прывёз мінеральную ваду, настойку ёду, ён можа сказаць толькі такія словы, якія толькі што сказаў старшыні райспажыўсаюза, — гарачыя, радыеактыўныя, як сама атмасфера. Любому: Сінякову, Аляксею, Вадалею… Аднак не вытрымаў, каб не пайсці за сватам: устрывожыла i яго — што з Лізай?

Ліза ляжала на ўсходцах ганка, раскінуўшы рукі на ўсю яго шырыню, i як расплылася на ім: мажная жанчына здалася худой i плоскай. Можа, таму, што i ў галаве яе, i па баках, i ў нагах горамі ўзвышаліся вузлы дабра. Над ёй бездапаможна стаялі маці i муж. Галаву не падняла, але, мабыць, пачула, што падышоў бацька.

Загаласіла:

— Ай, хатачка мая, ай, родная! A колькі ж я ў цябе ўклала сілачкі! А каму ж я цябе пакіну? Сіраціначка ты мая! Згінеш ты без мяне… Спаляць цябе людзі злыя…

Іван Іванавіч разгублена i жаласліва папрасіў:

— Ліза, супакойся… Не адны мы… усе пакідаюць…

А Пыльчанку апанавала злосць, магчыма, што прычынай яе сталі гэтыя тоўстыя клункі, бо падумаў: «Во на што ішла яе праца!»

Сказаў з уедлівым сарказмам:

— Слухай! Шкада, часу няма, а то я расказаў бы табе, колькі з дня аварыібачыў спектакляў… трагедый, камедый. A ў цябе… хіба гэта спектакль? Фарс. Во Шуба толькі што іграў… Качалаў! А галоўнае: праўдзіва, паверыў я…

Ліза крута павярнулася, села на ўсходцах, запусціла пальцы ў косы, разбурыла куксу, валасы пасыпаліся на плечы, на твар.

Уладзімір Паўлавіч скалануўся. Не, не фарс гэта — трагедыя: у жанчыны страшныя вочы, непрытомныя, несвядомыя. Такіх вачэй ён не бачыў. Бачыў страх. Але гэта не страх ці не проста страх, тут такое пачуццё, якому, напэўна, няма вызначэння i ў псіхіятраў. А самае дзіўнае, што людзі, якія былі моцнымі ў рабоце, у бядзе паказваюць сябе слабымі.

— Не магу я жыць без яе! Не хачу! Спалю! Лепш спалю! — закрычала Ліза. — Мне лягчэй будзе…

— Запалкі даць? — але тут жа сцяміў, што не да месца тут яго іронія, так гаварыць можна было з Шубай, i ўзлаваўся ўжо не толькі на Лізу — на сябе, на Пустахода, на ўвесь свет, сарваўся на крык: — Дурніца! Спаліць яна! Праз тыдзень-два вернешся… Ты думаеш, жыццё канчаецца? Дэзактывацыю правядзём — будзем жыць!

Але страшнае было ў тым, што ’Уладзімір Паўлавіч не верыў у свае пераконанні, мазгі, што дзяцел дрэва, дзяўбло кароткае слова: «Навечна». Здаралася, што яму прыходзілася гаварыць людзям словы, у якія сам не верыў, але там было зусім іншае, там сказаў — i забыўся, ці зрабіў інакш, не па словах, ды i людзі часцей за ўсё білі не па яго словах. А тут што скажаш? Ад таго, што мусіш гаварыць суцяшальную няпраўду, пячэ цябе злосць, i няма ёй выйсця ні ў лаянцы, ні ў ласкавасці. Так i кідаешся з адной крайнасці ў другую. Сказаў ласкава:

— Паехалі, Лізавета Іванаўна. Бліжэй будзеш да сыноў.

Тады Ліза зноў упала на ганак, моўчкі ўжо — як цалавала нядаўна пафарбаваную падлогу.

Марыя Пятроўна i Віктар паднялі яе, як паднімаюць асірацелую маці ці ўдаву з магілы. Ліза не супраціўлялася, паслухмяна села ў «Жыгулі» i была зусім абыякавая да клункаў, якія Віктар засоўваў V багажнік, валіў у прычэп уласнай канстукцыі.

Віктар у сё рабіў весела i любіў падарожжа. I верыў, што едуць ненадоўга. Адзін ён верыў.

Пыльчанка адышоў — няхай збіраецца сям’я. Але невядомая сіла — зморанасць ці, можа, прыгажосць — кіпела над галавой буйной квеценню груша — спыніла яго. Стаяў, пакуль «Жыгулі» не крануліся, не выехалі праз асобыя, Лізіны «вароты ў крэпасці» па мастку цераз раўчук на палявую дарогу, узнялі там шлейф залатога пылу. Небяспечнага. Пыл стаяў i ўдалечыні — пагналі статак.

Устрывожыліся ў шпакоўнях на грушы шпачаняты. «Вас забраць я не магу», — павініўся Уладзімір Паўлавіч перад птушкамі.

Падышоў змрочны Пустаход.

— Пайшлі, Іван, узначалім шэсце… велікоднае.
 

bottom of page